У Правамастоўскай сярэдняй школе ўжо стала добрай традыцыяй штогод праводзіць дабрачынны кірмаш, прысвечаны Міжнароднаму дню інвалідаў. Вось і сёлета першага снежня адбыўся кірмаш “Мы – разам”.Напярэдадні ў аграгарадку Правыя Масты на прыкметных месцах размясціліся аб’явы-запрашэнні для жыхароў аграгарадка і навакольных вёсак з прапановай наведаць наш кірмаш ды купіць сабе пачастункі. Кожны клас, з першага па адзінаццаты, падрыхтаваў сабе гандлёвае месца, упрыгожанае рознымі плакатамі, гірляндамі, агеньчыкамі, шарамі.
Кірмаш адкрылі вучні школы на чале з дырэктарам. Дзеці самі намалявалі карцінкі-запрашэнні для гасцей. Было вельмі цікава: зазывалы запрашалі пакупнікоў набыць іх тавар, распавядалі пра яго якасць і смак, прапаноўвалі пачаставацца. Ды чаго там толькі ні было: торты, пірагі з рознай начынкай, пячэнне, вадалазы, піражкі, заліўное, гародніна, садавіна, кветкі і шмат усяго іншага! Жадаючыя маглі выпіць кубачак гарачай кавы, гарбаты ці па-майстэрску прыгатаванага напою. Усё гэта зрабілі вучні сваімі рукамі пры дапамозе і падтрымцы сваіх бацькоў і класных кіраўнікоў. Жвавыя прадаўцы, менавіта вучні і бацькі, з добрай усмешкай прапаноўвалі свае вырабы і шчыра дзякавалі за пакупку.На кожным тавары вучні замацавалі таблічкі з цэнамі і характарыстыкай прадукта . Былі і цікавыя надпісы: “Если кашель душу гложет, непременно лук поможет”, “Чтоб от гриппа убежать, нужно яблоки жевать”. Трэба адзначыць, што разнастайнасці тавараў, якія прапаноўваліся на кірмашы, магла б пазайздросціць любая крама.
На кірмашы працавала незалежная камісія, якая ацэньвала ўзровень падрыхтоўкі да кірмашу і агульныя вынікі. Узначальваў камісію дырэктар школы М. В. Ярац. Балы ставіліся па многіх намінацыях: прывітанне, афармленне, разнастайнасць тавараў, санітарны вы-гляд прадаўцоў, колькасць заробленых класам грошай.
Было вельмі весела, на працягу ўсяго кірмашу гучала вясёлая музыка. Калі тавараў на сталах значна зменшылася, а актыўнасць пакупнікоў знізілася, вучні панізілі цэны на прадукцыю, і хутка ўсе гандлёвыя месцы апусцелі. На кірмашы пабывалі многія жыхары аграгарадка, якія набылі смачныя прысмакі і дзякавалі вучням за іх умелыя рукі. Усе былі вельмі задаволены.
У выніку мы зарабілі на кірмашы 3.445.560 рублёў. Заробленая сума, па рашэнню вучняў і бацькоў, будзе па-трачана на набыццё калядных і навагодніх падарункаў для дзяцей-інвалідаў, жыхароў Курылавічскага дома-інтэрната, выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага прытулку, на патрэбы школы.
І. СЛЕДЗЬ, намеснік сакратара пярвічнай арганізацыі БРСМ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад