Жніво на Мастоўшчыне набірае тэмп. На ўчарашнюю раніцу было ўбрана 28 працэнтаў зерневых і зернебабовых. Намалочана амаль 16 тысяч тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 39,8 цэнтнера з гектара.
Адзін з самых высокіх намалотаў – 44,4 цэнтнера на круг – дае азімае трыцікале. Пад гэтую культуру ў гаспадарках адвялі найбольшую плошчу – 5184 гектары. Яшчэ 2789 гектараў займае ячмень, 2849 гектараў азімая пшаніца, ураджайнасць якой 46,2 цэнтнера з гектара. Убіраюцца практычна ўсе культуры, у тым ліку авёс і зернебабовыя, якія таксама паспелі да гэтага часу. Таму важна правесці жніво якасна, з мінімальнымі стратамі – такая задача стаіць перад хлебаробамі.
Уборка азімага рапсу ў раёне завяршылася на лічбах 2086 тон пры ўраджайнасці ў 22 цэнтнеры. Добры ўраджай гэтая культура дала ў ААТ “Чарлёна” – 33,5 цэнтнера на круг. Гаспадарка па дадзенаму паказчыку ўвайшла ў дзесятку лепшых сельгаспрадпрыемстваў вобласці.
Няблага ідуць справы ў закрытым акцыянерным таварыстве “Гудзевічы”, дзе аднымі з першых прыступілі да ўборкі зерневых і лідзіруюць па тэмпах жніва. На хлебным палетку гаспадаркі шчыруюць 13 камбайнаў. За штурвалам кожнага – вопытныя і адказныя механізатары, для якіх сёлетняе жніво далёка не першае.
Добра ведаюць хлебаробчую справу камбайнеры Мікалай Уладзіміравіч Багдан, Ігар Анатольевіч Маляўка, Іван Іванавіч Валюшка, Валерый Часлававіч Барташ, Валерый Мечыслававіч Мешка, якіх мы сустрэлі да пачатку працоўнага дня на мехдвары ў Пілках. Галоўны інжынер гаспадаркі Мікалай Міхайлавіч Славута называе іх нязвыклым для сяла словам – эліта.
- Гэтыя хлопцы кожнае поле ведаюць да драбніц і да тэхнікі ставяцца беражліва, яны не цураюцца аніякай работы, умеюць працаваць на вынік і не падводзяць у патрэбны час, - удакладняе Мікалай Міхайлавіч.
Безумоўна, на тое, каб уборка хлеба прайшла якасна і ў тэрмін, без парушэнняў аховы працы і правіл пажарнай бяспекі, нацэлены і камбайнеры, і спецыялісты. У ЗАТ “Гудзевічы” створана аператыўная група, якая сочыць за гэтымі і шэрагам іншых пытанняў, пільна рэагуе на ўзнікаючыя праблемы і дапамагае ў іх вырашэнні. У гэтую работу актыўна ўключылася і пярвічка прафсаюза гаспадаркі, у цэнтры ўвагі якой – арганізацыя харчавання хлебаробаў, аплата працы, умовы працоўнага саперніцтва.
Па ініцыятыве кіраўніцтва раёна, штодня ў гаспадарках падымаецца сцяг працоўнай славы ў гонар перадавікоў ўборкі і абнаўляецца экран спаборніцтва.
Да слова, раённы камітэт прафсаюза работнікаў АПК, згодна з умовамі раённага спаборніцтва на ўборцы зерневых і зернебабовых, плануе ўшанаваць і адзначыць грашовымі прэміямі першых “тысячнікаў” Мастоўшчыны з ліку камбайнераў і вадзіцеляў. І гэта яшчэ адзін дадатковы стымул працаваць якасна і прадукцыйна.
Па дадзеных райсельгасхарчу на раніцу 29 ліпеня, хлебаробы закрытага акцыянернага таварыства “Гудзевічы” абмалацілі 866 гектараў з 2565 неабходных. Радуе мясцовых хлебаробаў трыцікале і пшаніца – яны даюць ад 46,8 да 51,9 цэнтнера з гектара. Так што гудзевіцкая хлебная ніва, клапатліва дагледжаная руплівымі і дбайнымі працаўнікамі, абяцае быць шчодрай, а каравай з зерня новага ўраджаю – важкім.
Н.ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад