У шаснаццаць год амаль кожны бачыць сябе героем, лічыць здольным, калі не на гераічны, дык хоць бы на ўчынак, дастойны захаплення і павагі. Праўда, калі наступае той рашаючы для подзвіга момант, на яго аказваюцца здольнымі і гатовымі толькі адзінкі. І ніхто дакладна не бярэцца прадказаць, каго чакае слава і павага.
Яшчэ зранку дзевятнаццатага ліпеня Дзмітрый Халупа, навучэнец Слонімскага прафесійна-тэхнічнага ліцэя, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, адным словам, для яго быў звычайны дзень. А ўжо вечарам пра геройства Дзімы загаварыла ўся Вялікая Рагозніца, нават дарослыя мужчыны з павагай паціскалі яму руку і гаварылі: “ Ты, Дзіма, маладзец, сапраўдны герой!”
Было спякотна. І апоўдні Дзіма са сваёй стрыечнай сястрой Машай вырашылі схадзіць на мясцовы вадаём. Каля семнаццаці гадзін там, як і заўсёды ў спякотныя дні, адпачывала і плавала нямала людзей, у тым ліку і дзяцей. Спачатку Дзіма не звярнуў ўвагі на крыкі дзяцей: “Ратуйце, топяцца людзі!” Хлопец думаў: малыя жартуюць.
Калі прыгледзеўся і зразумеў, што сапраўды топяцца людзі, без доўгіх ваганняў кінуўся на дапамогу. Дзмітрый з васьмі год добра плавае, займаецца спортам. Малога Жэню ён вынес з вады без асаблівых цяжкасцей, А каб выцягнуць з вады мужчыну, давялося клікаць на падмогу: вельмі слізкія былі пліты, пакрытыя цінай, яны не дазвалялі хутка выбрацца на бераг.
Ужо пазней на беразе Дзмітрый, як сапраўдны выратавальнік, аказваў пацярпелым першую медыцынскую дапамогу. А дома юнага героя са слязьмі і абдымкамі сустракалі мамы— яго ўласная і Людміла Іосіфаўна, мама Жэні.
Ірына Станіславаўна Халупа, мама Дзмітрыя, і цяпер не скрывае трывогі за сына, расказвае, што вельмі хвалявалася за яго, бо з Дзімай і вадой былі звязаны непрыемныя выпадкі, пакуль не пабачыла сына жывым і цэлым, у галаву лезлі ўсякія недарэчныя думкі. Яшчэ больш удзячна Дзмітрыю Людміла Іосі-фаўна Палубок, мама выратаванага Жэні.
У гераічным учынку Дзмітрыя ёсць і знак лёсу. Яго самога двойчы выратоўвалі ад няшчасця на вадзе, апошні раз у паза- мінулым годзе, калі, ныраючы, хлопец сур’ёзна параніў галаву.
—Цяпер мая чарга быць выратавальнікам для іншых,— сур’ёзна тлумачыць свой учынак Дзмітрый Халупа.Палічылі сваім абавязкам выказаць словы ўдзячнасці геройскаму хлопцу і работнікі Мастоўскай выратавальнай станцыі. Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад