У чацвер, 12 верасня, у кінатэатры “Беларусь” журналістам беларускіх СМІ паказалі рэцэпт стварэння якаснага кіно ‒ і мы з радасцю падзелімся ім з вамі.
Спачатку возьмем дасведчаных рэжысёраў ды прадзюсераў, за плячыма якіх шматлікія праекты ў расійскім кінематографе, змяшаем гэта з зорным акцёрскім ансамблем на чале з Яўгенам Стычкіным ды Віктарам Вяржбіцкім, дададзім некалькі кропель шыкоўных натурных здымак з усіх куточкаў Беларусі, і ўсё гэта вытрымаем на аснове рамана класіка беларускай літаратуры. Атрымаем сумесны праект “Беларусьфільма” і студыі “Нью Арт Сінема Прадакшэн” пад назвай “Чорны замак”.
На здымках зверху рэжысёр стужкі Кірыл Кузін і сценарыст, прадзюсар Глеб Шпрыгаў.
Аматары Уладзіміра Караткевіча адразу пазналі назву ‒ і не памыліліся: фільм здымаўся якраз па матывах гістарычнага дэтэктыва беларускага пісьменніка. Мінулую экранізацыю знялі ў 1984 годзе, і вось цяпер другая, якраз да стагоддзя беларускага кінематографа.
Сцэнарысты перанеслі дзеянне свайго фільма ў сучаснасць, але пакінулі герояў Караткевіча на сваім месцы. Гісторык Антось Косміч (яго іграе Яўген Шварц) сумесна са сваім сябрам Мар’янам Пташынскім (Павел Камароў) разгадваюць шыфр, які яны знайшлі ў Евангеллі XVI стагоддзя. Аднак на гэту таямніцу ўжо ідзе паляванне: Мар’яна забіваюць, а галоўным падазроным для следства становіцца якраз небарака Антось. Гісторык вымушаны адправіцца ў Гальшаны, каб разгадаць таямніцы замка ‒ і сутыкнуцца са старажытным злом…
Паралельна ідзе наратыў гістарычнай лініі кінастужкі, дзе ў замку князя Альшанскага (Віталь Кішчанка) суддзя Станкевіч (Віктар Вяржбіцкі) вядзе судовую справу супраць змоўцаў, якія паўсталі супраць караля Рэчы Паспалітай. Адзін з кіраўнікоў паўстання, князь Валюжыніч (Яўген Шварц), збегае разам з жонкай князя Гардзіславай (Настасся Красоўская) і казной змоўцаў.
На здымку зверху выканаўца ролі суддзі Станкевіча Віктар Вяржбіцкі
Фільм знаходзіцца на скрыжаванні адразу некалькіх жанраў: гэта і дэтэктыў, і гістарычная драма (гледачы сышліся ў меркаваннях, што ў гэтым стужка падобная да знакамітага серыялу “Гульня Прастолаў”), и містычны трылер з меладраматычнай лініяй. Гэтае папуры з жанраў, аднак, сплецена рэжысёрам і сцэнарыстам вельмі арганічна.
Яўген Шварц у ролі Антося Косміча выглядае, быццам Індыяна Джонс з мясцовым каларытам, толькі замест бізуна ды “стэтсана” ў яго акуляры ды іранічны прыжмур з бясконцымі ведамі беларускай гісторыі. Вельмі арганічна ў свае ролі ўпісаліся жанчыны: Лінда Лапіньш выдатна іграе femme fatale для галоўнага героя. Настасся Красоўская паказала гледачам сапраўдную княгіню: прыгожую, з тонкім станам, але ж трывалую ды незламаную. Прыгажуня Вераніка Усцімава арганічна выглядае ў ролі чароўнай студэнткі Стасі Рэчыц, якая дапамагае Космічу ў ягоных пошуках. Пра Віктара Вяржбіцкага і казаць няма чаго: зорка расійскага кінематографа выдатна ўпісалася ў ролю “беларускага Холмса” ‒ суддзі Станкевіча. Ну а ролю Яўгена Стычкіна раскрываць не будзем, бо не жадаем вам аніякіх спойлераў да прэм’еры!
Яна, дарэчы, у кінатэатрах Беларусі і Расіі адбудзецца 12 снежня. У пракат стужка выйдзе карацейшай: журналісты глядзелі версію фільма, якая ідзе 140 хвілін. Гледачоў жа чакае 110-хвілінная карціна. Гэта звязана перш за ўсё з патрабаваннямі кінапракату.
Ну а пакуль ‒ чакаем прэм’еру і спадзяёмся на сіквел! Так, апошні дыялог у фільме гучыць вось як:
‒ А якая тэма наступнай лекцыі? ‒ пытае студэнт Антося Косміча.
‒ Пройдземся па “Дзікаму паляванню”, ‒ адказвае галоўны герой.
Мультыверсу імя Караткевіча… Быць?
Віктар МОХАНЬ
Фота Сняжаны ДАШКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад