Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньНаука и образованиеНаука и образованиеНовости МостовщиныЧто? Где? Когда?Люди нашей МостовщиныЛюди нашей МостовщиныБеларусь - ЭТО МЫ!Нам есть чем гордиться

Асабісты прыклад – магутная зброя ў выхаванні моладзі

Асабісты прыклад – магутная зброя ў выхаванні моладзі25 мая 2024 — 08:30

Настаўнік. Што складае аснову гэтай прафесіі? Веданне свайго прадмета? Так. Уменне прыгожа гаварыць? Вядома. Любоў да дзяцей, уменне слухаць, разумець, перажываць за сваіх вучняў? Несумненна. І, вядома, ён заўсёды павінен заставацца маладым у сваёй працы –  заўсёды быць у пошуку.

Мара дзяцінства

“Тварыць дабро і несці веды”, – гэтыя словы  сталі педагагічным крэда Наталлі Уладзіміраўны Ганцэвіч.

Гэта не проста настаўнік з вялікай літары, гэта чалавек, сустрэўшыся з якім нават проста на вуліцы, вы адчуеце цеплыню ў яе позірку шчырых і добрых вачэй.

Сеяць з любоўю  разумнае, добрае, вечнае… Сёння гэтыя словы хочацца сказаць пра прафесіянала  сваёй справы, шчырага і адказнага чалавека, які заўсёды дасць разумную параду і падтрымае ў складаны момант жыцця.

Стаць настаўніцай гісторыі Наталля Уладзіміраўна  марыла з дзяцінства.

Тыя людзі, якія выбралі ў жыцці прафесію настаўніка, любяць сваю працу і дзяцей. Менавіта таму на ўроках і пазакласных мерапрыемствах Наталлі Уладзіміраўны цікава і пазнавальна. Прысутнічае цеплыня, творчая атмасфера. Настаўнік тонка адчувае настрой класа, умела знаходзіць падыход да кожнага вучня, каб цалкам рэалізаваць магчымасці сваіх выхаванцаў.

Любоў  да  прадмета, глыбокія веды, поўная аддача любімай справе робяць яе заняткі ўрокамі выхавання лепшых чалавечых якасцей. Настаўнік стварае ўмовы для выхавання патрыятызму, грамадзянскасці, любові да роднага краю. Гэтаму садзейнічае выкладанне факультатыўнага занятку “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, у рамках якога настаўнік праводзіць экскурсіі па праваслаўных святынях Беларусі, арганізоўвае сустрэчы са святарамі, пастаянна ўдзельнічае са сваімі вучнямі ў конкурсах пад эгідай Беларускай праваслаўнай царквы. У снежні 2023 года Наталля Уладзіміраўна  была ўзнагароджана дыпломам I ступені XII Каложскіх адкрытых чытанняў “Праваслаўе і айчынная культура: страты і набыткі мінулага, вобраз будучага”.

У міжнародным конкурсе даследчых і творчых  літаратурных работ “Духоўны свет” яе вучні атрымалі дыпломы II і III ступені.

Настаўнік-метадыст

У снежні 2021 года Наталлі Уладзіміраўне першай у нашым раёне прысвоена кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст”. Педагог з задавальненнем дзеліцца вопытам з маладымі калегамі, яе пастаянна запрашаюць чытаць лекцыі і праводзіць майстар-класы для настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

Артыкулы з вопыту працы настаўніка друкуюцца ў раённай газеце, “Настаўніцкай газеце”, прадметных часопісах, на партале ng-press.by.

Вучні Наталлі Уладзіміраўны займаюць прызавыя месцы ў навукова-практычных канферэнцыях, алімпіядах і атрымліваюць высокія балы на цэнтралізаваных экзаменах.

У 2021 годзе ў абласным аглядзе-конкурсе прадметных кабінетаў гісторыі і грамадазнаўства Наталля Уладзіміраўна, як загадчык кабінета, узнагароджана дыпломам I ступені.

Музейная педагогіка

Наталля Уладзіміраўна таксама з’яўляецца кіраўніком школьнага гісторыка-краязнаўчага музея. Асобная экспазіцыя музея прысвечана тэме Вялікай Айчыннай вайны. Сучасная моладзь павінна шанаваць гістарычную памяць сваіх продкаў, каб перадаць яе наступным пакаленням. У раённым этапе абласнога конкурсу “Лепшы музей установы адукацыі” ў  2024 годзе кіраўнік музея атрымала дыплом I ступені.

Цікавыя і пазнавальныя экскурсіі, якія праводзіць Наталля Уладзіміраўна разам са сваімі вучнямі, даюць магчымасць дакрануцца душой да гісторыі і культуры роднага краю.

Асаблівая прафесія

Настаўнік перакананы, што ў выхаванні патрыятызму і грамадзянскасці важна не толькі атрыманне пэўнай інфармацыі краязнаўчага характару, а яе сістэматызацыя, аналіз, параўнанне з агульнымі працэсамі  ў жыцці Айчыны і яе гісторыі, выяўленне агульнага і спецыфічнага. Толькі так мы прыходзім да разумення таго, у чым унікальнасць  і непаўторнасць таго куточка зямлі, на якім мы жывём і які павінны перадаць будучым пакаленням.

Па выніках работы Наталля Уладзіміраўна ў 2021 годзе была занесена на Дошку гонару Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а за распрацоўку адукацыйнага кантэнту для рэспубліканскага адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Настаўніку вельмі прыемна, калі яго вучні прыязджаюць здалёк і з радасцю прыходзяць у школу, каб сустрэцца са сваім любімым настаўнікам, класным кіраўніком. Цвёрдых правіл, якім павінен быць класны кіраўнік, не існуе. Асабісты прыклад – магутная зброя ў выхаванні моладзі. Наталля Уладзіміраўна – сапраўдны сябар для свайго 11“А” класа. На працягу школьных гадоў цікавыя экскурсіі, падарожжы, школьныя мерапрыемствы аб’ядналі вучняў яе класа ў адну дружную сям’ю.

Каб стаць сапраўдным настаўнікам, патрэбна любіць сваю працу, парой нават ахвяраваць чымсьці ў імя любімай справы. Таму што Настаўнік – гэта асаблівая прафесія і выбірае яна асаблівых людзей.

Наталля Уладзіміраўна Ганцэвіч  – чалавек, якога Бог надзяліў дарам вучыць дзяцей. І ў яе жыцці прызванне і прафесія 42 гады ідуць побач.

ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Масты імя Героя Савецкага Саюза Васілія Пятровіча Жукава”

Фота з архіва ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Масты імя Героя Савецкага Саюза Васілія Пятровіча Жукава”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио