Канец красавіка гэтага навучальнага года назаўсёды стане запамінальным для дванаццаці навучэнцаў нашай школы. Менавіта ім 27-28 красавіка давялося прадстаўляць Гродзенскую вобласць на ІІ Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый”.
Арганізатарам гэтага цудоўнага свята з’яўляўся УА “Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Рэспубліканскі фестываль-конкурс праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый” аб’яднаў таленавітых, зацікаўленых дзяцей, настаўнікаў, педагогаў дадатковай адукацыі, бацькоў у агульнай справе – вывучэння, аднаўлення і асэнсавання традыцый беларускай народнай спадчыны, культурных здабыткаў малой радзімы!
На заключны рэспубліканскі этап конкурсу было прадстаўлена 82 індывідуальныя і калектыўныя праекты, аўтарамі якіх выступілі каля 300 навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. На фінальную абарону праектаў была абрана 21 работа.
Удзельнікі конкурсу распрацоўвалі праекты ў галіне дэкаратыўна-прыкладной творчасці, музычнага фальклору, беларускай батлейкі, якія накіраваны на даследаванне і мастацкую рэканструкцыю элементаў традыцыйнай культурнай спадчыны, творчае пераасэнсаванне традыцый беларускай народнай культуры ў сучасных умовах.
Наш праект меў назву “Жыве “Котчынская кадрыля”, аўтарамі якога з’яўляліся Дар’я Дзядовіч і Аляксандр Ламака (кіраўнік Т.А. Галавач). Над дадзенай тэмай вучні працавалі даўно, шукалі гістарычны матэрыял пра кадрылі на тэрыторыі Беларусі, сістэматызавалі яго, вывучалі гісторыю мясцовага танца, яго адметныя асаблівасці. Тым больш, гэта вучні, якія самі з задавальненнем танчаць кадрылю, з’яўляюцца ўдзельнікамі фальклорна-танцавальнага гурта “Рэчанька”, якім кіруе загадчык СДК аграгарадка Вялікія Азёркі Шэлястовіч І.М. Такім чынам, праект даў нам новы погляд на вывучэнне самабытнай культуры, зварот да сваіх аўтэнтычных каранёў, на адраджэнне і папулярызацыю народных танцаў, мясцовых культурных традыцый Мастоўшчыны, вяртанне іх у жыццё маладога пакалення шляхам пераемнасці пакаленняў.
У Год гістарычнай памяці аўтары праекта годна прадставілі сваю малую радзіму, раён і вобласць, атрымалі Дыплом ІІ ступені. Для нас гэта высокая ўзнагарода! Разам з тым, нашы вучні пазнаёміліся з іншымі ўдзельнікамі з розных рэгіёнаў рэспублікі, з іх цікавымі праектамі. На працягу двух насычаных хвалюючых дзён мы змаглі палюбавацца прыгажосцю горада Мінска, пазнаёміцца з гістарычнымі і архітэктурнымі пабудовамі.
Вялікія словы падзякі хочацца выказаць арганізатарам фестывалю УА “Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за гасціннасць, цёплы прыём, камфортныя ўмовы пражывання, смачную ежу, маральную і псіхалагічную падтрымку, метадычную дапамогу і парады ўдзельнікам і кіраўнікам праекта.
Аднак гэта цудоўнае свята-фестываль было б проста немагчыма без арганізацыі з боку раённага ўпраўлення адукацыі, раённага аддзела культуры. Таму мы хочам выказаць словы падзякі асабіста начальніку ўпраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама Валянціну Ціхановічу, галоўнаму спецыялісту Людміле Маскевіч, дырэктару Мастоўскага цэнтра культуры Сяргею Фядотаву і проста цудоўнаму чалавеку, нашаму вадзіцелю Васілію Сарока. Вялікі дзякуй хочацца сказаць кіраўніцтву нашай навучальнай установы, загадчыку СДК Ірыне Шэлястовіч, кіраўніку гурта “Рэчанька”, за практычную частку праекта, за танец “Котчынская кадрыля”, усім удзельнікам гурта, а таксама нашаму акампаніятару Шамілю Тайраву, кіраўніку народнага ансамбля народнай песні “Ярыца”. Усім вялікі дзякуй ад імя аўтараў праекта Дар’і Дзядовіч, Аляксандра Ламака і кіраўніка Таццяны Галавач.
Таццяна ГАЛАВАЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад