У ролі Дзеда Мароза выступяць мясцовыя паштальёны
На Новы год і Каляды прынята родным і блізкім дарыць падарункі. Малыя дзеці думаюць, што гэта падарунак ад шчодрага і добрага Дзеда Мароза. Многія не перастаюць верыць у казачнага Дзеда Мароза, нават стаўшы дарослымі. Нікому не хочацца развітвацца з казкай і цудам.
А на Новы год, што не пажадаецца, тое і збудзецца. Мая знаёмая чатырохгадовая Даша, адпраўляючыся раніцай у дзіцячы сад, не прамінае заглянуць у паштовую скрынку. Малая не забылася, што ў мінулым годзе яна атрымала па пошце падарунак ад самога Дзеда Мороза. Колькі радасці тады было! Даша і цяпер спадзяецца дачакацца ў госці з падарункам Дзеда Мароза.
І сёлета нашы паштальёны, па добрай традыцыі, гатовы выступіць у ролі шчодрага Дзеда Мароза і парадаваць дзяцей падарункамі. На гэты раз у падарачны камплект уваходзяць віншавальная паштоўка, сімпатычны плюшавы заяц—сімвал надыходзячага года, кніга “Навагоднія прыгоды”, а таксама шакаладка. Каштуе такі падарачны набор 23 тысячы рублёў.
Больш чым за сто падарункаў мяркуюць даставіць у навагоднія дні нашы паштальёны хлопчыкам і дзяўчынкам. Аб гэтым паведаміў начальнік раённага вузла паштовай сувязі І. І. Павайба.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад