Пуцявінамі беларускага пісьменства
З 1 лютага па 31 сакавіка 2022 года рэдакцыяй часопіса “Роднае слова” і філалагічным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта быў абвешчаны конкурс эсэ “Пуцявінамі беларускага пісьменства”, прысвечаны Году гістарычнай памяці.
Конкурс скіраваны на папулярызацыю і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы, самавызначэнне і развіццё творчых здольнасцей школьнікаў. Да ўдзелу запрашаліся вучні 10-11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Паколькі на конкурс было даслана больш за 350 работ, то падводзіліся вынікі толькі 15 красавіка на філалагічным факультэце БДУ.
У намінацыі “Аповед пра сустрэчу з пісьменнікамі-землякамі” вучаніца 11 “Б” класа дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №5 г. Масты” Ксенія Пяцэвіч стала пераможцай. Дыплом, сертыфікат і каштоўны падарунак уручыла галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Наталля Шапран.
У сваёй рабоце Ксенія па-мастацку арыгінальна паведаміла пра сустрэчу вучняў школы з паэтамі-землякамі пад назвай “Роднаму краю часцінку душы прысвячаю…”. Мерапрыемства было арганізавана працаўнікамі сектара па абслугоўванні дзіцячага чытача Мастоўскай раённай бібліятэкі. Вяла сустрэчу бібліятэкар Святлана Лазарэнка. Імпрэза ўключала электронную прэзентацыю, у якой разнастайна і цікава прадстаўлена творчасць паэтаў- землякоў Зінаіды Біліды і Мікалая Іваноўскага, аповед пра творчы шлях маладой паэткі Алены Бяйдук. Творцы не назойліва заклікаюць любіць родных, сяброў, даражыць сяброўствам, шанаваць чалавека, захоўваць прыроду, бачыць яе прыгажосць.
Свае вершы на сустрэчы чытала Галіна Васілеўская – паэтка, мастачка, фатограф, спецыяліст па камп’ютарнай графіцы, рэжысёр лялечнага ўзорнага тэатра “Пятрушка”, член Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Моцна ўразіла прадстаўленая паэткай відэапрэзентацыя “Роднаму краю часцінку душы прысвячаю…”, якая складаецца з васьмідзесяці слайдаў. Неверагодныя па прыгажосці фотаздымкі-слайды суправаджаліся чатырохрадкоўямі. Такое адчуванне, нібы аўтара зачараваў непаўторны міг і акунуў яго ў святло і хараство роднай мовы. Звяртаючыся да прысутных, яна шчыра папрасіла шанаваць і развіваць святыню нацыі – мову. Убачанае і пачутае лягло ў аснову эсэ “Гарэць душою – не грэх…”
Хочацца пажадаць Ксеніі творчага натхнення і новых перамог.
Наталля ГРУДСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад