Традыцыям беларускага народа, захаванню і развіццю нацыянальнай культуры быў прысвечаны Адзіны дзень інфармавання, што прайшоў на Мастоўшчыне 18 кастрычніка.
Таксама падчас сустрэч інфармацыйна-прапагандысцкіх груп з насельніцтвам у працоўных калектывах і па месцы жыхарства гаворка ішла аб актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзеншчыны і Мастоўшчыны за 9 месяцаў бягучага года, абстаноўцы з пажарамі, гібеллю людзей ад іх і прымаемых мерах па яе стабілізацыі. Асаблівая ўвага была нададзена пытанню дыспансерызацыі, як метаду ранняга выяўлення захворванняў, зніжэння ўзроўня смяротнасці і стабілізацыі дэмаграфічных паказчыкаў у раёнах вобласці.
Прадстаўнікі раённых інфармацыйных груп выступілі ў калектывах філіяла “Дубна”, РУП ЖКГ, райветстанцыі, ясляў-сада №2 г. Масты, ДРБУ-208, Мастоўскага філіяла Гродзенскага спажыўтаварыства, раённай бібліятэкі.
У цэнтральнай раённай бальніцы сустрэча прайшла з удзелам прадстаўніка абласной группы інфармавання, галоўнага рэдактара газеты “Гродзенская праўда” Ліліі Навіцкай.
Абмяркоўваючы тэму культуры, было адзначана, што кіраўнік дзяржавы бачыць галоўную задачу гэтай сферы ў тым, каб актывізаваць інтэлектульныя і духоўныя сілы нашага народа, падтрымаць ініцыятыву ў мэтах захавання гістарычнай спадчыны, пад’ёму на новы ўзровень сучаснага мастацтва і выхавання ў беларусаў любві да сваёй Айчыны. На гэта накіравана дзейнасць бібліятэк, устаноў клубнага тыпу, музеяй, калектываў мастацкай самадзейнасці і рамеснікаў, беларускага кінематографа і творчай моладзі.
Культурным абслугоўваннем насельніцтва Мастоўскага раёна займаюцца 6 устаноў з 36 філіяламі, дзе плённа працуюць 243 чалавекі. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 19 гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сярод іх такія аб’екты нематэрыльнай культурнай спадчыны, як мясцовы танцавальны стыль “Котчынская кадрыля” вёскі Котчына і традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў аграгарадка Гудзевічы.
У Год малой радзімы на Мастоўшчыне было праведзена шэраг яркіх і запамінальных мерапрымстваў. У бліжэйшы час мастаўчане стануць удзельнікамі святочных праграм, прысвечаных 100-годдзю камсамола, Дню Кастрычніцкай рэвалюцыі, Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, дабрачыннага канцэрта “Падзяліся цяплом душы сваёй”, прысвечанага Дню інвалідаў, гарадскога конкурсу “Юная мастаўчанка” і брэндавага мерапрыемства ў аграгарадку Лунна – свята нацыяльнай кухні “Лунненскія пачастункі”.
Супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях звярнуліся да тэмы забеспячэння і выканання правіл бяспекі ў асенне-зімовы пажаранебяспечны перыяд. На жаль, ужо ў самым яго пачатку наш раён адкрыў лік ахвярам пажару.
- У ноч з 13 на 14 кастрычніка з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні загінулі жыхар вёскі Малыя Сцяпанішкі і яго сябар, жыхар Лідскага раёна, - канстатаваў факт намеснік начальніка РАНС Аляксандр Ганцэвіч. - А 8 кастрычніка ў вёсцы Масты Правыя выратавальнікамі быў ліквідаваны пажар, прычынай якога стала парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення. Разам з тым, за 9 месяцаў у вобласці было зафіксавана 8 фактаў станоўчай спрацоўкі аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, у выніку чаго самастойна пакінулі задымленыя памяшканні 17 чалавек, з іх шасцёра дзяцей.
Што такое дыспансерызацыя, для чаго яна патрэбна, якія абследаванні неабходна прайсці ў яе рамках і ці шмат захворванняў выяўляецца пры правядзенні абавязковых медыцынскіх аглядаў? На гэтыя і іншыя пытанні прагучалі адказы ў выступленні галоўнага Ўрача Мастоўскай ЦРБ В.Ліса.
- Пры дыспансерызацыі прыкладна ў 5 працэнтаў насельніцтва выўяляюцца якіясьці захворванні, - адзначыў Валерый Баляслававіч. - Рэгулярная дыспансерызацыя дазваляе выявіць фактары рызыкі сардэчна-сасудзістых, анкалагічных захворванняў, цукровага дыябету – найбольш распаўсюджаных прычын інваліднасці і заўчаснай смерці. Да фактараў рызыкі гэтых хвароб адносяцца павышаны ціск і высокі ўзровень халестэрыну, курэнне, нерацыяльнае харчаванне, атлусценне, празмернае ўжыванне алкаголю, нізкая фізічная актыўнасць. Таму такое важнае значэнне надаецца прафілактычным мерам, адной з якіх і з’яўляецца дыспансерызацыя.
Н.ШЭЎЧЫК
Фота аўтара, І. БОЧКО, С. ЗВЯРОВІЧА
При использовании авторских материалов гиперссылка на сайт www.mosty-zara.by обязательна.
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад