Адкрыты лік поспехам, дасягненням і перамогам сёлетняга года навучэнцаў Мастоўскай дзіцячай школы мастацтваў. З двух Міжнародных конкурсаў юныя вакалісты і інструменталісты прывезлі 11 дыпломаў, сярод якіх 5 – першай ступені, столькі ж – другой ступені і адзін дыплом намінанта на Гран-пры.
Першымі ў гэтым годзе на сцежку творчых спаборніцтваў выйшлі навучэнцы выкладчыка па класу віяланчэлі Алены Вячаславаўны Шчаўлік. Удзел у Міжнародным фестывалі дзіцячай і юнацкай творчасці “Мы разам”, які праходзіў у Брэсце з 9 па 12 студзеня, прынёс юным талентам Мастоўшчыны не толькі паспяховыя вынікі, але і прыемныя ўражанні ад падарожжа на цягніку.
- Усе рабяты вялікія малайцы, старанна і якасна падрыхтаваліся, матывацыя ва ўсіх была толькі на паспяховае выступленне, і ў выніку ўсё атрымалася, - адзначае Алена Вячаславаўна. – Лаўрэатамі II ступені ў малодшай узроставай катэгорыі сталі віяланчалісты Аксана Самайловіч і Улад Хільмановіч. У гэтай жа узроставай групе дыпломам лаўрэата другой ступені ўзнагароджана Ксенія Крывец, вучаніца выкладчыка Марыны Уладзіміраўны Шапялевіч, якая дастойна прадставіла клас фартэпіяна.
Сярод канкурсантаў па класу віяланчэлі ў сярэдняй узроставай групе дыпломам лаўрэата I ступені ўзнагароджаны Алёна Карпава, 7 клас і Анастасія Копач, якая навучаецца па скарочаным курсе і збіраецца паступаць у ДУА “Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж”.
- Вялікую дапамогу рабятам аказалі канцэртмайстры Мікіта Шапялевіч і Аліна Гайдукевіч. Вельмі ўдзячны мы за падтрымку, разуменне і бацькам нашых выхаванцаў, без іх актыўнага ўдзелу нічога не атрымалася б, - выказала падзяку Алена Вячаславаўна Шчаўлік.
Задаволена выступленнем сваіх навучэнцаў на Міжнародным Гранд-конкурсе “Талент года”, які адбыўся 19 студзеня ў Мінску, і выкладчык па класу харавых дысцыплін Галіна Іосіфаўна Мішурына:
- Было даволі складана: вялікая эмацыяльная і фізічная нагрузка, моцная канкурэнцыя сярод удзельнікаў конкурсу, ўсе нашы канкурсанты рыхтавалі да выступлення новыя творы. Аднак дзяўчаты здолелі пераадолець свае страхі, справіліся з хваляваннем і даказалі сабе і сапернікам, што яны могуць прэтэндаваць на высокія ўзнагароды.
Званне лаўрэата I ступені заваяваў дуэт “Спяваючыя званочкі” у складзе Юліі Віннік і Яны Шчука. Юная Ульяна Тупякова стала лаўрэатам I ступені сярод салістаў у сваёй узроставай групе. Юлія Віннік з’яўляецца ўладальніцай адразу дзвюх значных узнагарод: дыплома лаўрэата I ступені ў намінацыі “Акадэмічны вакал (сола)” і дыплома намінанта на Гран-пры.
Дыпломам лаўрэата II ступені ўзнагароджаны дуэт “Чароўны рамонак” у складзе Анастасіі Віннік і Лізаветы Андрэевай. Лаўрэатам II ступені стала Яна Шчука сярод салістаў старэйшага ўзросту.
У дастойным выніку – сумесныя намаганні саміх дзяўчат, іх педагога Галіны Іосіфауны Мішурынай, канцэртмайстраў Надзеі Байгот і Марыны Аніперка, а таксама бацькоў.
Н.ШЭЎЧЫК
Фота А.ШЧАЎЛІК і Г.МІШУРЫНАЙ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад