Школа ... якое прыгожае, ёмістае слова. Як яно трывожыць сэрца. Колькі шчаслівых падзей захоўвае ў сваёй памяці.
Вечар сустрэчы выпускнікоў – гэта радаснае свята з адценнем настальгіі. Былыя школьнікі спяшаюцца ў школу, каб сустрэцца з настаўнікамі і аднакласнікамі. Школьныя экзамены даўно забытыя, у некаторых уласныя дзеці ўжо паспелі атрымаць не толькі атэстат, але і дыпломы каледжаў або ВНУ.
Вечар сустрэчы заўсёды доўгачаканы і хвалюючы для выпускнікоў і настаўнікаў школы. Па традыцыі ў першую суботу лютага ДУА “Рагозніцкая сярэдняя школа” сардэчна сустракае гасцей. Заўсёды душэўна, па-сямейнаму цёпла праходзіць гэтае мерапрыемства. І субота, 3 лютага 2024 года, не стала выключэннем.
Школа сабрала ў сваіх сценах выпускнікоў розных гадоў і розных пакаленняў, але ўсіх іх аб’ядноўвала адно – любоў да роднай школы і павага да настаўнікаў. Актавая зала школы поўнілася радаснымі ўсмешкамі. Героямі дня сталі, вядома ж, юбілейныя выпускі. Мы рады былі вітаць у нашай установе адукацыі былую выпускніцу Рагозніцкай сярэдняй школы, а цяпер Старшыню Мастоўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Рагацэвіч Алену Віктараўну.
І, як бы сумна ні было пра гэта казаць, з часам мы губляем ... мы губляем сваіх настаўнікаў... Прэзентацыя “На жаль, час няўмольны…Вы назаўжды ў памяці нашай” дазволіла навучэнцам мінулых гадоў “убачыцца” з тымі, хто не толькі даваў веды, але і дарыў цяпло сваёй душы.
Установа адукацыі шчыра адгукнулася сардэчным прыёмам і цікавай праграмай. Сённяшнія навучэнцы спявалі песні, падрыхтавалі гумарыстычную сцэнку, а выпускнікі ўспомнілі ўрокі геаграфіі, рускай мовы і літаратуры, гісторыі, музыкі і фізкультуры. Акунуцца ў мінулае, успомніць строгіх і адначасова добрых настаўнікаў, убачыць сябе яшчэ першакласнікамі дапамаглі старыя фота на экране ў школьным альбоме. Успаміны і эмоцыі проста зашкальвалі. Усё прайшло бездакорна і, галоўнае, на цёплай, сяброўскай ноце.
Але ўсё калі-небудзь, як бы гэтага ні хацелася, канчаецца. Сустрэча была добрай і шчырай. Столькі ўсмешак, радасці, пажаданняў, шчасця. Столькі эмоцый у словах песні “Через годы, через расстояния
На любой дороге, в стороне любой
Школе ты не скажешь “До свидания”,
Школа не прощается с тобой”, якую спявалі ад душы ўсе прысутныя ў зале.
Наша школа ганарыцца сваімі выпускнікамі. Гледзячы на іх, настаўнікі разумеюць, што іх праца не марная, што на змену растуць адукаваныя спецыялісты, клапатлівыя бацькі, а самае галоўнае – добрыя і ўдзячныя людзі, якія заўсёды спяшаюцца на вечар школьных сяброў. Хай усе, хто пакідае школу, носяць горда і радасна званне Чалавек.
Мамовіч Дзмітрый Пятровіч,
дырэктар установы адукацыі
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад