
Сшыткі, пёравыя ручкі, савецкія парты, што плаўна пераходзяць у крэслы, школьная форма, якой ужо пяцьдзясят гадоў… Цяжка паверыць, што гэта ўжо ‒ артэфакты мінулага, экспанаты, якія «лунаюць» па свеце ўжо паўстагоддзя. Менавіта гэткую выставу адкрылі ў Гудзевіцкім краязнаўчым музеі.
Новая экспазіцыя прысвечана пачатку навучальнага года. У музеі зрабілі невялічкую рэканструкцыю пачатковага класа вясковай школы. Яе трэба разглядаць, шукаць дэталі і адметныя рысы. Іх насамрэч хапае.
Напрыклад, ляжыць на парце сшытак па арыфметыцы нейкай трэцякласніцы. Вельмі старанна выводзіла 10-гадовая дзяўчынка свае імя і прозвішча ‒ “Валя Бібіла”. Гэта было ў 1959 годзе, а зараз пасталеўшая дзяўчынка Валя ‒ доктар юрыдычных навук, прафесар Валянціна Мікалаеўна, заслужаны работнік БДУ. Чалавек яшчэ жыве і працуе, а яе дзіцячыя рэчы ўжо ператварыліся ў экспанаты ‒ сведкі мінулага…
Настаўніцкі стол ‒ месца для вянца калекцыі. Гэта не класны журнал і не нататнік, а звычайны, на першы погляд, глобус. Аднак здзіўляюць дзве рэчы. Па-першае, глобус гэты датуецца 1939 годам, а па-другое, як кажа дырэктар музея Таццяна Прудзілка, гэта адзіны ў свеце глобус на беларускай мове! Прыглядаемся і насамрэч бачым: “Аравійскае мора”, “Адыс-Абеба”. Акуратна круцім ‒ і знаходзім сучасную сталіцу, а тады ‒ Менск.
Алфавіт ля грыфельнай дошкі зрабіў настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алесь Белакоз разам са сваімі вучнямі. З яго нагоды школьнікі актыўна перапісваліся з касманаўтамі ды кампазітарамі ды яшчэ хадзілі ў так званыя “фальклорныя экспедыцыі” ‒ збіралі элементы вуснай народнай творчасці ў розных вёсках. Дзякуючы Алесю Белакозу, Гудзевіцкі краязнаўчы музей меў больш за 12 тысяч экспанатаў. Зараз гэтая лічба пераваліла за 17 тысяч.
Экспазіцыя толькі часовая: палюбавацца ёю, знайсці і дакрануцца да мінулага можна да 29 верасня.
Віктар МОХАНЬ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад