Гэта – каля дзесяці гадзін тэатральнага мастацтва для дарослых і дзяцей, як кажуць, з дастаўкаў да хаты.
Сёння шмат якія тэатры ладзяць паказы праз інтэрнэт. Нават прэм’еры праходзяць пры пустых залах, але з тысячамі гледачоў, што збіраюцца ля экранаў. Не выходзячы з хаты можна паглядзець і некаторыя пастаноўкі тэатраў Гродзеншчыны.
На сайце ўпраўлення культуры аблвыканкама ёсць банер “Домашний театр” (https://kultura.grodno.by/domashnij-teatr-2/), ён жа – свайго роду квіток да тэатральнага мастацтва. Пакуль тут змешчана восем запісаў. Адзін з самых, бадай, цікавых – спектакль “Панночка” абласнога драматычнага тэатра, яго прэм’ера адбылася ў 1997 годзе, запіс зроблены праз два гады. Цікава, што напачатку ёсць цітры з імёнамі тых, хто выконвае ролі. У спектаклі былі занятыя знаёмыя сучаснаму гледачу артысты, у тым ліку Аляксандр Шэлкаплясаў, Людміла Волкава, Уладзімір Капранаў, Святлана Завадская.
Яшчэ адна пастаноўка абласнога драматычнага тэатра – прэм’ера мінулага года “Когда мы, мертвые, пробуждаемся”, глыбокі філасофскі спектакль пра каханне, час, мастацтва. Дарэчы, упершыню гэту п’есу Ібсэна сыгралі ў Беларусі. Увасобіў яе на гродзенскай сцэне літоўскі рэжысёр Саўлюс Варнас.
Таксама гледачам прапануюць да прагляду “Камедыю пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і чорта, які страціў сэнс існавання”. Гэты спектакль у Гродне паказваюць і з задавальненнем глядзяць больш як чвэрць стагоддзя. У запісе можна пабачыць новы састаў акцёраў, версію “Камедыі…” мінулага года.
Слонімскі драматычны тэатр для дарослых адкрыў доступ да камедыі “Незваный гость”. Яе прэм’ера адбылася летась.
Музычны тэатр “Рада” прапануе паглядзець праграму “Кастры цыганскай душы”, а ансамбль танца, музыкі і песні “Белыя росы” запрашае на адзін са сваіх леташніх канцэртаў.
Для дзяцей ёсць пазнавальныя і цікавыя спектаклі “Слоненок и луна” абласнога тэатра, а таксама “Подарок для звездочки” ад калектыва са Слоніма.
Як распавялі ва ўпраўленні культуры, неўзабаве з'явяцца і іншыя спектаклі і канцэрты.
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад