Хлопчыкі і дзяўчынкі дзяржаўнай установы адукацыі “Азёркаўская сярэдняя школа” кожныя канікулы з задавальненнем наведваюць школьны аздараўленчы лагер “Азярынка”, а ў летні перыяд – асабліва.
Выхаваўча-аздараўленчая ўстанова “Азярынка” сардэчна расчыніла свае дзверы для 15 выхаванцаў, якія ўжо сумавалі па вясёлым і цікавым жыцці ў лагеры, сваіх сябрах, настаўніках.
Цёплы сонечны дзень у “Азярынцы” пачаўся з усмешак, прывітанняў, пажаданняў. Адной з важных выхаваўчых задач аздараўленчага лагера з’яўляецца выхаванне ў дзяцей патрыятызму і грамадзянскасці. У рамках мерапрыемстваў праекта “Я родным краем ганаруся” рабяты ўдзельнічаюць у краязнаўчай дзейнасці, назіраюць за жыццём сваёй мясцовасці, знаёмяцца з яе гісторыяй, прыродай, культурнымі асаблівасцямі.
Для таго каб больш дасканала даведацца пра свой край, выхаванцы адпраўляліся ў “экспедыцыю”, дзе былі палаткі, спальныя мяшкі і перашкоды на шляху. Кожны дзень у іх новы маршрут, з сабой у падарожжа яны “бяруць” вясёлы настрой, усмешкі і крочаць насустрач новым уражанням, назіранням, адкрыццям. Іх вабяць духмяныя палі і лугі, блакіт азёр і вадаёмаў. Цікавай для рабят была “Легенда пра возера “Азяранскае”, пагэтаму яны з задавальненнем наведалі возера, любаваліся яго прыгажосцю, празрыстай, цёплай вадой, знаёміліся з жыхарамі вёскі.
Здаецца ўсё знаёма, усё вядома, але выхаванцы пераканаліся ў тым, што аграгарадок Вялікія Азёркі для іх “такі знаёмы незнаёмец…”, у рознае надвор’е ён выглядае па-рознаму. Нават калі ідзе цёплы летні дожджык, ён вабіць чысцінёй, свежасцю, асаблівым водарам.
У рамках мерапрыемстваў да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь прайшла Школа Актыўнага Грамадзяніна. На сустрэчу з рабятамі была запрошана І.А. Гарбацэвіч, настаўнік гісторыі, кіраўнік музея “Наша спадчына”, якая вельмі падрабязна, даступна паведаміла выхаванцам аб гісторыі свята, дасягненнях і гонары нашай краіны, а затым хлопчыкі і дзяўчынкі апынуліся ў “мінулым” – наведалі школьны музей.
Летнія дзянькі бягуць вельмі хутка, вось і амаль палова лагернай змены прайшла. Хлопчыкі і дзяўчынкі ведаюць, што іх чакае яшчэ шмат невядомых сцяжынак сваёй мясцовасці, прыгожых памятных мясцін. Яны ўпэўнены, што людзі, якія тут нарадзіліся, любяць свой край, ганарацца ім і стараюцца зрабіць жыццё ў ім яшчэ лепшым, больш упарадкаваным і шчаслівым.
Таццяна Халецкая, намеснік дырэктара
дзяржаўнай установы адукацыі
“Азёркаўская сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад