Здаецца зусім нядаўна ў школах прагучаў першы званок, а ўжо прайшлі і першыя ў гэтым навучальным годзе восеньскія канікулы. Педагагічны калектыў Азёркаўскай сярэдняй школы ведае, што трэба зрабіць для таго, каб яны прайшлі цікава, займальна, з карысцю.
У першыя дні канікул гасцінна адчыніў свае дзверы школьны аздараўленчы лагер “Азярынка”, які наведвалі 10 выхаванцаў 1 – 5 класаў. Таленавітыя, добрыя, крэатыўныя выхавальнікі рабілі кожны дзень не падобны на другі. Хлопчыкі і дзяўчынкі прымалі ўдзел у конкурсах, віктарынах, спартландыях, гульнях. Для малой радзімы ім патрэбна зрабіць вялікія справы: наведаць памятныя, адметныя мясціны сваёй мясцовасці, скласці фотавыставу “Фарбы восені роднага краю”, прыняць удзел у працоўным дэсанце “Апошні лісток”. Кожны дзень рабяты прыходзілі бадзёрыя, з добрым настроем, гатовыя да новых адкрыццяў. Але час прайшоў хутка, надышоў дзень развітання. Хлопчыкі і дзяўчынкі падвялі вынікі, выказалі свае пажаданні на наступную лагерную змену. З імі засталіся незабыўныя дні ў аздараўленчым лагеры, прыемныя ўспаміны. На развітанне яны казалі: “Да новых сустрэч, Азярынка!”.
Прыярытэтным накірункам выхаваўчай работы ў час восеньскіх канікул з'яўляецца фарміраванне грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў на аснове дзяржаўнай ідэалогіі, таму былі арганізаваны мерапрыемствы, прымеркаваныя да падрыхтоўкі і святкавання 80-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Падчас восеньскіх канікул вучні нашай школы прайшлі партызанскімі сцежкамі. У ходзе валанцёрскай акцыі “Помнит сердце, не забудет никогда” прыбралі партызанскія могілкі ў в. Дубраўка, брацкую магілу партызан і ахвяр фашызму, помнік чырвонаармейцам, загінуўшым у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны ў в. Дварок. У 2023 годзе пошукавая група “Азёркаўскія краязнаўцы” разам з кіраўніком школьнага музея “Наша спадчына” правялі даследчую работу і ўстанавілі імя салдата, які пахаваны на могілках у в. Лупачы, – гэта Сердзюк Іван. Дарэчы, вучні школы заўсёды даглядалі помнік з пяціканцовай зоркай на могілках у в. Лупачы, цяпер яны наведалі ўжо вядомае воінскае пахаванне. “Ніхто не забыты, нішто не забыта” – гэты дэвіз для рабят заключаецца ў тым, каб захоўваць вечную памяць аб людзях, чые подзвігі немагчыма забыць. У час велапаходу яны наведалі магілу невядомага салдата ў в. М.Азёркі, прыбралі яе тэрыторыю, усклалі кветкі.
Гледзячы на нашых вучняў, застаешся ўпэўнены ў тым, што мы выхоўваем сапраўдных патрыётаў, якія будуць захоўваць гістарычную праўду, рабіць карысныя справы, стануць сапраўднымі грамадзянамі нашай незалежнай, працвітаючай краіны.
Таццяна ХАЛЕЦКАЯ,
намеснік дырэктара па
выхаваўчай рабоце
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад