Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныБлоги наших журналистовСтанислав ЗверовичНовости МостовщиныНаш край

Аграгарадок Струбніца не згубіўся на шляхах гісторыі

Аграгарадок Струбніца не згубіўся на шляхах гісторыі14 марта 2019 — 15:20

Настаўніца Рэгіна Станіславаўна Вялічка нарадзілася і ўсё сваё жыццё пражыла ў Струбніцы. Пра сваю родную вёску, а цяпер ужо аграгарадок, яна ведае, здаецца, усё. Мы папрасілі Рэгіну Станіславаўну расказаць пра найбольш адметныя падзеі гэтага куточка малой радзімы.

Дык колькі стагоддзяў стаіць на гэтай зямлі Струбніца?

–  Упершыню вёска ўпамінаецца ў 1413 годзе. Як вынікае з апісання войск Вялікага княства Літоўскага, наша  мясцовасць   у 1567 годзе належала сям’і Камаеўскіх герба Трубы. Гэта быў найстарэйшы шляхецкі род у Ваўкавыскім павеце. Належала Струбніца Яну Юр’евічу Камаеўскаму, маршалку гаспадарчаму і старасце ковеньскаму, а затым ў ліку уладальнікаў былі Аляксандр Камаеўскі, скарбнік ваўкавыскі,  Феліцыян Камаеўскі, лоўчы ваўкавыскі, а таксама браты Якуб і Людвік, апошні займаў пасаду мечніка ваўкавыскага.

У першай палове 16 стагоддзя, магчыма, Струбніца належала каралеве Боне, дзе яна ў 1553 годзе заснавала касцёл.  Ён быў адным з нямногіх  касцёлаў у нашым краі. Найбліжэйшы касцёл быў у Волпе, пабудаваны ў 1478 годзе, а яшчэ ў Мастах, заснаваны таксама Бонай. Касцёлаў у Росі, Песках, Крамяніцы і Рагозніцы ў той час не было.

Сучасны будынак Свята-Троіцкага касцёла быў пабудаваны з дрэва на паўднёвай ускраіне вёскі ў 1740 годзе, мураваныя брама і званіца – у 1856 годзе. Наш касцёл з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства і ахоўваецца дзяржавай.

– Лёс Струбніцы ў многім звязаны з вядомым магнацкім родам Біспінгаў. Раскажыце пра гэта.

  У 1796 годзе Струбніца пераходзіць да роду Біспінгаў. Ва ўласнасці яго нашчадкаў заставалася да 1939 года, перадаючыся пачаргова  ў спадчыну Яну Тадэвушу (1741-1822), маршалку старадубаўскаму, Адаму (1782-1858), палкоўніку, Юзафу (1845-1897) і Казіміру (1887-1941), сенатару ІІ Рэчы Паспалітай. Большасць нашчадкаў роду Біспінгаў і некаторыя з Камаеўскіх пахаваны каля струбніцкага касцёла.

Біспінгі былі руплівымі гаспадарамі і ў мінулыя стагоддзі прынеслі славу Струбніцы як буйнога маёнтка, які меў статус ардынацыі, што азначае непадзельную і неадчужальную ўласнасць магнацкага роду.

 Сям’я Біспінгаў пражывала ў вялікім двухпавярховым доме, які мясціўся сярод парку. Там раслі даволі рэдкія дрэвы: лістоўніцы, кедры, белыя таполі. Захавалася частка ліпавай алеі і старая лістоўніца, як сведка былой велічы і прыгажосці.  Парк вакол дома быў абнесены агароджай з чырвонай цэглы на мураваным падмурку. Цэглу Біспінгі выраблялі на ўласнай цагельні, якая знаходзілася недалёка ад вёскі Пескі.  Як сведка аб яе існаванні, у школьным музеі ў Песках  захоўваецца адзіная цагліна з кляймом-надпісам аб месцы вырабу. З такой жа цэглы была зроблена і агороджа мясцовых могілак, якая захавалася да нашага часу ў добрым стане.

Недалёка ад дома Біспінгаў знаходзіліся розныя гаспадарчыя пабудовы, рэшткі якіх захаваліся да нашага часу. Тут размяшчалася “млячарня” – будынак, дзе перапрацоўвалі і захоўвалі малако. Ён часткова захаваўся, як і размешчаная пад ім лядоўня. За ім знаходзіўся ўвесь гаспадарчы двор. Не маглі гаспадарлівыя і працавітыя  нашы продкі не выкарыстаць такі моцны і танны будаўнічы матэрыял, як камень. У былой панскай сядзібе амаль усе гаспадарчыя пабудовы былі каменныя, а ўсе дарогі вакол сядзібы брукаваныя.  Мураваны трохпавярховы свіран, пабудаваны ў 1911 годзе, выкарыстоўваецца ў калгаснай гаспадарцы ў прамым значэнні і зараз. Вакол вялікай брукаванай плошчы ў цэнтры па перыметры размяшчаліся: з поўначы і поўдня – жылыя памяшканні, з захаду – памяшканні  для жывёлы, з усходу – кузня і сталярня. Унутраны двор меў тры ўваходы, два гаспадарчыя, а адзін – парадны.

Паны Біспінгі мелі ўласны невялікі спіртзавод. Ад яго засталася толькі частка сцяны і добра захаваны свіран. Гарэлка, якая выпускалася Біспінгамі, мела сваю этыкетку і назву “Зарэнчкова”.

Да пачатку ХХ ст. Біспінгі і ўсё мясцовае насельніцтва карысталіся вадзяным млыном, складзеным з мясцовай чырвонай цэглы,  але магутнасць яго была невялікай, бо рачулка не давала патрэбнага напору вады. Таму ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя быў пабудаваны драўляны механічны млын. Ён выкарыстоўваўся амаль стагоддзе. Зараз будынак зачынены.

Біспінгі былі дбайнымі і багатымі гаспадарамі. Каменныя мураваныя гаспадарчыя пабудовы яны мелі не толькі ў Струбніцы, але і ў Дуляўшчыне.   Будынкі былі мураваныя, з двух’яруснай страхой.      

   Рэгіна Станіславаўна, Вы ўспомнілі пра вадзяны млын, будынак якога захаваўся. Але ж на Вашай малой радзіме, каля  вёскі Струбніца, працякае некалькі невялікіх ручаёў і рачулак. І ніводная не мае назвы…

Адзіная рачулка ў нашай мясцовасці, якая мае назву, гэта невялікая рэчачка Марачоўка каля в.Дуляўшчына. Пачынаецца яна на лузе за вёскай, працякае праз сетку сажалак, абмінае вёску Міжава і ўпадае ў раку Зяльвянку. Калісьці на берагах Марачоўкі людзі здабывалі торф для паліва, а ў вадзе вадзілася вялікая колькасць рыбы і  ракаў. Але паўсюднае асушэнне балот прайшло і ў нас. Нашы рачулкі была каналізаваны, гэта значыць па рэчышчы былі пракапаны каналы, а берагі асушаны і акультураны. Вядома, людзі імкнуліся паставіць прыроднае багацце на службу чалавеку. Яшчэ ў канцы 19 стагоддзя ў былым маёнтку Струбніца па загаду яго ўладальніка  Біспінга былі выкапаны ўручную вадаёмы, так званыя ставы, дзе разводзілі рыбу. Пасля 1939 года быў утвораны рыбгас. Летам 1978 года падчас навальнічных дажджоў узровень вады ў ставах рэзка падняўся і пад яе ціскам былі разбураны грэблі. Некалькі гадоў струбніцкія ставы былі ў заняпадзе, пакуль іх не ўзяў у арэнду мясцовы жыхар Казімір Капач. Ён заняўся аднаўленнем вадаёмаў, стварыў уласную рыбную гаспадарку – “Рыбгас Струбніцкі”.

– У 1941 годзе ў былым маёнтку Біспінгаў быў утвораны адзін з  першых у нашым раёне калгасаў…

– Так, яго членамі сталі былыя наёмныя работнікі і дэмабілізаваныя воіны. Таму калгас і атрымаў назву “Чырвоная зорка”. Гэтая гаспадарка з цэнтрам у Струбніцы пакінула пра сябе добрую памяць. У нашай вёсцы жыве апошні яе кіраўнік Канстанцін Галушка. Наш калгас быў адным з лепшых на Мастоўшчыне, заўсёды на рахунку меў уласныя грошы і многа будаваў: мехдвор, жывёлагадоўчыя памяшканні, жыллё для сялян. Дзякуючы гаспадарцы, Струбніца стала адным з буйнейшых населеных пунктаў раёна, тут пражывала больш як паўтысячы чалавек. Многія лепшыя працаўнікі былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Так, Э.І.Чура быў удастоены ордэна Леніна, П.В.Краўцэвіч і Л.Г.Салаўёва атрымалі ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Наша малая радзіма Струбніца з’явілася пачаткам шляху для многіх вядомых людзей, якія сталі ўрачамі, педагогамі, будаўнікамі, навуковымі работнікамі, працуюць у органах дзяржаўнага кіравання, яна ж дала ім сілу і натхненне для дасягнення вяршынь прафесійнага і грамадскага росту.

С. ЗВЯРОВІЧ

Фота аўтара 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио