Кожны новы Дзень Перамогі ўсё больш аддаляе нас ад тых страшных падзей, імя якім вайна. Усё больш нараджаецца тых, хто ведае аб ёй толькі па кінафільмах ды кніжках. І гэта радуе! Разам з тым, з кожным новым Днём Перамогі ўсё менш становіцца тых, хто быў яе сучаснікам, удзельнікам. І гэта вельмі засмучае!Так і на тэрыторыі Азёркаўскага сельскага Савета ўжо не стала ніводнага ветэрана. Апошні з іх не дажыў да Свята Перамогі літаральна некалькі тыдняў: сёлета на ўрачыстым мітынгу, што традыцыйна праходзіў каля помніка ў в. В. Азёркі, на вялікі жаль, не было каму пачуць слоў падзякі за мірнае неба над галавой ад прадстаўнікоў малодшых пакаленняў.Аднак жыве яшчэ тут, дзякуй Богу, адна жанчына, жыццёвы шлях якой па-свойму гераічны, хоць па волі лёсу не адзначаны ніякімі званнямі і ўзнагародамі. Пра яе і пойдзе расказ.
Калі пачыналася вайна, бабе Насці (так завуць у Азёрках Анастасію Паўлаўну Васілеўскую) было ўсяго 18. Іх сям’я жыла тады на хутары каля возера Азяранскае, што за вёскай. Зараз ўжо мала хто ў вёсцы ведае, што гэта маленькая, не па ўзросту жвавая жанчына ў час вайны рабіла вельмі важную, вялікую, патрэбную работу. Яна, як і ўсе ў іх сям’і, дапамагала партызанам.
А пачыналася ўсё вось так. А. П. Васілеўская ўспамінае: -- Аднойчы да нас у двор прыехалі на конях камандзір партызанскага атрада “Краснагвардзейскі” Калашэйнаў Іван Дзмітрыевіч і начальнік штаба Аляксандраў (імя не помню). Яны доўга аб нечым гаварылі з бацькам, затым паклікалі мяне.- Мы цябе, Насця, забіраем у атрад.- Я не паеду. Там адны мужчыны - халастыя і жанатыя, а я дзяўчына - не хачу.- Што, спалохалася?- Я не з палахлівых, але не паеду.- Тады давай мы цябе аформім як нашу сувязную. Будзеш нам дапамагаць: хадзіць у нямецкую зону ў Дзярэчын (вёска ў суседнім Зэльвенскім раёне, 8 км ад в. Азёркі) за лякарствамі для нашых параненых і хворых.- Вось гэта можна, гэта другая справа.
І тут ён (Калашэйнаў І.Д.) дастае вялікі спіс на ўвесь стол і гаворыць:- Вось з гэтым пой-дзеш у Дзярэчынскую амбулаторыю, там рускі доктар. Сядзь у чарзе апошняй і чакай, калі яна скончыцца. Тады заходзь у кабінет да доктара і гавары так, каб ніхто не чуў.
Так я і пайшла на першае заданне. Чарга мая паступова прыбліжалася. Заставалася толькі некалькі чалавек перада мною, як з’явіліся яшчэ два пацыенты. Каб яны не займалі за мной чаргі, я падманула, што чакаю сваю сяброўку, а ў доктара ўжо была раней. Так я прапусціла іх перад сабой. Нарэшце чарга дайшла да мяне яшчэ раз. На прыём да доктара больш нікога не было. Я смела ўвайшла ў кабінет.- Вы да мяне? Заходзь, раздзявайся,- кажа мне ўрач.І тут я ўбачыла, што ў кабінеце, апрача доктара, яшчэ сядзеў у кутку “бобік” (так людзі называлі паліцаяў).
-Не буду раздзявацца: вы- мужчына, ды яшчэ другі тут…Ні за што не буду. Я лепш заўтра прыйду.Тады доктар папрасіў, каб паліцай пакінуў кабінет. Тады я расшпіліла свой сачак (пінжак), дастала з кішэні “рэцэпт”:- Вось мая “балезнь”.
Доктар ажно пахваліў мяне:- Малайчына: маладая, а якая хітрая і разумная - паліцая сумела вывесці!Прачытаў спіс і кажа:-Ёсць нямнога, але хутка немцы прывязуць яшчэ, і я пакіну. Я дастала з кішэні хустку, разаслала яе на стале. У яе доктар загарнуў лякарствы і абвязаў туга мяне па паясніцы пад сачакам. Так і прынесла ўсё дадому. Прыйшла, а маці плача, што доўга няма мяне.
Так хадзіла пешшу многа разоў, аж пакуль партызаны не выйшлі з нашых лясоў і пагналі немцаў разам з Чырвонай Арміяй. Заўсёды было страшна і холадна, асабліва зімой, бо зімы тады былі марозныя, снежныя. Немцы казалі, што ў нас Сібір сапраўдная.
Удваіх з цёткаю (бацькавай сястрой) мы шылі маскіровачныя плашчы (халаты) з башлыкамі для партызан. Яны іх зімою надзявалі, каб на снезе непрыкметнымі быць. Шылі са свайго кужэльнага белага палатна вось на гэтай швейнай машыне “Зінгер”, што тут стаіць.
А колькі рукавіц павязала! Я навучылася гэта рабіць, калі яшчэ ў школу хадзіла. Вязала і са сваёй воўны, і з той, што партызаны прыносілі ад другіх людзей, у каго авечкі былі. Прывязуць, бывала, кінуць у кучу пражу, воўну. Што было рабіць- праду і вяжу. Трэба было дапамагаць. У маіх рукавіцах і халатах партызаны хадзілі пад Зэльву на чыгунку паязды ўзрываць.
Пяклі хлеб для партызан. Мая работа была мясіць цеста. Бывала, як вымешу -- маці аж дзівіцца:”Ты, дачушка, нібы булкі месіш, так у цябе цеста ад рук адстае!” Мы на хутары жылі, таму партызаны не баяліся прыязджаць да нас нават днём.
Прыедуць, бывала, пакладуць на воз усё (і хлеб, і халаты з рукавіцамі) і павезлі да сябе ў лагер. А там выведуць каня на дарогу, лейцы прывяжуць да драбіны, каб не блыталіся ў яго пад нагамі, і пусцяць назад. Партызаны ніколі назад нашых коней не адганялі, тыя самі вярталіся дадому.
А колькі на заданні прыйшлося пахадзіць! Напрыклад, адбыўся бой: хто-небудзь з нашых застаўся ляжаць паранены, або адбіўся ад сваіх, не ведаючы дарогі. Тады я ў тое сяло іду, распытваю ў людзей асцярожна, а пра сябе кажу, што іду з далёкай дарогі, вады зайшла ў вёску напіцца. Хто-небудзь дый падкажа, дзе знаходзіцца паранены, а потым яго партызаны і забяруць.
Аднойчы партызаны прыехалі да нас папрасіць каня. Я пайшла сама ў хлеў адвязаць яго .-Ой, дзевачка, ён жа цябе заб’е, - кажа адзін з партызан.-Не заб’е! Конь свайго ведае, бо кожны дзень каля яго ходзіш.
Так што адвязала я каня, надзела на яго хамут і аддала ў партызанскі атрад “служыць”. А праз пару тыдняў прыехаў зноў той самы партызан, і аддала я ім другога свайго каня ўзамен на іхняга, худога ды падбітага. Коні ім патрэбны былі, каб “арудзію” цягаць. Не раз потым бачыла сваіх коней. А аднойчы адзін з іх чуць у свой двор не завярнуў, калі міма нашай хаты “арудзію” цягнулі. А з партызанам тым я потым часта бачылася. Падабаўся ён мне, ды і я яму, напэўна. Як цяпер помню яго імя і адрас: Краснадарскі край, Саленоўскі раён, Юкмосаў сельскі Савет, хутар Штурбін, Крыкуноў Іван Аляксандравіч.
Калі вайна заканчвалася і немцаў пагналі з нашай мясцовасці, многія партызаны -“васточнікі” (так мы называлі рускіх салдат, якія ў час адступлення ў чэрвені 1941г. засталіся тут, у нашых лясах) пачалі вяртацца да сябе на радзіму. Пом-ню, прыйшлі да нас Іван Крыкуноў і яшчэ адзін, каб бацька падвёз канём да жалезнадарожнай станцыі. Таму, другому (імя не пом-ню), трэба было за-ехаць у Масты, а далей –на Ленінград. А мой Ванька павінен быў папасці ў Зэльву, а затым ехаць у свой Краснадарскі край. Як мне не хацелася, каб ён ехаў! Але ж я сама не магла сказаць, каб ён застаўся, дзявочая сарамлівасць не дазваляла. Тым больш, што развітваліся мы ў прысутнасці бацькі. Я дала Івану з сабою хлеба, і адпра-віўся ён ў далёкую дарогу.
Праз нейкі час прыйшло пісьмо, у якім Іван прасіў дазволу прыехаць да мяне і застацца жыць. Але цётка не дазволіла, так і сказала: “Прыедзе тут, навядзе дзяцей поўны двор, не будзе дзе падзецца ад іх!”
Нягледзячы на гэта, я усё-такі пазней адважылася напісаць пісьмо Івану, але атрымала паштовы адказ аб тым, што адрасат выбыў”. Вось такая светлая гісторыя партызанскага кахання з сумным канцом… Можа, таму Анастасія Паўлаўна і пражыла ўсё жыццё адна, хаця ў яе яшчэ не раз была магчымасць выйсці замуж.
Напэўна, тая ж прыродная сціпласць стала прычынай і таго, што Анастасія Паўлаўна так і не з’яўляецца ўдельнікам вайны. Дакладней сказаць, не лічыцца такой, нягледзячы на яе даволі істотную дапамогу партызанам. А справа ўся ў адсутнасці дакументальнага пацверджання ўдзелу ў партызанскім руху гэтай маленькай, але вельмі моцнай духам і сілай жанчыны.
Слухаеш яе і ні хвіліны не сумняваешся ў тым, што яе дапамога партызанам ішла ад шчырага жадання зрабіць карысную справу дзеля перамогі над ворагам.
Такой і зараз з’яўляецца баба Насця: добрая, шчырая, адкрытая, гатовая ўсім дапамагчы добрым словам, малітвай, загаворам ад розных хвароб і нягод. Таму ідуць да яе людзі: самі і з дзецьмі. У яе маленькай хатцы заўсёды чыста, прыбрана, па-вясковаму ўтульна. На ложку - саматканыя радзюжкі, подушкі – адна другой большыя, вышытыя сурвэткі на сценах і стале, на падлозе-палавікі…Усё гэта зроблена сваімі рукамі.
У гэтым годзе ў бабы Насці свой юбілей: 10 мая ёй споўнілася роўна 90! Тым не менш, да зімы яе яшчэ можна было часам бачыць па дарозе ў магазін са “сваёй сяброўкай палачкай”. Некалькі гадоў таму назад выбіралася нават у царкву ў Дзярэчын, куды дарогу да кожнай дробязі вывучыла яшчэ ў тыя далёкія ваенныя гады, выконваючы партызанскія заданні.
Аднак гады бяруць сваё. Зараз баба Насця жыве ў сваёй пляменніцы ў Скідзелі, але з прыходам сапраўднага цяпла рвецца дадому, у родныя мясціны. Відаць, усё гэта і ёсць сапраўдны патрыятызм: сціплы, непрыкметны, але такі шчыры і неабходны нам, сённяшнім!
І. ГАРБАЦЭВІЧ,настаўнік гісторыіАзёркаўскай СШ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад