Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньСоциумКультураНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш крайНовости МостовщиныЧто? Где? Когда?

Цеплыня беларускага слова. Бібліяграфічны агляд

Цеплыня беларускага слова. Бібліяграфічны агляд24 февраля 2024 — 17:00

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЕСКА.

Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях. Былі часы росквіту і заняпаду. Былі нават такія пярыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды, прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнана як роўная сярод іншых моў свету.

Сёння родная мова моцная, распаўсюджаная, абароненая заканадаўствам. Прыемна чуць беларускую мову – мілагучную, павольную, чароўную. Чытаць сучасную беларускую літаратуру трэба. Яна прадстаўлена пісьменнікамі розных пакаленняў і рознай творчай манерай. Прапаную некалькі зборнікаў, якія можна знайсці на паліцах ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”.

Міхась Пазнякоў, пісьменнік, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі і многіх іншых рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных прэмій, напісаў кнігу “Голас”. Яна выйшла ў 2023 годзе, куды ўвайшлі аповесці, апавяданні, абразкі, эсэ. Магістральнай тэмай выдання з’яўляецца тэма Радзімы, чалавечай годнасці, мужнасці, адданасці добрай справе. У аснову большасці твораў пакладзены аўтабіяграфічны матэрыял, жыццё блізкіх людзей, незабыўныя сустрэчы на жыццёвых дарогах. Напрыклад, апавяданне пра першую настаўніцу Розу Сямёнаўну, якая прапанавала вучням на сваіх ўроках пісаць вершы. Эсэ пазнаёмяць з творчасцю Максіма Багдановіча, Яўгеніі Янішчыц, Уладзіміра Гніламёдава.

Алена Басікірская ў кнізе “Мая зямля – яна мая да скону” прапануе вершы і паэмы пра радзіму. Малая радзіма аўтара – Міёршчына. Асобную нізку складае інтымная лірыка. У кнігу ўключаны пераклады на беларускую мову твораў А. Пушкіна, М. Лерманава, С. Ясеніна, А. Хаяма і іншых класікаў, паэма, якая друкуецца ўпершыню.

Мова мая дарагая,

Шчырая сяброўка мая!

Кветкаю ты расцвітаеш,

Разам з табою і я.

Такімі радкамі разважае аўтар пра беларускую мову. Верш змешчаны ў раздзеле “Мая радзіма, ты за ўсіх мілей”.

Тэматыка вершаў кнігі “На зветраных шляхах” Алеся Башлакова, выдадзенай у 2020 годзе, разнастайная. Гэта паэт шырокага тэматычнага дыяпазону і шматколернай настраёвай танальнасці. Побач з лірычнымі пейзажна-акварэльнымі радкамі гучыць эпічная, грамадзянска-патрыятычная паэзія, пранізаная трывожным роздумам і горкім несціханым болем за лёс Айчыны і народа, за лёс роднай мовы і мастацкага паэтычнага слова. У кнігу ўвайшлі вершы, напісаныя з 2017 па 2019 год.

“Без сумлення няма паэта” – нязменнае творчае і жыццёвае крэда Міхася Башлакова.

…Ляшчына. Рабіна.

І кроны дубоў.

Мая тут Айчына.

Мая тут любоў…

Кароткія словы. Кароткі верш… А сэнс шматслоўны. Так проста перадаць любоў да сваёй Радзімы. Алесь Башлакоў з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Навум Гальпяровіч – вядомы журналіст, паэт, пісьменнік. З’яўляецца намеснікам дырэктара – загадчыкам аддзела музычных і літаратурна-мастацкіх праграм дырэкцыі канала “Культура” Беларускага радыё Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1990 года. Кніга пад назвай “Горад” выйшла ў 2023 годзе. Уключае ў сабе апавяданні, аповесці.

Родны горад для пісьменніка – увасабленне яго мар і сноў, яго жыццёвай паэзіі, яго творчага шляху. Полацк прадстае перад чытачом як высокі, светлы вобраз, як выток і працяг новых дарог, памкненняў і здабыткаў. У кнігу, акрамя дзвюх аповесцей, увайшлі таксама апавяданні, прасякнутыя шчырасцю і спавядальнасцю, роздумам пра мінулае і сённяшні дзень. Калі чытаеш радкі кнігі, адчуваеш цеплыню. Кніга супакойвае, зачароўвае і нясе на вуліцы Полацка. Здаецца, што чытач сам крочыць па вуліцах горада і размаўляе з героямі.

Зборнік Алены Стэльмах пад назвай “Слова за словам”  публіцыстычны. Яго нельга не заўважыць. Багатая палітра жанраў дазваляе рознабакова і шырока прадставіць свет літаратуры. Сюды ўвайшлі нарысы, інтэрв’ю, водгукі, эсэ і рэцэнзіі. Вас цікавіць сучасная беларуская літаратура? І вы, як чытач, разгубіліся, што чытаць? Пазнаёмцеся з рэцэнзіямі на кнігу Міхася Башлакова “На зветраных шляхах”, Тамары Краснова-Гусачэнка “Будзем жыць”, Уладзіміра Саламахі “Калі ўпадзе адзін…” і іншых пісьменнікаў. Цікавыя сустрэчы з пісьменнікамі Казахстана, успаміны пра Пінскі край знакамітага беларуса, паэта, этнографа Адольфа Янушкевіча зможаце знайсці ў кнізе. Алена Стэльмах – першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, пісьменніца, цікавы субяседнік, неардынарная асоба. Так і кнігі Алены Стэльмах нібы суразмоўцы паміж чытачом і аўтарам. Тут ёсць погляд аўтара, яго самаадзнака творчасці ці цікавае падарожжа, напрыклад, пра маленькі прыпынак г. п. Негарэлае. На першай старонцы застаўся аўтограф аўтара. “Дарагі чытач! Любі, шануй роднае слова”. Аўтар. 14.09.2023 года. 

Паважаны чытач, будзь разам з тымі, хто думае пра будучыню. Размаўляй па-беларуску і не саромейся недасканалай гаворкі. Шануй сваю мову, шануй свае песні, казкі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб.

Ірына КАВАЛЕЎСКАЯ,    

бібліёграф ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио