02 июня 2026 — 15:26
Мастоўшчына працягвае прывабліваць турыстаў і мясцовых жыхароў сваімі брэндавымі мерапрыемствамі. Пачынае шэраг перлаў Нёманскага краю свята “Па сцежках спадчыны”, што ладзяць Вялікія Азёркі.
Што пра нас кажуць суседзі і самі беларусы часцей за ўсё? Так, працаваць любім, з задавальненнем і якасна. Але чамусьці забываюцца: акрамя працы беларусы яшчэ і бавяць час таксама з задавальненнем, гучна і яскрава. А які адпачынак без танцаў?
Танец ‒ што тая ж мова, мае шмат “дыялектаў” і мясцовых адметнасцей. Таму і кадрыля ў кожнай мясцовасці свая. Калі на захадзе кадрылю танцавалі ў прыдворных пакоях ды бальных залах, то на нашай зямлі яна расцяклася ручайкамі па ўсіх рэгіёнах краіны. У кожным танец набыў свае адметнасці, але ўсё роўна застаўся побытавым парным танцам.
На свята “Па сцежках спадчыны” з’ехаліся амаль што ўсе аматары кадрылі. Акрамя мастаўчан, на мерапрыемства завіталі з Навагрудка, Шчучына, Зэльвы ды Карэлічаў. Не даехалі да Азёркаў толькі ашмянцы, і, як пажартавалі арганізатары, гэта нагода завітаць да іх.







На свяце прысутнічалі і ганаровыя госці: намеснік старшыні райвыканкама Марына Давыдзік і старшыня Курылавіцкага сельсавета Сяргей Каспяровіч. Марына Осіпаўна вельмі цёпла павітала ўдзельнікаў і гасцей свята:
‒ Ведаеце, наша краіна такая невялікая, але такая багатая на культурную спадчыну, і ў тым ліку і танцы, якія мы пераймалі ад нашых бабуль і дзядуль і цяпер перадаем малодшым. Прыемна бачыць сёння на свяце і дарослых, і дзяцей, што шануюць беларускую культуру і будуць яе надзейнымі захавальнікамі. Каб сёння вам танцавалася лёгка, з пылаючым сэрцам!

І пачалося свята! Першымі на сцэну выйшлі гаспадары з котчынскай кадрыляй, і выступалі яны не пад фанаграму, а жывы акампанемент музыкаў з РЦК.



Гэтак жа паступілі і карэлічане са сваёй тудараўскай кадрыляй: для іх іграў ансамбль “Цырынскія музыкі”.







Кожны калектыў намагаўся зрабіць свой танец непадобным да іншых. Напрыклад, зэльвенцы падкідалі хустачку пасярод харэаграфічнага элементу. Хтосьці танцаваў моўчкі, а хтосьці, калі змяняў пару, гучна крычаў. Асабліва заліхвацкі выдавалі сваё “ё-ё-ё-ё-ё-ё-ёй!” дзяўчаты: трошкі расчырванелыя ад скокаў, але з усмешкай на ўвесь твар, якую абрамляла пунсовая памада.






Але ж што гэта за свята, калі сядзіш і глядзіш, як танцуюць іншыя? Непарадак! Таму арганізатары зладзілі яшчэ і майстар-клас па народных танцах. Яго правялі ўдзельнікі народнага тэатральнага калектыву Аксіння Занькавец, Эліна Кадыргулава, Ілля Аскірка, Арына Радзінская ды Ілля Маскаль. Апошні, дарэчы, і ўзначаліў усіх жадаючых станцаваць калі не кадрылю, то хаця б польку.

‒ Ну што вы стаіце, быццам помнікі! ‒ кажа сваім памочнікам Ілля, разыгрываючы хлопчыка-габрэя.
Усе хуценька знаходзяць пару. Спачатку, быццам немаўляткі, вучацца крочыць, але ж па-танцавальнаму. Потым бяруцца за “Качан” ды “Базар” ‒ побытавыя гульнявыя танцы. Ілля з памочнікамі вядзе астатніх, і з кожным нумарам дыхае ўсё цяжэй: танцы і гутарка не спрыяюць адзін аднаму.
‒ Ой, завіхаецца, міленькі! ‒ спачувае хтосьці хлопцу, седзячы на лаўцы.


На апошні танец выйшлі нават госці ‒ удзельнікі народных калектываў. Зайграла музыка (нешта падобнае да знакамітай казачай “Ойся, ты ойся”) ‒ і як пайшлі ўсе ў пляс. Нават аўтар, які амаль не танцуе, раз-пораз прытупваў ножкай, азіраючы свята. Пачуццё нейкага танцавальнага адзінства ахапіла ўсе пары і не знікла нават тады, калі змоўклі апошнія акорды.





Вось якім атрымалася свята “Па сцежках спадчыны” ‒ яшчэ адзін спосаб заглянуць у мінулае і пакланіцца продкам. Што захоўваем традыцыі, што памятаем, што перадаем даўніну далей. І гэта толькі першае мерапрыемства з шэрагу брэндавых святаў Мастоўшчыны. Наступны раз абавязкова завітайце ў Струбніцу 13 чэрвеня, дзе адбудзецца фэст “Свята, поўнае пашаны”, якое ўжо акрэслілі “самым самабытным святам Мастоўшчыны”.
Віктар МОХАНЬ
Фота аўтара
"Па сцежках спадчыны - 2026"
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад














































































