Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНаш край

Аграсядзіба ў Мастах: адпачынак з густам і камфортам

Аграсядзіба ў Мастах: адпачынак з густам і камфортам02 июня 2014 — 10:00

Лепш адзін раз убачыць і на ўласныя вочы ацаніць усе перавагі, утульнасць і камфорт новай аграсядзібы, што, дзякуючы намаганням камунальнай службы раёна, ужо прымае наведвальнікаў. Таму ў адзін з пагодлівых майскіх дзён мы і накіраваліся на вуліцу Янкі Купалы, 62 нашага горада.

Па­-праўдзе, калі не ведаеш, дзе гэта знаходзіцца, не адразу і трапіш. Пераязджаем чыгуначны пераезд, праязджаем яшчэ кіламетр­-другі па дарозе на Малыя Сцяпанішкі і з левага боку здалёк заўважаем прыгожы будынак незвычайнай архітэктуры ў абрамленні высачэзных дрэў. Калі яны былі пасаджаны, кім? Наўрад ці зараз ёсць гэтаму сведкі. Вузлаватыя ствалы гэтых волатаў нават дарослы мужчына можа ахапіць з цяжкасцю. А іх галіны ўзняліся так высока, што, здаецца, драпаюць неба. Летні ветрык лёгка “прабягае” па іх кронах, і яны пачынаюць ціхенька перашэптвацца, быццам хочуць расказаць сваю гісторыю і гісторыю будынка, які яны “ахоўваюць” ад чужога вока.

Як сцвярджаюць гісторыкі, гэты прыгожы дом з калонамі – былы маёнтак памешчыка. Пасля доўгі час тут размяшчалася базавая школа №4 г. Масты, і наваколле напаўнялася гукам школьных званкоў і дзіцячых галасоў. Потым было забыццё, і толькі калі будынак быў перададзены Мастоўскаму РУП ЖКГ, пачалося яго аднаўленне і адраджэнне. Ужо ў новай якасці.

 -- ­­ У тым, што аграсядзіба мае сёння такі прэзентабельны і сучасны выгляд, вялікая заслуга нашага дырэктара С.Г. Фралова. Ён уласна кантраляваў ход рэканструкцыі, унікаючы нават у дробязі. Вось і на днях Сяргей Георгіевіч, знаходзячыся ў водпуску, заязджаў сюды, цікавіўся справамі, даў назву аграсядзібе ­­ “Каля явара”, ­­ -- расказвае спецыяліст па ідэалагічнай рабоце РУП ЖКГ Таццяна Аляксандраўна Хізова, разам з якой мы няспешна падыходзім да цэнтральнага ўвахода. – А работы на самой справе тут былі праведзены каласальныя. Практычна, ад былога будынка засталіся толькі сцены – усё астатняе было заменена. Якасна папрацавалі нашы будаўнікі, рэзчыкі па дрэве, сантэхнікі. Хапіла клопату і забеспячэнцам, бо будаўнічыя матэрыялы і мэблю заказвалі і дастаўлялі з розных месцаў.

  Ля ўвахода нас гасцінна сустракае адміністратар аграсядзібы Іна Уладзіміраўна Габец, якая запрашае ацаніць зробленае.

Пасля летняй гарачыні адразу трапляеш у прыемную прахалоду вялікага хола, які адначасова служыць і гардэробнай. Злева – вялікая банкетная зала на 60­-70 пасадачных месцаў і дзвюма ўваходамі­выхадамі, што вельмі зручна і для гасцей, і для абслугоўваючага персанала. Справа – vip-­зала з шыкоўнай мэбляй і камінам. Адразу адтуль – выхад на кухню.

 ­­ Тут мы не гатуем, нам прывозяць гатовыя стравы, а мы толькі падаграваем, сервіруем і падаём на сталы, ­­ тлумачыць Іна Уладзіміраўна, дэманструючы неабходную бытавую тэхніку, сучасныя кухонныя прыстасаванні і посуд. Усё гэта, дарэчы, разлічана не толькі для абслугоўвання банкетаў, але і для адпачываючых, якія могуць завітаць у аграсядзібу, напрыклад, на выхадныя. Камунальнікі на чале з дырэктарам С.Г. Фраловым прадумалі і гэты варыянт.

  Па драўлянай лесвіцы падымаемся на другі паверх, дзе абсталяваны два камфартабельныя спальныя пакоі. Несумненна, адпачынак у гэтых светлых, залітых сонцам пакоях з прыгожай і зручнай мэбляй і тэлевізарам, абсталяванымі санвузламі, будзе прыемны і маладажонам, якія спяшаюцца адасобіцца, і турыстам, якія мараць аб цішыні і спакоі хаця б на некаторы час.

Іна Уладзіміраўна дэманструе падрыхтаваныя для гасцей ручнікі і спальныя прыналежнасці, у шафе маюцца плечыкі для      адзення, а ў ванным пакоі – фен для сушкі валасоў.­­ -- Хутка тут яшчэ будуць устаноўлены кандыцыянеры. З’явіцца апошні і ў вялікай банкетнай зале, ­­ -- адзначае наша суразмоўца.

 Што яшчэ звяртае на сябе ўвагу, дык гэта гарманічнае спалучэнне мэблі з інтэр’ерам, а таксама ўдалае дапаўненне ў выглядзе карцін і букетаў, выкананых у тэхніцы экібана. Усё  гэта разам стварае атмасферу хатняй утульнасці, даступнага камфорту і добрага настрою.

Акрамя таго, на тэрыторыі аграсядзібы створаны ўмовы і для актыўнага адпачынку. Ужо ўкладзена штучнае пакрыццё тэніснага корта. У час нашага наведвання інструктар­метадыст па спорту РУП ЖКГ С. В. Ткачук з памочніцамі якраз рабілі разметку спартыўнай пляцоўкі для гульні ў тэніс. Побач з ёю – арыгінальныя драўляныя лавачкі, змайстраваныя вакол дрэў, і драўляны калодзеж з мядзведзянятамі. У планах – падрыхтоўка поля для гульні ў гольф і пракладка веласіпеднай дарожкі.

Адным словам, нельга не пагадзіцца з нашымі суразмоўцамі, што новая аграсядзіба – адно з лепшых месцаў як для правядзення сямейных урачыстасцей і банкетаў, так і для адпачынку ад гарадской мітусні. Завітайце на вуліцу Янкі Купалы, 62, і ацаніце ўсё самі.

Н.ШЭЎЧЫК

Фота С. ЗВЯРОВІЧА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио