
Служыў краіне, як сэрцу было загадана.
Прафесія – Айчыну абараняць!
Заслугі? – Вернасць Радзіме, Беларусі…
15 лютага – гэта асаблівая дата, дата пачатку вываду савецкіх войск з Афганістана. У кожнага, хто ваяваў і хто аддаваў загады, свой погляд на падзеі гэтай вайны…
Праз вайну прайшло 550 тысяч салдат і афіцэраў Савецкага Саюза, звыш 15 тысяч воінаў загінулі на чужой зямлі. Гэта самыя вялікія страты Савецкай Арміі. І памяць да гэтага часу адгукаецца болем у людскіх сэрцах.
У гонар 36-й гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана ў ДУА “Дубненская сярэдняя школа імя Андрэя Сцяпанавіча Данілава” прайшла дыялогавая пляцоўка. На мерапрыемства былі запрошаны воін-інтэрнацыяналіст Мікалай Малчанаў, які прысвяціў сябе службе Радзіме. Ён падзяліўся ўспамінамі ваеннага мінулага, расказаў пра жыццё да вайны і пасля яе, пра ўчынкі саслужыўцаў, даў наказ будучаму пакаленню – жыць мірна, без вайны. Павіншавала ветэрана вайны старшыня Мастоўскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Цыбульская.
– Сёння мы спадзяёмся на моладзь – гэта наша будучыня. Яна павінна памятаць пра тых, хто аддаў сваё жыццё за мірны час сёння, тых, хто сумленна выканаў воінскі абавязак, рызыкаваў сабою дзеля нас з вамі, дзеля ўсіх людзей. Галоўнае – не дапусціць такія падзеі зноў. І гэта ўжо ў вашых руках, моладзь, – адзначыў Мікалай Юр’евіч.
Наша сустрэча – ушанаванне памяці ўсіх воінаў, якія звязаны лёсам з трагічнай афганскай вайной. І сёння чуваць адгалоскі Афганістана. Ён гучыць у песнях, вершах, аповедах і ўспамінах. Мы адчуваем у іх услаўленне Радзімы, доўг, гонар і баявое таварыства.
Радзіме – не зведаць горыч тых дзён, што перажылі нашы воіны-інтэрнацыяналісты! Дарослым – шанаваць памяць аб загінуўшых земляках! Моладзі – захаваць мірную зямлю і людскасць!
Дзякуй нашым воінам-афганцам!
Крысціна ВАХРУШАВА, педагог-арганізатар
ДУА “Дубненская сярэдняя школа імя Андрэя Сцяпанавіча Данілава”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад