Адказвае ксёндз Кірыла Барданаў:
У нашай краіне жывуць людзі розных веравызнанняў і нацыянальнасцей. Гэта прыводзіць да таго, што часта мужчына і жанчына розных хрысціянскіх канфесій задумваюцца над тым, каб стварыць сям’ю. Пастараемся паразважаць, як Каталіцкі Касцёл падыходзіць да такіх сітуацый.
Напэўна нікога не трэба пераконваць, што кожны чалавек свабодны ў выбары таго, з кім заснаваць сям’ю. Нас можа прывабліваць прыгажосць іншага чалавека, рысы яго характару, таленты і г.д. Перад жаніцьбай маладыя людзі стараюцца даведацца пра асяроддзе, з якога паходзіць іх абраннік ці абранніца.
У апошнія часы вельмі павярхоўна людзі ставяцца да канфесійнай прыналежнасці таго ці той, з кім будуць імкнуцца пражыць усё жыццё. Часам такая легкадумнасць прыводзіць да непаразуменняў пасля жаніцьбы, бо людзі могуць мець розныя погляды на важныя жыццёвыя пытанні менавіта з-за розніцы канфесій.
Каталіцкі Касцёл раіць сваім вернікам заключаць сужэнства з католікамі, усведамляючы тыя праблемы, якія могуць узнікнуць з-за розніцы веравызнання мужа і жонкі. Розныя канфесіі маюць розныя канцэпцыі сужэнства, па-рознаму практыкуюць веру, маюць розны рэлігійных вобраз мыслення. Касцёл больш строга падыходзіць да неразрыўнасці сям’і, чым некаторыя хрысціянскія канфесіі, бо не лічыць дзяржаўны развод дастатковай падставай, каб больш не лічыцца мужам і жонкай перад Богам.
Уявім сабе, што сужэнства заключаюць два вельмі рэлігійных чалавека, напрыклад католік і праваслаўная. У католіка 25 снежня будзе ўрачыстасць Раства, калі прынята частаваць блізкіх і родных, збіраючыся за святочным сталом, а ў яго праваслаўнай жонкі на гэты час трапляе разгар посту, калі прынята сябе шмат у чым абмяжоўваць, асабліва ў ежы. Такіх прыкладаў можна прыводзіць шмат, але найбольш розніца канфесій уплывае на дзяцей. Дзе яны будуць ахрышчаныя? У якой веры выхаваныя? У які храм будуць хадзіць? Часта будучыя муж і жонка позна задаюцца такімі пытаннямі.
Касцёл не бачыць у розніцы канфесій жаніха і нявесты непераадольную перашкоду. На змешанае сужэнства католікам неабходны спецыяльны дазвол касцёльнай улады. Разам з тым многія канфесійна змешаныя сем’і з’яўляюцца прыкладам хрысціянскага адзінства і дапамагаюць прадстаўнікам розных галін хрысціянства лепш пазнаёміцца з тым, што сабой уяўляе іншая канфесія.
Гродненская правда
Оперативные и актуальные новости в нашем Telegram-канале
Подписывайтесь по ссылке
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад