У аграгарадку Курылавічы прайшло такое знаёмае і вельмі жаданае брэндавае свята “Вясёлы вазок – чатыры колы”. Яго любяць і старэйшыя жыхары, і моладзь, і дзеці. У Год гістарычнай памяці тут ушанавалі загінуўшых землякоў, успомнілі, чым жыла вёска раней, яе звычаі і паданні.
Свята пачалося з шэсця ўпрыгожаных фурманак, на якіх сядзелі жыхары вёскі, удзельнікі мастацкай самадзейнасці. Калісьці ў Курылавічах у гэты летні час кожны гаспадар запрагаў каня, каб выехаць у поле на жніво. Пажылыя людзі, гледзячы на чараду вазоў, успаміналі мінулыя часы, моладзь з цікавасцю знаёмілася са звычаямі старэйшых пакаленняў, з задавальненнем прымаючы ўдзел у шэсці па вуліцы Міру.
Ехалі з музыкай, з песнямі, з вясёлым настроем. Наперадзе быў вазок, пасажыры якога ўзнялі Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, моладзь трымала невялікія флажкі, гучалі песні, праслаўляючыя нашу Радзіму. Вадзіцелі, едучы па дарозе Гродна-Слонім, дзівіліся на каляровае шэсце, якое складалася з незвычайных транспартных сродкаў, упрыгожаных посцілкамі і кветкамі.
Усе спыніліся каля брацкай магілы загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны землякам. Некалькі дзён таму на Мастоўшчыне адзначалі Дзень вызвалення раёна ад нямецкіх захопнікаў, і зараз была яшчэ нагода ўспомніць падзеі вайны, аддаць даніну памяці загінуўшым. Аб гэтым расказалі прысутным вядучыя Вера Нікіціч і Максім Сардэчны. Удзельнікі свята ўсклалі кветкі да помніка.
А затым жыхары аграгарадка і госці накіраваліся на галоўную пляцоўку мерапрыемства ля Курылавіцкага цэнтра вольнага часу і культуры. Тут быў арганізаваны гандаль салодкімі прысмакамі, вырабамі і сувенірамі рамеснікаў. Для дзяцей працавалі атрыкцыёны, ладзіліся конкурсы, забаўляльныя праграмы, пасля асноўнага мерапрыемства адбылася дыскатэка.
Доўга ў гэты летні вечар гучала музыка, чуліся песні, адбылася тэатралізаваная пастаноўка ў выкананні курылавіцкіх артыстаў па матывах даўнейшага сялянскага жыцця. Госці дружна апладзіравалі, танцавалі, падпявалі артыстам. Усіх прысутных пачаставалі святочным караваем.
У мерапрыемстве прыняў удзел дырэктар Мастоўскага раённага цэнтра культуры Сяргей Фядотаў. Мы папрасілі яго падзяліцца уражаннямі ад свята.
– Мерапрыемства ўжо стала своеасаблівым брэндам аграгарадка Курылавічы, яго любяць мясцовыя жыхары, – адзначыў Сяргей Аляксеевіч. – Важна, што кожны раз захоўваюцца і традыцыі свята, і ўносіцца шмат новага. Загадчыца філіяла “Курылавіцкі цэнтр вольнага часу і культуры” Галіна Саўчук добры арганізатар і творчы чалавек, з душой падыходзіць да справы. Вялікую дапамогу ёй аказвае дачка Наталля Сардэчная.
Перад удзельнікамі свята ў гэты дзень выступілі не толькі курылавіцкія артысты, але і госці з Вялікіх Азёрак, Галубоў, Правых Мастоў, Мікелеўшчыны і іншых населеных пунктаў раёна. Прагучала больш як паўсотні нумароў. Работнікі культуры зрабілі ўсё, каб ўдзельнікі свята ў гэты выхадны змаглі з карысцю адпачыць, набрацца сіл і добрага настрою, пачуць аб мінулым і сённяшнім нашай Радзімы, якім мы ўсе ганарымся.
Станіслаў ЗВЯРОВІЧ
Фото аўтара
Оперативные и актуальные новости в нашем Telegram-канале
Подписывайтесь по ссылке
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад