Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Апаленая маладосць

Апаленая маладосць24 февраля 2014 — 10:00

Усё далей і далей адыходзяць ад нас гераічныя і трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Але памяць… Людская памяць не дае нам права забываць тых, хто вярнуў нам мірныя світанкі, тых, хто вытрымаў экзамен на адданасць Радзіме, рашучасць, чалавечнасць, адвагу, адказнасць. Нам, нашчадкам герояў Перамогі, неабходна ведаць яе цану.Мы, члены гурткоў “Юны журналіст” і “Літаратурнае краязнаўства”, з хваляваннем ішлі на сустрэчу з Мікалаем Вікенцьевічам Касачом, ветэранам вайны, бо ведалі, што вайна пакінула глыбокі след у душы ветэрана і незабыўную памяць аб тых днях, калі вырашаўся лёс Айчыны.

 Сустрэўшыся з Мікалаем Вікенцьевічам, мы падумалі, ці патрэбна трывожыць былыя раны?   І ўсё-такі разумелі, што ні адна кніга, ні адзін фільм не заменяць сустрэчы з жывым сведкам, хацелася б, апошняй вайны.- Паважаны Мікалай Вікенцьевіч, тры доўгія гады акупацыі Мастоўшчыны, што яны нам прынеслі? - спытаўся Артур Рубцоў.

Гэтыя гады акупацыі ўспамінаюцца Мікалаю Вікенцьевічу беспрасветнай паласой страху і зняважлівай годнасці. Леспрамгас, дзе ён працаваў прыёмшчыкам, разбураны. Пан Казакевіч прыбраў да рук зямлю, адрадзілася батрацтва. У 1944 годзе вораг спаліў родную вёску Рыбалавічы.Потым Мікалай Вікенцьевіч паведаміў нам пра яго апаленую маладосць.

  - Спачатку два месяцы навучання ваеннай справе ў  Горкаўскай вобласці. У жніўні 1944 года я быў прызваны ў Савецкую Армію. Пахлёбка з капусты на рыбным адвары, бярозавыя подсцілкі замест пасцелі, строгая дысцыпліна - гэта нашы салдацкія будні.

Пасля вучобы трапіў у дзеючую армію. Калі пачалася артпадрыхтоўка перад атакай, мне стала не па сабе. Візг “кацюш”, выбухі гармат... Здавалася, што раскалыхалася зямля... Затым баі на Нарве, асколачнае раненне, баі за Ціханаў, Лігніцу, Познань, Кракаў, трывожнае чаканне пад Кёнігсбергам. Ніколі не забудуцца 12 дзён і начэй смертаносных баёў на Одры: горы забітых і вада, чырвоная ад крыві. Праз увесь гэты жах давялося прайсці мне, радавому артылерысту 596-га лёгкага артылерыйскага палка 23-й дывізіі другой ударнай арміі 2-га Беларускага фронту. Мне пашчасціла выжыць у той крывавай бойні.

5 мая 1945 года мой полк сустрэўся на Эльбе з англічанамі. Тут я і сустрэў Перамогу. Але толькі праз год быў дэмабілізаваны. На месцы роднай хаты застаў на хуткую руку пабудаваны домік. - Скажыце, калі ласка, а хто найбольш чакаў вас дахаты? - пацікавілася Паліна.

 - Вядома, маці. Слёзы радасці ў мацярынскіх вачах сталі для мяне ўзнагародай за ўсё перажытае.Як жа трэба любіць Ра-дзіму, якая мужнасць патрэбна,  думалася нам,  каб не проста вынесці страшныя выпрабаванні вайны, не проста выстаяць, а змагацца і перамагаць.

 І сёння грудзі Мікалая Вікенцьевіча ўпрыгожваюць узнагароды: медалі “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй”, ордэн Айчыннай вайны II ступені і шматлікія юбілейныя медалі.Яго нашчадкі – зяць Вячаслаў Нікішын і ўнук Максім – абралі ваенныя прафесіі. Сёння ўжо яны стаяць на варце мірнага жыцця.

Мы разумеем, што абавязаны Мікалаю Вікенцьевічу і ўсім ветэранам вайны сённяшнім мірным жыццём. Вялікі дзякуй вызваліцелям роднай зямлі за блакітнае неба, ласкавыя агеньчыкі роднага горада!             

В. ЖЫЛЕЎСКАЯ, член гуртка  “Юны   журналіст”  ДУА “МРЦТДзМ”                                 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио