Напярэдадні рэспубліканскіх Дажынак, якія праходзілі ў Мастоўскім раёне ў 1997 годзе, у кожным сельгаспрадпрыемстве на цэнтральнай сядзібе былі пабудаваны сцэнічныя пляцоўкі. Тут паказвалі сваё майстэрства сталічныя артысты і самадзейныя калектывы. Такая пляцоўка была пабудавана і ў Правых Мастах — на вялікай паляне сярод сасновага лесу, на беразе Нёмана. Гэта цудоўны жывапісны куточак прыроды, дзе праводзіліся розныя мерапрыемствы, але з цягам часу драўляны насціл разабралі, застаўся толькі фундамент з жалезабетонных пліт. Гэта месца спадабалася моладзі і старэйшым людзям для правядзення адпачынку. Сюды прыязджаюць і гараджане, каб адпачыць, пазагараць, зварыць духмяную юшку.
Шостага верасня было 10 гадоў са дня нараджэння БРСМ. У час правядзення экалагічнай акцыі валанцёрскім атрадам “Добрае сэрца”, прысвечанай гэтаму дню, члены БРСМ дзясятага класа Правамастоўскай сярэдняй школы вырашылі навесці парадак на былой пляцоўцы. Але тое, што мы ўбачылі там, прывяло нас у шок. Жывапісная мясціна ператварылася ў вялікі сметнік: шкло разбітых бутэлек, банкі, поліэтыленавыя бутэлькі, сляды вогнішчаў сярод сухой травы. Шкло на панэлях зарасло мохам, нам прыйшлося лапатай яго аддзіраць. Падчас навядзення парадку назбіралі больш за шэсць мяшкоў смецця. Месца, дзе распальвалася вогнішча, аблажылі каменнем, каб не дапусціць ляснога пажару пры яго паўторным выкарыстанні .
Павесілі мяшкі для смецця з надпісамі. Так мы навялі парадак,але ці надоўга?.. Мы лічым, што кожны паважаючы сябе чалавек павінен сам прыбраць за сабой смецце, а не пакідаць камусьці .Праз раённую газету мы звяртаемся да вас, ахвотнікаў адпачыць на прыродзе: “Не выкідвайце смецце ў лясах,на берагах рэк. Беражыце прыроду, пакіньце гэты цуд для сваіх патомкаў у такім выглядзе, якім стварыў яго Бог”.
Таксама валанцёры дзявятага класа навялі парадак на могілках загінуўшых воінаў, на магілах памерлых, у каго няма сваякоў або пакінутых магілах.
У сувязі з тым, што ў аграгарадку Масты Правыя няма ўзаконенага месца для адпачынку, лічым неабходным і мэтазгодным выканкаму Мастоўскага сельскага Савета сваім рашэннем зацвердзіць гэты жыва-пісны куточак месцам адпачынку, а кіраўніцтву жыллёва-камунальнай гаспадаркі на гэтай падставе ўстанавіць тут кантэйнеры для збору смецця, а да парушальнікаў прымаць адпаведныя меры згодна з заканадаўствам .
І. СЛЕДЗЬ, намеснік сакратара пярвічкі БРСМ Правамастоўскай СШ, дэпутат абласнога маладзёжнага парламента, валанцёры атрада “Добрае сэрца”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад