Радасць Міколы была бязмежнай. Сёння са сталіцы прыязджае старэйшы сын Віктар са сваёй нявестай, яе братам і бацькамі. Так доўга чакалі яго, але надта заняты быў, часу ўсё не хапала. А тут вось раптам патэлефанаваў, папярэдзіў, што праз два дні збіраецца ехаць, ды яшчэ і з сям’ёй нявесты, якую яны ўбачаць упершыню.
Жонка Ніна ўчора добра паклапацілася з пачастункамі, паспела да бляску вычысціць хату. Але ж гэтым асабліва не здзівіш гарадскіх гасцей, у іх там у сталіцы ўсялякіх прысмакаў хапае. А Міколу надта хацелася парадаваць будучых родзічаў. Толькі як? Рашэнне прыйшло хутка. Канешне, сапраўднай рускай лазняй! Мікола добра ведаў, што ў яго, руплівага гаспадара з залатымі рукамі, была лепшая лазня ў вёсцы – гонар яго сям’і і прадмет зайздрасці суседзяў.
“А што яны, жыхары мінскіх вулляў-шматпавярховак, нічога ж, акрамя сваіх цесных ваннаў і душаў, не бачылі болей, - разважаў Мікола. – Не, то не мыццё. Гэта ж колькі гразі на іх за ўсё жыццё нарасло! Вось я ім і пакажу, што такое сапраўдная чысціня цела і духа!” Нарэшце доўгачаканыя госці прыехалі. Мікола з Нінай пасадзілі іх за вялікі стол, перапоўнены смачнымі сялянскімі стравамі, выцягнулі са склепа дамашняе віно з вінаграду, што бераглі для асаблівага выпадку. Толькі размова ўсё неяк не ладзілася.
Складана было дагадзіць новаспечаным сватам. Сынава нявеста з сумам паглядала на стравы, не ведаючы, чым паласавацца. У яе, як аказалася, нейкая модная дыета, таму яна ні ў якім разе не можа есці тлустую вясковую ежу. Не ведаў Мікола, для чаго тая дыета, але тут жа ўспомніў і расказаў пра суседаву казу Мусю, худую, як стары Язэпаў штыкетнік. “Пэўна, суседава каза таксама на дыеце”, – смяяўся Мікола. Не надта задаволенай выглядала і маці дзяўчыны. “Ну як жа я без спецыяльнага нажа змагу разрэзаць і з’есці гэтае тугое мяса, ды і кавалкі занадта вялікія”. І тут Мікола вырашыў прадэманстраваць сваё добрае пачуццё гумару. “Дык ты, даражэнькая, паспрабуй яго сваімі пазногцямі разадраць. Вунь яны ў цябе якія вост-рыя і доўгія”. “Вы што! Гэта ж манікюр! Мне толькі ўчора пазногці ў салоне нарасцілі!” - збянтэжылася сваха, не зразумеўшы такога ўдалага, як палічыў Мікола, жарту.
Толькі сват з сынам сядзелі моўчкі і з задавальненнем упляталі ўсе стравы, што прыгатавала старанная гаспадыня. Ды бедалага жаніх, як мог, імкнуўся “наладзіць кантакт” паміж бацькамі. Але нічога асабліва не атрымоўвалася. І тут Мікола вырашыў, што настаў час добрага пару, толькі ён дапаможа будучым родзічам па-сапраўднаму расслабіцца і забыцца пра свой горад, куды яны ўжо парываліся вяртацца.
Напаліў лазню, не шкадуючы дроваў, выбраў самыя лепшыя бярозавыя венікі, дабавіўшы ў іх па некалькі галін зверабою і свежага ядлаўцу. “Усё як для паноў, нават лепей!” – задаволена канстатаваў Мікола, адпраўляючы сваіх візіцёраў паспытаць найвялікшае задавальненне, якога яны яшчэ не адчувалі. А сам з Віцем і жонкай застаўся ў хаце, каб дапамагчы прыбраць са стала і падрыхтаваць для шаноўных гасцей ложкі.Закіпеў чайнік, Ніна заліла кіпенем нарыхтаваныя мужам зёлкі. З гліняных кубачкаў па пакоі адразу разышоўся дурманлівы пах мяты і чабору. “Пасля лазні і травяной гарбаты будуць госцейкі спаць як анёлкі!” – цешылася гаспадыня.
Тут у сенях пачуліся мітуслівыя крокі, дзверы адчыніліся – і ў хату ўвайшлі расчырванелыя парыльшчыкі. Мікола падхапіўся насустрач сватам, ён першы хацеў павіншаваць іх з лёгкім парам, але не паспеў нават адкрыць рот, бо ў гэтую ж хвіліну яго раззявіла сваха. “І што ж гэта вы з намі нарабілі! Няхай ваша лазня праваліцца да чорта! Каб яшчэ хоць раз мы ў яе зайшлі! – енчыла жанчына. – У нас на гэты ваш “ачышчальны” пар алергія па целу пайшла, вось паглядзіце, па ўсёй скуры чырвоныя плямы што ў мяне, тое ў мужа і дзяцей!”. “А як я заўтра на вечарыну з сяброўкамі пайду ў такім выглядзе?! - ледзь не плакала нявестка. - Мяне ж так хутка ніводзін касметолаг не выратуе!” Толькі мужчыны стаялі каля сваіх жанчын моўчкі і сціпла паціскалі плячыма.
“Нічога не разумею. Як так здарылася? – не мог уцяміць Мікола. - Яшчэ ні з кім такога не было. Можа, гэта вашыя дарагія крэмы так з цела палезлі? Што вы думаеце, яны ж усе - хімія. А пар якраз выводзіць з арганізма ўсялякую гадасць. Напэўна, у гэтым і прычына”, – выказаў ён здагадку .
“Усё! З нас хопіць! Едзем дадому, а то, не дай Божа, тут з намі яшчэ што-небудзь здарыцца”, – раздражнілася сваха і пабегла збіраць рэчы. Ніна з Віцем кінуліся да гасцей, не ведаючы як прасіць прабачэння і ўгаварыць іх застацца. Толькі сваха з дачкой іх і слухаць не хацелі, пакуючы свае клункі. “Нічога не зробіш. Не пашанцавала, пэўна”, – разгублена вымавіў сват і пайшоў з сынам рыхтаваць да ад’езду машыну. На Віцьку не было твару, не думаў ён, што ўсё так атрымаецца.
Калі рэчы былі сабраны і загружаны ў багажнік, госці суха падзякавалі гаспадарам за “цёплы прыём” і па-спяшаліся ў дарогу. Віця вырашыў адправіцца разам з імі, паабяцаўшы бацькам прыехаць калі-небудь у іншы раз.Мікола і Ніна засталіся адны. “Хацелі, як лепей”, – ціха сказаў гаспадар, апусціўшы галаву. “Ну што цяпер зменіш? Ужо нічога. Ідзі лазню прыбяры, ды спаць пойдзем”, – параіла жонка. Мікола ўзяў шчотку з шуфлікам і накіраваўся да лазні. І толькі паспеў гаспадар пераступіць парог, як раптам замёр на месцы. Некалькі хвілін – і ён ужо не мог стрымаць слёз, якія ад смеху градам сыпанулі з вачэй. “Ніна, хутчэй бяжы сюды!” – паклікаў жонку. Жанчына падбегла – і яны разам пачалі рагатаць. На падлозе ў парылцы, па ўсяму прылазніку было раскідана сухое бярозавае лісце, галіны ядлаўцу і зверабою. Ад пышных венікаў засталіся толькі худыя, амаль што голыя дубцы.
“Вось дурненькія, - зразумеў усё Мікола, - яны не здагадаліся, што венікі трэба замочваць у вадзе! Так і лупцаваліся сухімі, пакуль з іх уся лістота не абляцела. Як яшчэ не забілі адзін аднаго гэтымі дубцамі?!”
Вечар надзіва змяніў свой пануры настрой, нягледзячы на няўдалае знаёмства Міколы з яго новай раднёй. “Э-эх, што з іх возьмеш, з гэтых гарадскіх. Цёмныя людзі! Але нічога, усё паправім. Толькі трэба быць уважлівей у наступны раз, калі яны прыедуць, - разважаў сам з сабой Мікола. – Цяпер спаць пара, як гаворыцца, ранак за вечар мудрэйшы. А заўтра што-небудь новае прыдумаю, чым здзівіць сваіх сватоў. Я ж на гэта мастак!”
А. КАНДРАТОВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад