Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумКультураНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Бібліятэцы з любоўю і павагай …

Бібліятэцы з любоўю і павагай …26 февраля 2023 — 10:00

Кнігі з аўтографамі знакамітых людзей, паэтаў і пісьменнікаў – гонар любой бібліятэкі. Яны захоўваюць гісторыю сустрэчы, зносін з цікавым і таленавітым чалавекам. А дароўныя надпісы ў адрас бібліятэкі сведчаць аб вядомасці і прэстыжы бібліятэкі, паказваюць яе значэнне ў культурным і грамадскім жыцці грамадства.

У фондзе філіяла “Гудзевіцкая сельская бібліятэка” ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” выданняў з аўтографамі знакамітых землякоў, вядомых людзей, вучоных, паэтаў і пісьменнікаў налічваецца не вельмі шмат, каля 20. Тым не менш яны вельмі каштоўныя для бібліятэкі, таму што ў кожнай кнізе з аўтографам ёсць сваё мінулае, а дароўны надпіс робіць яе ўнікальнай.

Гудзевіцкая зямля багатая на таленавітых людзей. Сярод іх выбітны зямляк, беларускі вучоны ў галіне тэхнічнай кібернетыкі і інфарматыкі, доктар тэхнічных навук, прафесар Бібіла Пётр Мікалаевіч. Вучэбны дапаможнік “Основы языка VHDL”, 3-е выданне якога выйшла ў Маскве ў 2007 годзе, вельмі дарагі для бібліятэцы. А дароўны надпіс “Гудзевіцкай бібліятэцы, з якой прачытаў многа кніг ад аўтара [подпіс] 22.09.2007” сведчыць аб тым, што ў свой час Пётр Мікалаевіч з’яўляўся актыўным чытачом кніжнай скарбніцы аг.Гудзевічы.

Захоўваюцца ў бібліятэцы кнігі з аўтографам ураджэнкі Гудзевіцкай зямлі, доктара юрыдычных навук, прафесара, Бібілы Валянціны Мікалаеўны. Валянціна Мікалаеўна – член Навукова-кансультатыўнага савета пры Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь, намеснік Старшыні Савета па абароне дысертацый, член рэдкалегій шэрагу часопісаў, якія выдаюцца ў Беларусі, “Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”, аўтар звыш 230 навуковых і вучэбна-метадычных работ, сярод якіх манаграфіі, навучальныя дапаможнікі. У свой час у рамках раённага бібліятэчнага праекта “Формула поспеху” бібліятэкай быў падрыхтаваны вечар-сустрэча з выбітнай зямлячкай. Гэту сустрэчу, якая супала з 70-гадовым юбілеем Валянціны Мікалаеўны, вельмі чакалі жыхары аграгарадка Гудзевічы. З павагай і ўвагай прысутныя ў бібліятэцы слухалі аповед гераіні аб сваім жыцці і поспехах у прафесіі. У знак падзякі Валянціна Мікалаеўна падарыла бібліятэцы дзве свае кнігі з аўтографам: “Белорусское законодательство о суде, прокуратуре, адвокатуре и органах охраны общественного порядка (1919 – 1991)” (Минск, 2011), “Проблемы юриспруденции : избранные труды (Минск, 2010).

У сабранай бібліятэкай калекцыі выданняў з аўтографамі вызначаюцца кнігі беларускага паэта, члена Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, лаўрэата прэміі імя А.І. Дубко “За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва” Іваноўскага Мікалая Пятровіча. Мікалай Пятровіч – жаданы госць бібліятэкі, актыўны ўдзельнік аматарскага аб’яднання для пажылых людзей “Залаты ўзрост”, шматлікіх бібліятэчных мерапрыемстваў. Неаднаразова самымі першымі слухачамі новых вершаў паэта-земляка з’яўляліся менавіта чытачы бібліятэкі. А паэтычныя зборнікі Іваноўскага М.П. з дароўнымі надпісамі папаўнялі каштоўную калекцыю кніг з аўтографамі. Сярод іх зборнікі вершаў “Сцяжынка дзяцінства” (Мінск, 2018), “Кроплі расы” (Мінск, 2020), “Вострым зрокам” (Мінск, 2020), “Пяром і сэрцам” (Мінск, 2017), зборнік загадак “Загадкі на ўсе выпадкі” (Мінск, 2018), кніга “Нашчадкі роду Іваноўскіх” (Гродна, 2015).

Падчас творчай сустрэчы з удзельнікамі літаратурнага клуба “Экватар”, беларускi паэт, празаiк, публiцыст, журналiст Вячаслаў Корбут, які ўзначальвае аб’яднанне, беларуская паэтэса Інга Вінарская і паэт-зямляк Мікалай Іваноўскі падарылі на памяць бібліятэцы два выпуска альманаха “Літаратурны экватар” (№ 8 за 2019г., № 9 за 2020г.), аўтарамі якога яны з’яўляюцца. Дзякуючы гэтай імпрэзе фонд бібліятэкі папоўніўся вершаванымі зборнікамі паэткі, журналiста, члена Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пiсьменнiкаў Беларусi”, лаўрэата прэміі імя А.І. Дубко “За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва” Тамары Мазур “Пакуль кахаю… : вершы (Мінск, 2013 ),“Скидляне. Скидельцы. Скидельчане” (Гродна, 2021), а таксама паэтычным зборнікам беларускай паэткі Інгі Вінарскай “Солнце поэтов” (Мінск, 2018).

Прадстаўлены ў фондзе бібліятэкі кнігі з аўтографам беларускай паэткі, члена Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пiсьменнiкаў Беларусi”, лаўрэата прэміі імя А.І. Дубко “За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва” Людмілы Кебіч Бэзавы дом” (Гродна, 2019), “На беразе белай ракі” (Мінск, 2010), а таксама зборнік вершаў мастоўскай паэтэсы Галіны ВасілеўскайКрай мой, Прынёманскі…” (Гродна, 2009).

Кнігі з аўтографамі беражліва захоўваюцца ў бібліятэцы, як унікальныя выданні, дзе аўтар разам з дароўным надпісам і добрымі пажаданнямі пакідае чытачам часцінку сваёй душы і сэрца.

Вольга Коршун,

метадыст аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці

ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио