Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ў КСУП “Азяранскі” выдаўся ў гэтым годзе незвычайным. Нават сама прырода абвясціла гэты дзень святам. Выпаў першы снег, пакрыў землю, нібы пакрывалам і ўсе ў весцы нагадвала казку.Палявыя справы ўжо завершаны і настаў час адпачынку і свята. А яно пачалося зранку з прыемных святочных віншаванняў ад вучняў і настаўнікаў Азёркаўскай сярэдняй школы.
Шумна, весела, звонка завіталі яны ў 8 гадзін раніцы на мехдвор Букштава, дзе ў гэты час збіраюцца спецыялісты, каб вызначыць накірункі працы на чарговы дзень. Завіталі з песнямі, віншаваннямі, пачастункамі і адразу змяніўся настрой.
Спецыялісты зазначылі, што іх працу заўважылі, прыемна было чуць віншаванні ў свой адрас. Вучні задалі настрой на цэлы дзень, будзе ладзіцца любая праца. Зрабіць прыемнае для іншых, аказаць увагу, падтрымаць – гэта так важна і неабходна для кожнага чалавека. Нашым вучням ёсць у каго вучыцца.
Настаўнікі школы пад кіраўніцтвам дырэктара Мармыш В.А. уласным прыкладам вучаць ствараць прыгожае, рабіць прыемнае, бачыць добрае ў кожнай справе. Так было і сёння. Усе былі апрануты ў народныя касцюмы, з цудоўным настроем і найлепшымі пажаданнямі дабрабыту, росквіту нашай гаспадарцы, матэрыяльнага дабрабыту. Гэта свята і наша агульнае, бо большасць бацькоў нашых вучняў працуюць у гаспадарцы, вучні бачаць іх працу, ім і самым не аднойчы даводзілася дапамагаць па гаспадарцы.
Дык вось гэты каравай, выпечаны з працы бацькоў, сакавітыя яблыкі, якія яны ўручылі дырэктару Палойка В.Г. – падзяка за штодзённую, плённую працу на карысць гаспадарцы, нашай краіны. Школа знаходзіцца побач з праўленнем КСУП “Азяранскі”, таму нам даводзіцца часта звяртацца за дапамогай. Нам ні разу не адмовілі, нягледзячы на тое, што ў гаспадарцы так многа сваіх спраў. В.Г.Палойка – часты госць і ў нашай школе.
Сёння мы гаворым “дзякуй” за дапамогу, за падтрымку. Толькі разам можна добра зрабіць агульную справу, дабіцца поспехаў. Няхай на вашым шляху не будзе перашкод.
Рэгіна Дравіца,
намеснік дырэктара ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад