Аляксандр Горны, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы:
– 1 студзеня 2024 года беларусы адзначаць сапраўды знакавую гістарычную дату – 105-годдзе першага абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. З нагоды такой падзеі варта ўзгадаць, якім жа чынам адбывалася станаўленне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове і якое яно мела значэнне для нашай краіны.
У ХХ стагоддзі беларусы актывізаваліся і разгарнулі моцны нацыянальны рух. На самым пачатку стагоддзя, яшчэ ў межах Расійскай імперыі, пачалі стварацца масавыя палітычныя арганізацыі, аб’яднанні. Напрыклад, Беларуская сацыялістычная грамада. У гэты ж час у свет выйшла шмат прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку пісьменнікі, паэты, якія распаўсюджвалі беларускую мову, актыўна яе развівалі і пашыралі. Гэтыя дзеячы надавалі вялікую ўвагу беларускай самаідэнтычнасці і вялі актыўную працу ў гэтым накірунку. Прыкладамі такіх выбітных людзей могуць паслужыць усім нам вядомыя Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч. Яны зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё беларускай культуры.
Так, у той перыяд беларускі народ пачаў фарміраваць сваю нацыю, а галоўная ідэя любога нацыянальнага руху – стварэнне ўласнай дзяржаўнасці. І фактычна дадзеная ідэя была рэалізавана менавіта ў савецкім варыянце ў БССР. Вялікую ролю ў афармленні гэтай ідэі – стварэння беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове – адыгралі дзеячы, якія ў той час зблізіліся з партыяй бальшавікоў – Расійскай камуністычнай партыяй. У 1918 годзе дзейнічалі так званыя беларускія секцыі пры Расійскай камуністычнай партыі бальшавікоў. У гэтым накірунку працавала адна частка беларускіх дзеячоў, а другая частка гуртавалася вакол Беларускага нацыянальнага камісарыяту пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР. Менавіта гэтыя дзве структуры з’яўляліся рухаючай сілай працэсу па стварэнні беларускай дзяржаўнасці ў супрацьвагу праекта БНР, які рэалізоўваўся на тэрыторыі Беларусі ў 1918 годзе пад нямецкай акупацыяй.
У канцы 1918 года гэта ідэя была шмат у чым рэалізавана, калі ў Германіі адбылася рэвалюцыя. 10 снежня гэтага ж года войскі Чырвонай Арміі занялі Мінск, але беларускія камуністычныя дзеячы не спяшаліся вяртацца ў Беларусь, і таму ўвесь працэс па стварэнні беларускай дзяржаўнасці рэалізоўваўся ў Смаленску. У канцы снежня 1918 года тут прайшла VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б), на якой са згоды цэнтральнага кіраўніцтва бальшавікоў было прынята рашэнне аб першым абвяшчэнні Савецкай Сацыялістычнай Беларусі і ўтварэнні яе часовага рабочага ўраду. Тады ж дадзеная канферэнцыя была перайменавана ў I з’езд Камуністычнай партыі Беларусі.
А 1 студзеня 1919 года ў Смаленску быў абвешчаны маніфест аб стварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Разам з гэтым быў абвешчаны і маніфест аб стварэнні часовага рабоча-сялянскага ўраду, у які ўваходзіла 19 асоб народных камісараў. Сярод гэтых людзей былі вельмі цікавыя і нават унікальныя, на мой погляд, асобы. Так, старшынёй урада стаў вядомы беларускі пісьменнік, публіцыст, журналіст Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), які яшчэ ў 1917 годзе з’яўляўся адным з кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады. Пасаду народнага сакратара замежных спраў займаў Усевалад Фальскі, які ў мінулым быў адным са стваральнікаў беларускага прафесійнага тэатра. Ва ўрадзе працаваў і Язэп Дыла, які таксама актыўна займаўся тэатральнай справай. А таксама іншыя вядомыя пісьменнікі, літаратары, дзеячы культуры і не толькі.
5 студзеня 1919 года ўрад пераехаў у Мінск, і тады горад фактычна становіцца сталіцай новаўтворанай дзяржавы. Вельмі важным крокам было і тое, што РСФСР 31 студзеня 1919 года афіцыйна прызнала ССРБ незалежнай дзяржавай.
А на I Усебеларускім з’ездзе Саветаў, які адбыўся ўжо пасля названых падзей, у пачатку лютага 1919 года была ўпершыню прынята першая Канстытуцыя ССРБ, у якой прапісваліся асноўныя прынцыпы ўтварэння дзяржавы, урад, заканадаўчыя, выканаўчыя і судовыя ўлады.
Важна адзначыць, што за першы месяц пасля афіцыйнага абвяшчэння ССРБ, было прынята шмат вельмі значных і неабходных рашэнняў. Так, былі зацверджаны дакументы, згодна з якімі на тэрыторыі краіны ўсталёўваўся 8-гадзінны працоўны дзень, адпачынкі. Уводзілася сацыяльнае страхаванне для рабочых ад траўматызму і іншых няшчасных выпадкаў. Акрамя гэтага, былі ўведзены змяненні ў сферу адукацыі, медыцыны і іншых сацыяльных сферах. Усё гэта было зроблена для рэфармавання паўсядзённага жыцця жыхароў краіны.
Канешне, першыя гады існавання ССРБ былі звязаны з даволі вострымі геапалітычнымі падзеямі, якія накрылі Усходнюю Еўропу ў той час: скончылася Першая сусветная вайна, утварылася Польская дзяржава, якая прэтэндавала на адраджэнне Рэчы Паспалітай, адбывалася польска-савецкая вайна. Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, ідэя, што беларускую дзяржаўнасць неабходна развіваць і ўсталёўваць, што гэты працэс сапраўды рэальны і жывы, ужо не пакідала народ. І пасля вызвалення тэрыторый Беларусі і Мінска ад польскіх войскаў летам 1920 года бальшавікі зноў вярнуліся да гэтай ідэі. У выніку 31 ліпеня 1920 года адбылося другое абвяшчэнне ССРБ. І менавіта існаванне ранейшай Беларусі дало падставы савецкаму кіраўніцтву вярнуць гэтую дзяржаўнасць назад.
Гродненская правда
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад