Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Цёплая сустрэча ў аблвыканкаме

Цёплая сустрэча ў аблвыканкаме16 мая 2012 — 10:00

Сёлетняе свята Перамогі для былога франтавога кулямётчыка Канстанціна Фёдаравіча Кучуна выдалася насычаным і памятным на  прыемныя падзеі. З добрым настроем,  ўражаннямі і падарункам вярнуўся Канстанцін Фёдаравіч з Гродзенскага аблвыканкама, куды быў запрошаны на сустрэчу ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з нагоды святкавання Дня Перамогі. Дваццаць сем ветэранаў з Гродзенскай вобласці прыехалі на ўрачыстую сустрэчу  ў Гродна. Тых, хто 67 год назад здабыў для нас Перамогу, адстаяў у цяжкай вайне незалежнасць краіны, павіншаваў і пажадаў здароўя  намеснік старшыні аблвыканкама І. Г. Жук.

—А затым была шчырая і задушэўная размова за кубкам чаю. Мы  хутка  знайшлі агульную мову адзін з другім і  нават спявалі песні ваенных гадоў. Прыемна, што дзяржава не забывае пра нас, ветэранаў, падтрымлівае нас маральна і матэрыяльна. Напярэдадні свята мяне наведалі прадстаўнікі Мастоўскага раёна электрычных сетак, дзе я працаваў 17 год, на чале з Л.  П. Дзіваковым і В. М.  Худзікам, павіншавалі са святам, уручылі матэрыяльную дапамогу. Старшыня Мастоўскага сельскага Савета Галіна Эдвардаўна Яблонская паклапацілася, каб вясной мне на агарод прывезлі гной. Аб здароўі маім і жонкі клапоцяцца ўрачы на чале з нашым участковым тэрапеўтам Таццянай Уладзіміраўнай Зыкавай. Усім тым, хто стараецца аблегчыць нашу старасць, вялікі дзякуй, — ад шчырага сэрца перадае Канстанцін Фёдаравіч.

Лёс адмераў яму доўгае жыццё. А яно магло б абарвацца ва Усходняй Прусіі, у горадзе (сённяшняя назва) Несцераў. Кулямётчыку Кучуну і двум малдаванам,  бацьку і сыну, таксама кулямётчыкам,  было загадана ўварвацца ў адзін з дамоў, дзе ўмацаваліся немцы,  і знішчыць іх. Пры штурме дома Канстанцін Фёдаравіч быў кантужаны, а малодшы  малдаванін загінуў. Нашы танкісты дапамаглі кантужанаму кулямётчыку выбрацца з агнявога пекла і дабрацца да санчасці. За той бой К.Ф. Кучун атрымаў медаль “За адвагу”.

Усё менш становіцца ўдзельнікаў і сведкаў той жорсткай вайны. Але няўмольны час не здольны сцерці з памяці людской веліч подзвігу нашых дзедаў. Светлы Дзень Перамогі для былых салдат  і сёння са слязьмі на вачах. Голас дрыжэў і вочы павільгатнелі, калі Канстанцін Фёдаравіч расказваў пра таго маладзенькага малдаўскага хлопца, які назаўсёды застаўся ва Усходняй Прусіі.

 А наш святы абавязак памятаць  і клапаціцца пра тых, хто сёння жывы, хто  сваю маладосць паклаў на алтар Перамогі і хто заслужыў дастойную старасць.                            

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧНа здымку: удзельнік сустрэчы у абласным выканаўчым камітэце ветэран Вялікай Айчыннай вайны Канстанцін Фёдаравіч КУЧУН.Фота М. ПАВЯДАЙКІ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио