Не так даўно давялося трапіць на цікавую экскурсію. Праходзіла яна падчас абласнога семінара ў дзяржаўнай установе адукацыі “Яслі-сад №3 г. Масты”. У бягучым годзе тут адчыніў дзверы музейны пакой “Беларуская хатка”, які з алімпійскай хуткасцю набывае папулярнасць сярод наведвальнікаў.
Пераступіўшы парог невялікага пакоя, адразу трапляеш ва ўтульную атмасферу даўніны і ўяўляеш, як жылі нашы продкі. Сардэчна і ветліва, як сапраўдныя гаспадынькі, гасцей сустракаюць юныя экскурсаводы Соф’я Фільмановіч, Кацярына Аскірка, Мілана Аўсіенка разам з кіраўні-ком музея, выхавальнікам Ірынай Міхайлаўнай Сухоцкай.
Прыгожыя касцюмы ў нацыянальным стылі і беларуская мова, што званочкам гучыць з дзіцячых вуснаў, дадаюць экскурсіі не толькі характэрнага народнага каларыту, але і нейкай асаблі-вай цеплыні, шчырасці і душэўнасці. Дарослыя наведвальнікі знаходзяць тут надзейны прытулак для сваіх успамінаў, а дзеці адкрываюць свет дагэтуль невядомага і надзвычай цікавага...
А пачыналася ўсё з ідэі, якую даўно выношвала загадчык ясляў-сада №3 г.Масты Ганна Фёдараўна Лісаева. Бо як расказаць сучасным рабятам, што такое матавіла, церніца, ці ў чым розніца паміж калаўротам і прасніцай? Як растлумачыць, чым адрозніваецца збан ад гарлачыка? Якім чынам паказаць, як распальвалі печ, каб прыгатаваць ежу ў чыгунку, і працавалі за кроснамі? Дарэчы, хатні ткацкі станок або кросны – адзін з самых папулярных экспанатаў музея.
— Гэтыя кросны належалі яшчэ маёй бабулі, але яны знаходзяцца ў добрым стане, наладжаны, таму хоць зараз можна працаваць, — расказвае Ірына Міхайлаўна, якая ў свой час мела не адзін мазоль, дапамагаючы старэйшым у гэтай карпатлівай справе. Як і астатнія хатнія даручэнні, праца за кроснамі выхоў-вала руплівасць, стараннасць, працавітасць і акуратнасць.
Зараз гэтыя якасці выхавальнік стараецца прывіць падрастаючаму пакаленню, праўда, не за кроснамі, а, да прыкладу, вырабляючы лялек-мотанак. З іх калекцыяй таксама можна пазнаё-міцца ў музеі. А ў бліжэйшы час да гэтага рамяства далучацца і бацькі выхаванцаў, для якіх будзе арганізаваны майстар-клас па вырабу лялек-абярэгаў. Лічылася, што сваёй моцнай энергетыкай яны засцерагаюць і ахоўваюць чалавека ад непрыемнасцей і дапамагаюць яму ў добрых справах. Чым не падарунак родным і блізкім на Каляды ці Новы год?!
Трэба дадаць, што разам з Ірынай Міхайлаўнай Сухоцкай у рэалізацыі задуманага прымалі самы непасрэдны ўдзел яе калегі Жанна Уладзіміраўна Саўко, Вольга Уладзіміраўна Бунка, Таццяна Уладзіміраўна Малец. Яны і сцены малявалі, і фігурак з гліны выраблялі, і кампазіцыю афармлялі. Пытанні матэрыяльнага забеспячэння аператыўна вырашала загадчыца гаспадаркі Святлана Лявонцьеўна Хадасок. Была запатрабавана і мужчынская сіла ў асобе рабочага па комплексным абслугоўванні будынкаў Пятра Міхайлавіча Палубяткі. Прыгожыя касцюмы экскурсаводаў – гэта плён умелых рук і творчасці кастэлянкі Таццяны Іванаўны Кушмар.
— Першымі наведвальнікамі нашага музейнага пакоя сталі загадчыкі і намеснікі загадчыкаў па асноўнай дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі нашага раёна. Добрыя ўражанні пакінула экскурсія і ў метадыстаў раённых вучэбна-метадычных кабінетаў Гро-дзенскай вобласці. Ужо педагогі і вучні з трэцяй гарадской школы выказалі просьбы пазнаёміцца з бытам нашых продкаў на прыкладзе музейных экспанатаў. А мы заўсёды рады гасцям, — адзначае Ганна Фёдараўна Лісаева, — і шчыра запрашаем у нашу “Беларускую хатку”.
Н.ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад