Выраз “як вучым, так і жывём” здаецца некалькі павярхоўным і прымітыўным, але, па сутнасці, гэта правільнае і глыбокае меркаванне, бо школа дае старт у жыцці.
Каб адпавядаць высокім стандартам і патрабаванням эпохі, сучаснаму выпускніку неабходны веды ў розных галінах, ён павінен умець засвойваць новыя спосабы і віды дзейнасці. І залог будучага гарманічнага, цікавага жыцця – якасць адукацыі, якая непасрэдна залежыць ад якасцей педагога і якасцей адукацыйнага асяроддзя.
Калектыў Дубненскай сярэдняй школы імя Андрэя Сцяпанавіча Данілава бачыць мэту сваёй работы ў тым, каб у кожным вучні запаліць агонь творчасці, даць імпульс самаразвіццю, паказаць разнастайнасць выбару, раскрыць грані здольнасцей кожнага.
Грань першая. Так трымаць!
Алімпіяднаму руху – фізкульт-ура!
Яе прызванне – спорт, прафесія – настаўнік фізічнай культуры і здароўя, дэвіз – быць заўсёды ў выдатнай форме. Гэта пра адметнага прафесіянала сваёй справы Марыю Касазубаву, якая пераканана, што кожнае дзіця таленавітае па-свойму. Створаная ва ўстанове сістэма работы забяспечвае паспяховасць спартыўнай дзейнасці навучэнцаў, рэалізацыю асобаснага патэнцыялу і ўласнага вектара развіцця. У 2024 годзе выхаванцы Марыі Аляксандраўны прымалі ўдзел у алімпіядзе па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” і заваявалі дыплом IІІ ступені пераможцы, дзве граматы за дасягнутыя поспехі на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, два дыпломы I ступені і два дыпломы ІІІ ступені абласной алімпіяды сярод навучэнцаў II ступені агульнай сярэдняй адукацыі, сталі пераможцамі шматлікіх раённых і абласных спартыўных спаборніцтваў.
Грань другая. Памяці героя будзем дастойны
У бягучым навучальным годзе школе прысвоена імя легендарнага ваеннага лётчыка Андрэя Сцяпанавіча Данілава. Імянная школа – гэта не проста ганаровая назва, але і велізарны патэнцыял для грамадзянска-патрыятычнага выхавання. У рамках работы ваенна-патрыятычнага клуба “Патрыёт” сабраны матэрыялы, якія датычацца жыцця, дзейнасці і баявога шляху А.С. Данілава. Пошукоўцамі наладжана сувязь з роднымі Данілава, якія пражываюць у Маскве, а таксама ў г. Аткарску Саратаўскай вобласці, радзіме героя. Вядзецца перапіска з членамі рэдакцыйнай калегіі “Аткарскай газеты”. Сабраны копіі архіўных матэрыялаў, у тым ліку з сямейных архіваў В.Г. Шчарбаковай, унучатай пляменніцы А.С. Данілава.
Працягваем пошукавую работу. Размаўляем аб мужнасці і гераізме. Удзельнічаем у патрыятычных акцыях. Бярэм на сябе абавязак абараняць гістарычную памяць. Схіляемся перад подзвігам герояў.
Грань трэцяя. Энергазберажэнне
Гэта справа для ўсіх, карысць для кожнага. У дзейнасці педагагічнага калектыву створана інфармацыйная прастора па засваенні тэарэтычнай базы і практычнага вопыту ў галіне энергазберажэння. Вучні-пачаткоўцы падчас факультатыўных заняткаў пад кіраўніцтвам педагогаў спрабуюць уявіць сваё жыццё без вады, святла, цяпла, электрычнасці і іншых выгод цывілізацыі. Пытанні энергазберажэння інтэгруюцца ў змест ўрокаў рознай накіраванасці. Таксама немалаважную ролю ў выхаванні культуры энергазберажэння ў навучэнцаў адыгрываюць пазакласныя мерапрыемствы. Навучэнец ІХ класа Мікіта Сядач пад кіраўніцтвам настаўніка інфарматыкі Вольгі Кавалеўскай і настаўніка пачатковых класаў Кацярыны Сямёнавай распрацаваў гульню «ПолеЭнергія», якая ў абласным этапе XVII рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” адзначана дыпломам І ступені ў намінацыі “Гейміфікацыя ў энергазберажэнні”. Атрыманая грашовая прэмія была выкарыстана на набыццё энергазберагальных шклопакетаў для прадметных кабінетаў. Вось такая карысць для кожнага!
Грань чацвёртая. Прафесійны рост маладых педагогаў
Мінулы год багаты на маладых спецыялістаў – іх трое, што складае амаль пятую частку ад усяго педагагічнага калектыву. Вопытныя педагогі Эліна Місцюк, Ірына Кандратовіч, Алена Якусевіч дапамагаюць сваім маладым калегам паспяхова рэалізоўваць амбіцыі і актыўна ўваходзіць у адукацыйны працэс праз сістэму настаўніцтва. Як вынік, на “выдатна” прадставіла на раённай сцэне прафесію педагога і перамагла ў конкурсе сярод маладых спецыялістаў устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў Мастоўскага раёна “Малады спецыяліст XXI стагоддзя” настаўнік нямецкай мовы Яніна Шэршань, пакарыўшы кампетэнтнае журы і гледачоў глыбінёй разумення місіі настаўніка, інтэлігентнасцю, сцэнічным майстэрствам.
Грань пятая. Стварэнне практыка-арыентаванага адукацыйнага асяроддзя
Педагогі сур’ёзна ставяцца да пытанняў вучэбна-метадычнага забеспячэння працы прадметных кабінетаў. Рознапланавы дыдактычны і раздатачны матэрыял, тэсты для тэматычнага і выніковага кантролю, творчыя працы настаўнікаў і навучэнцаў, матэрыялы для падрыхтоўкі і правядзенння алімпіяд, матэрыялы прадметных тыдняў, кніжны фонд, табліцы і плакаты маюцца ў кожным вучэбным кабінеце. Творчы падыход, сістэмнасць і змястоўнасць, арыгінальнасць стылю эстэтычнага афармлення праявіла настаўнік матэматыкі вышэйшай катэгорыі Алена Мінько. Праца педагога адзначана дыпломам ІІ ступені ў абласным этапе агляда-конкурса прадметных кабінетаў.
Як бачым, Дубненская сярэдняя школа імя Андрэя Сцяпанавіча Данілава стварае якасную і прывабную прастору для вучняў, дае надзейны старт у жыцці.
Дзіна Лазовік, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад