У вёсцы Боркі, што на тэрыторыі Пацавіцкага сельскага Савета, здаўна любяць сяліцца буслы. Больш за трыццаць бусліных гнёздаў і сёлета чакаюць вяртання сваіх гаспадароў з далёкага выраю. Як звычайна, яны з’явяцца ў канцы сакавіка. Праўда, сваю місію прыносіць боркаўскім жыхарам дзяцей гэтыя птахі апошні раз выканалі адзінаццацаць гадоў назад. Тады нарадзіліся дзяўчынкі-двайняткі Карына і Дзіяна ў сям’і Надзеі і Анатолія Пяцэвічаў. Гэта адзіная маладая сям’я, якая зараз жыве ў Борках. Пастарэла вёска, што размяшчаецца ў маляўнічай мясцовасці, толькі 24 чалавекі зараз пражываюць тут.
—Колькі сябе памятаю буслы жылі побач з намі,— ахвотна падтрымлівае размову пра буслоў жыхарка Борак Ганна Лук’янаўна Карэвік.— Толькі на маім подворку тры буслянкі. У вёсцы не знойдзеш таго двара, дзе б яны не пасяліліся. Раней, калі пасвілі кароў, перад намі па балоце грацыёзна крочылі на доўгіх нагах буслы, з задавальненнем паядаючы жаб. Ежы птушкам у нас хапае, побач балота, рачулка, таму яны і любяць нашу мясцовасць,—тлумачыць Ганна Лук’янаўна.— Калі буслы адлятаюць у вырай, мы вельмі сумуем, як бы нешта страціўшы. У канцы сакавіка яны павінны з’явіцца, як і нашы старэйшыя вяскоўцы, што едуць зімаваць у горад да дзяцей. І птушак, і чалавека моцна цягне на радзіму, гэта закон жыцця,— такі філасофскі вывад робіць Г.Л. Карэвік.
І яшчэ лічыцца, што мудрыя буслы селяцца толькі каля добрых лю-дзей. У Борках ніхто ніколі не разбурыў буслянкі, у вёсцы гэта лічыцца кепскай прыкметай. Калі буслы часам псуюць элетрычныя лініі, нават электрыкі спакойна рэагуюць на такія свавольствы птушак. Яны ўжо прывыклі, што пакуль буслы ў Борках, ім усё роўна некалькі разоў давядзецца рамантаваць лінію электраперадач. Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад