Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныБлоги наших журналистовСтанислав ЗверовичНовости МостовщиныНаш край

Аграгарадок Пацавічы на скрыжаванні эпох

Аграгарадок Пацавічы на скрыжаванні эпох28 сентября 2018 — 14:20

­ А вы ведаеце, што ў Пацавічах (мясцовыя людзі кажуць Пацэвічах) калісьці працавала медная мануфактура, што недалёка ад вёскі знаходзяцца помнік паўстанцам Каліноўскага і старэйшая ў раёне царква, што тут у старажытныя часы  здабывалі крэмній?­ пытаецца Наталля Іванаўна. І сцвярджае: “Гістарычных мясцін у нас шмат”.

Продкам нашым спадабалася Зяльвянка

У старажытныя часы людзі сяліліся каля рэк. Магчыма, вёска ўзнікла  б на самым беразе Зяльвянкі, калі б не надта балоцістыя мясціны. У даўнейшыя часы Багна­Схеды былі найвялікшым балотам у нашай мясцовасці. Таму вёска з’явілася крыху воддаль ад ракі, ад першага дома да яе каля кіламетра. Аднак будынкі мясцовых памешчыкаў знаходзіліся побач з Зяльвянкай.

­ Дакументы сцвярджаюць,­расказвае Н. Сарока,­ што першыя людзі каля вёскі Пацавічы з’явіліся прыкладна каля 10 тысяч гадоў таму назад. Сляды паселішчаў каменнага і бронзавага вякоў былі знойдзены на правым высокім пясчаным беразе ракі Зяльвянкі недалёка ад вёскі, ва ўрочышчы Канабаі, у раёне былой панскай сядзібы.  Падчас раскопак былі зной­дзены шматлікія прадметы каменнага і бронзавага вякоў, сярод якіх каменныя сякеры, якія знаходзяцца ў экспазіцыі школьнага  музея.

Але найбольшую цікавасць для нас уяўляе крэмнездабываючая шахта, якая размяшчалася на паўднёвым усходзе ад Пацавіч. Россыпы крэмнію да гэтага часу можна ўбачыць на палях вакол  вёскі.

У вёсцы жылі беларусы і жэмайты

­Вядома, што ўсіх цікавіць, адкуль пайшла назва вёскі,­расказвае Наталля Іванаўна.­ Ёсць падставы меркаваць, што назва вёскі пайшла ад прозвішча вядомага ў Беларусі магнацкага роду Пацаў, прадстаўнікі якога займалі важныя дзяржаўныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім і валодалі шматлікімі маёнткамі ў Прынёманскім краі. У далейшым маёнтак купіў жэмайт Стырпейка. У 1856 го­дзе ён прывёз у Пацавічы
8 сем’яў, якіх выпісаў з маёнтка Котлава Ковенскай губерніі. Так у вёсцы з’явіліся людзі з прозвішчамі Цынкус, Бэкман, Скірко, Аляшкевіч.

Стырпейка быў прадпрымальным чалавекам. Займаўся не толькі сельскай гаспадаркай, але і арганізоўваў розныя мануфактуры. У Пацавічах дзейнічала меднаапрацоўчая мануфактура, дзе вырабляліся дзвярныя ручкі, медныя чайнікі, рондалі, падносы і іншыя прадметы хатняга ўжытку. Паводле архіўных дакументаў у 1815 годзе там было апрацавана 715  пудоў медзі.

Недалёка ад вёскі, на беразе ракі Зяльвянкі, прыкладна ў пачатку 19­га стагоддзя быў пабудаваны вялікі млын, дзе сяляне з Пацавіч і навакольных вёсак малолі зерне, вальцавалі муку. Падчас вайны млын быў разбураны, плаціна знішчана, застаўся адзін падмурак і руіны.

У пасляваенныя гады млын аднавілі. Там з 1961 па 1965 гады працавала калгасная электрастанцыя, якая давала святло ў Пацавічы да поўнай электрыфікацыі раёна.

Побач з вёскай дзейнічалі цагельны завод, вінакурня і іншыя невялікія прадпрыемствы.

На іх працавалі мясцовыя сяляне. Людзі жылі дружна, дапамагалі адзін аднаму, вёска развівалася.

Сляды мінулага на пацавіцкай зямлі

Ля вёскі Пацавічы ёсць шмат помнікаў розных эпох. Адзін з самых значных ­ капліца святой Ганны. Як расказала Н. Сарока, сярод мясцовых жыхароў існуе легенда, што каля 150 гадоў таму назад на тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца капліца, на вялікім камені пачала з’яўляцца жанчына са свечкай у руцэ. Гэта была Прамаці Хрыста – Праведніца Ганна. Калі да яе набліжаліся людзі, жанчына знікала. Тагачасны святар Самуйлавіцкай царквы Сава Кульчыцкі прыняў рашэнне перанесці камень да храма ў вёску Самуйлавічы. Паводле падання, яго з цяжкасцю маглі перавезці некалькі валоў. Тады Праведная Ганна пачала ўяўляцца самому святару. Айцец Сава быў вымушаны вярнуць камень на ранейшае месца, куды яго без цяжкасці давёз усяго адзін вол.  І на месцы з’яўлення святой у 1867 годзе была пабудавана капліца, у падмурак якой пакладзены той самы камень. Асвечана капліца ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы са святкаваннем Дня Прачыстай  Праведнай Ганны.

На тэрыторыі храма па ініцыятыве Мастоўскага райвыканкама ў 2009 го­дзе быў усталяваны помнік салдатам рускай арміі, якія загінулі ў гады Першай сусветнай вайны.  У 1915 годзе баявыя дзеянні праходзілі ў Прынёманскім краі. У 1916 годзе войскі Заходняга фронту правялі Баранавіцкую наступальную аперацыю, якая пракацілася і па нашых землях. Мы не ведаем імёнаў загінуўшых воінаў, пахаваных каля капліцы. Але цяпер на Мастоўшчыне ёсць помнік, да якога кожны жыхар раёна, які страціў свайго продка ў тую далёкую вайну, можа ўскласці кветкі і памаліцца за спачын  яго душы.

На ўскрайку лесу за Пацавічамі ёсць помнік паўстанцам Кастуся Каліноўскага.

А каля дарогі паміж вёскамі Пацавічы і Самуйлавічы знаходзіцца цікавы памятны знак. На гэтым месцы раней стаяла круглая вежа. Яе фотаздымак знаходзіцца ў Гродзенскім гісторыка­краязнаўчым музеі, але і там няма звестак, калі і навошта яна была пабудавана.  Ёсць здагадка, што гэта быў межавы знак зямельных уладанняў графа Аскіркі, які валодаў Самуйлавічамі, і магнацкага роду Пацаў, якія валодалі Пацавічамі.  А магчыма, гэта была частка ўязных варот. Па іншай версіі, гэта знак таго, што побач быў размешчаны цагельны завод.  Некаторыя сцвярджаюць, што гэта стары верставы слуп часоў Кацярыны ІІ.  На карысць гэтага сведчыць тое, што куты падмурка накіраваны дакладна па баках свету: на поўнач, захад, усход і поўдзень.

У 2007 годзе былы жыхар вёскі Пацавічы, прадпрымальнік,  на ўласныя сродкі рэканструяваў слуп. Наверсе з’явіўся праваслаўны крыж, які пазней быў асвечаны, а на адным з бакоў помніка ­ абраз Мікалая Цудатворца – апекуна падарожных і  вадзіцеляў.

У цэнтры аграгарадка Пацавічы, на скрыжаванні дзвюх вуліц, знаходзіцца помнік загінуўшым землякам і магіла малодшага лейтэнанта П. Д. Чарменнава, які загінуў пры вызваленні вёскі.  У гады Вялікай Айчыннай вайны 47 аднавяскоўцаў пайшлі на фронт на абарону Радзімы, 18 з іх не вярнуліся дадому. Помнік землякам і магіла Чарменнава знаходзіцца ва ўзорным парадку.  Землякі шануюць памяць аб тых, хто заваяваў для іх свабоду.

У пасляваенныя гады вёска абнаўлялася. Цяпер гэта сучасны населены пункт, аграгарадок,  з развітай інфраструктурай. Прыгожыя чыстыя вуліцы, сучасныя  дагледжаныя дамы, дзіцячы сад­сярэдняя школа з прышкольным інтэрнатам, клуб, магазін, бібліятэка.  Шмат зялёных насаджэнняў, кветак. Пацавічы  сталі прыгожымі і добраўпарадкаванымі.

 

 

С.ЗВЯРОВІЧ

 

Фота аўтара

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио