У сонечны зімовы дзень журналісты раённай газеты “Зара над Нёманам” наведалі аграгарадок Курылавічы. Яны расказалі мясцовым жыхарам, работнікам устаноў і арганізацый аб планах газеты, паслухалі іх меркаванні пра наша выданне.
Актыўна выпісвае і чытае “Зару над Нёманам” загадчыца Курылавіцкага цэнтра адпачынку і культуры Галіна Саўчук. Газета не раз расказвала аб цікавых мерапрыемствах, якія праводзяцца па ініцыятыве загадчыцы ў гэтай установе. Гэта і пра фестываль “Вясёлы воз – чатыры колы”, і канцэрты ў аддаленых вёсках, на фермах і мехдварах, музычныя віншаванні для старэйшых і заслужанных людзей і многае іншае. Акрамя гэтага жыхары аграгарадка выбралі Галіну Рыгораўну сваёй старастай. Яна актыўна супрацоўнічае з Курылавіцкім сельскім Саветам, дапамагае сваім аднавяскоўцам у вырашэнні надзённых пытанняў.
– Я не толькі ўжо больш трыццаці гадоў выпісваю “Зару над Нёманам”, але і захоўваю многія артыкулы газеты, – расказвае Галіна Рыгораўна. – Мне цікава ведаць навіны раёна, прачытаць аб усім, што адбываеццца на Мастоўшчыне. У многіх раённых мерапрыемствах, аб якіх я даведваюся з анонсаў газеты, прымаю актыўны удзел. Як стараста, і іншым раю выпісваць сваю мясцовую газету, каб быць у курсе ўсіх падзей. Калісьці раённую газету выпісвалі мае бацькі, з таго часу і ўзнікла цікавасць і павага да яе.
Выпісала Галіна Саўчук “Зару над Нёманам” і на гэты раз.
У калектыве Курылавіцкай участковай бальніцы найбольш актыўным падпісчыкам нашай газеты з’яўляецца медсястра Марына Лава.
– Што найбольш цікавіць Вас у “Зары над Нёманам”? – спыталі мы ў Марыны Аляксееўны.
– Мастоўшчына – мая малая радзіма, – сказала жанчына. – Таму з цікавасцю чытаю аб усім, што тут адбываецца, і сваім калегам раю. І навіны цікавяць, і расказы пра людзей, і чым жывуць медыкі раёна, нават віншаванні прачытваю. І калі адрасаваны віншаванні знаёмаму заслужанаму чалавеку, вельмі радуюся, што яго не забылі калегі па працы.
Як пазнаёмілася з газетай “Зара над Нёманам” расказала жыхарка аграгарадка, работніца мясцовай школы Аксана Дзябёла.
– У свой час мая мама Яўгенія Бачкарова працавала паштальёнам у Курылавіцкім аддзяленні сувязі, разносіла людзям газеты. Я ёй дапамагала і адначасова прачытвала цікавыя навіны. Найбольш звестак пра знаёмых людзей было ў мясцовай газеце. Яе і пачала выпісваць. Прайшоў час, і я сама пачала працаваць паштальёнам, ужо не губляла сувязі з раёнкай, раіла яе выпісваць аднавяскоўцам.
Трэба адзначыць, што ў нашых Курылавічах працуе начальнікам аддзялення сувязі вельмі адказны і добразычлівы чалавек Ганна Валер’еўна Несцерава. Яна не толькі прафесійна аказвае паштовыя паслугі, але і з’яўляецца сапраўдным прапагандыстам друкаванага слова. З ёй мне давялося працаваць каля дзесяці гадоў. Падпісчыкаў “раёнкі” у нас заўсёды было шмат.
І хоць я ўжо некалькі гадоў не працую на пошце, але “Зару над Нёманам” заўсёды выпісваю. Таму і ведаю, што адбываецца на Мастоўшчыне, знаёмлюся з людзьмі, якія праслаўляць наш край, з паўсядзённым жыццём яго жыхароў.
Паразмаўлялі з паштальёнам Нінай Чэрнік, якая дастаўляе пошту жыхарам Курылавіч, носіць пенсію, бярэ плату за камунальныя і іншыя паслугі.
– З тымі, што падпісаліся ў апошні час, у мяне ужо 46 падпісчыкаў, – расказвае Ніна Міхайлаўна. – Ёсць такія, хто выпісвае раёнку нядаўна, але больш вяскоўцаў захоўваюць вернасць ёй дзесяцігоддзямі. Сярод іх вясковыя інтэлігенты, адукаваныя людзі з шырокім кругаглядам, нераўнадушныя да падзей, якія адбываюцца ў краіне і нашым раёне. Напрыклад, наша стараста Галіна Саўчук і мясцовая жыхарка сацыяльны работник Таццяна Сухадольская выпісваюць “СБ. Беларусь сегодня” і “Зару над Нёманам”, былая настаўніца Марыя Русак – “Звязду” і “раёнку”, а тэхработніку школы Таццяне Прэдка нашу аж сем выданняў. Сярод іх – і “Зара над Нёманам”.
Найбольш актыўным падпісчыкам “Зары над Нёманам” з аграгарадка Курылавічы былі ўручаны сувеніры. Супрацоунікі газеты расказалі аб планах рэдакцыі на гэты год, выслухалі заўвагі і прапановы мясцовых жыхароў.
Станіслаў ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад