Гульні ў шашкі і шахматы, аказваецца, могуць прама прапарцыянальна ўздзейнічаюць на эфектыўнасць працы. Не верыце? Гэту формулу нядаўна даказаў шахматна-шашачны турнір, які прайшоў у Дубна.
Ідэю яго правядзення ўжо даўно выношвала старшыня Дубненскага сельсавета Руслана Фёдараўна Якімчук. І вось, у канцы лістапада, задумка здзейснілася. Спецыяльна для гэтай мэты пры садзеянні ПУП “Дубна”, прафкама сельгаспрадпрыемства, сельвыканкама і філіяла “Мастоўскі кумпячок” былі закуплены шашкі, шахматы і 2 дартса. Па папярэдняму заказу для пераможцаў былі выраблены спецыяльныя медалі з беларускай сімволікай і надпісам “Дубна. Лістапад. 2010”. Аб гэтым паклапаціўся начальнік аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Пятровіч Кухлей. У арганізацыю мерапрыемства вялікі ўклад унесла і арганізатар фізкультурна-аздараўленчай работы, трэнер па веславанню Дубненскага філіяла ДЮСШ №1 Наталля Мікалаеўна Зяньковіч.
Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 20 чалавек з самых розных працоўных калектываў. Былі прадстаўнікі ад філіяла “Мастоўскі кумпячок”, ПУП “Дубна”, Дубненскага сельвыканкама, Дубненскага ўчастка РУП ЖКГ, дзіцячага сада, школы і іншыя.
Мужчыны і жанчыны змагаліся паасобку. Турнір быў эмацыянальны, цікавы і напружаны, бо кожны хацеў атрымаць перамогу.Такім чынам, першае месца па дартсу заваявала Любоў Лагод-ская, 2-е месца – Валянціна Даранчук і 3-е – Святлана Карповіч. У спаборніцтве па шахматах на першым месцы апынуліся Аляксей Рахунак (сярод мужчын) і Галіна Шырокая (сярод жанчын). Другія месцы заваявалі Міхаіл Давыдзік і Вольга Летунова. Трэцяе месца дасталося Івану Чуманку. У спаборніцтве па шашках першыя месцы заваявалі Мікалай Валковіч і Ганна Марко, на другім апынуліся Сяргей Кузняцоў і Тамара Сідаровіч і на трэцім – Ксенія Целеш.
Пераможцам уручылі памятныя медалі і падарункі. А таксама для ўсіх удзельнікаў быў арганізаваны салодкі стол. Усе засталіся вельмі задаволенымі ад праведзеных спаборніцтваў. Удзельнікі адзначылі, што яны прыемна адпачылі, атрымалі добрую разумовую і фізічную разрадку, прасілі і ў далейшым праводзіць такія турніры.
А колькі станоўчых эмоцый падарылі спаборніцтвы ўсім удзельнікам! Руслана Фёдараўна нават адзначыла: “Вось убачыце, заўтра ў вас усіх кафіцыент карыснага дзеяння на працы будзе стопрацэнтным”. Так яно і сталася, бо і пасля турніру ўдзельнікаў яшчэ доўга не пакідаў прыўзняты настрой і найлепшыя ўражанні. А з такім запасам энергіі, як вядома, любая справа пад сілу!
А. КАНДРАТОВІЧ
На здымках: у час спаборніцтваў
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад