6-7 красавіка 2021 года валанцёры, педагогі і работнікі тэхнічнага персаналу дзяржаўнай установы адукацыі “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета” далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу – 2021”. У гэтым годзе яна прысвечана Году народнага адзінства.
Работа на дзялянцы кіпела. Увайшоўшы ў рытм, “леснікі на дзень” падбадзёрвалі адзін аднаго і нават ладзілі спаборніцтвы на суседніх радах. Усе ўдзельнікі акцыі працавалі з жаданнем, усведамляючы ролю лесу ў жыцці нашай планеты. Ён не толькі аказвае ўплыў на жыццядзейнасць чалавека, але і выступае гарантам экалагічнай бяспекі. У вучняў з’явілася добрая магчымасць далучыцца да сумеснай працы, сфарміраваць экалагічную культуру: берагчы і не забруджваць лес, усвядоміць і зразумець, колькі намаганняў і часу неабходна для таго, каб маладыя саджанцы выраслі магутнымі дрэвамі.
“Нам выпала ганаровая і важная работа. Валанцёры хвалююцца за прыродныя багацці нашага краю. Прыгожыя лясы нам дасталіся ад папярэдніх пакаленняў. Мы павінны берагчы і развіваць лясную гаспадарку, клапаціцца пра будучыню. Хочацца верыць, што з цягам часу будзем прыходзіць у гэты лес, прыводзіць сваіх дзяцей і з гонарам гаварыць, што яго садзілі мы”, – падзялілася сваімі ўражаннямі вучаніца 11 класа Ксенія Навіцкая.
Дырэктар школы Віктар Чэрнік зазначыў: “За гэтыя два няпоўныя дні на тэрыторыі Лунненскага лясніцтва калектыў школы пасадзіў 15 200 штук маладых саджанцаў сасны. Але Тыдзень лесу працягваецца, таму ў нас ёсць магчымасць павялічыць гэтую лічбу”.
Гэта было сапраўднае экалагічнае свята, і калектыў, далучыўшыся да гэтай акцыі, унёс свой уклад у захаванне і памнажэнне прыродных багаццяў нашай Беларусі.
Ларыса ЭЙСМАНТ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Фота прадастаўлена Лунненскай СШ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад