Штогод 15 верасня ў нашай краіне адзначаецца Дзень бібліятэк. Акрамя таго, што гэта прафесійнае свята работнікаў бібліятэк, гэты дзень аб’ядноўвае чытачоў, літаратараў, пісьменнікаў і ўсіх, хто любіць добрую і шчырую кнігу. А захавальнікі кніжнага багацця стараюцца яшчэ больш зацікавіць і захапіць сваіх сяброў новымі творчымі знаходкамі і крэатыўнымі ідэямі.
Сёлетні бібліядзень у нашым раёне таксама напоўнены цікавымі і пазнавальнымі мерапрыемствамі, прымеркаванымі і да прафесійнага свята, і да Дня народнага адзінства.
Павіншавала супрацоўнікаў бібліятэчнай сферы Мастоўшчыны намеснік старшыні райвыканкама Марына Давыдзік, выказаўшы словы падзякі за творчы запал і ўменне прывіваць любоў да кнігі.
З самай раніцы бібліятэчны дэсант адправіўся ў сельскія населеныя пункты, каб і вяскоўцы мелі магчымасць далучыцца да мастацкага слова.
Душой дакрануцца да роднага слова змаглі ўдзельнікі сустрэчы з пісьменнікам, членам Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалаем Іваноўскім.
Ён расказаў пра сваю сям’ю, свой род, гісторыя свайго творчага шляху і адказаў на пытанні, чаму трэба любіць сваю Радзіму, шанаваць яе гісторыю і культуру, традыцыі продкаў. Пачытаў Мікалай Пятровіч і свае вершы, напоўненыя тонкім гумарам і трапным беларускім словам.
Гульнёвая праграма “Мульці-пульці” зацікавіла самых юных чытачоў, якія завіталі ў раённую бібліятэку.
Дарэчы, у фае РЦК увага наведвальнікаў была скіравана на інсталяцыю “Я люблю бібліятэку”, ай-стопер “ВООК-сімпатыя”, фотасушку #Мастоўшчына чытаючая. Многія сталі ўдзельнікамі акцый “Чытай-мер” і “BOOK-LOOK” “Кніжны драйв”.
Шмат прыемных пазітыўных эмоцый прынесла мастаўчанам творчая сустрэча з пісьменнікам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі за 2020 год Віктарам Праўдзіным. Яе назва “Слова робіць чалавека” найлепш перадае тую атмасферу і настрой, што панавалі ў зале раённага цэнтра культуры. Цікавы субяседнік змог так захапіць увагу слухачоў, што раўнадушных падчас шчырай амаль сямейнай размовы не было.
Адзначым, што Віктар Праўдзін нарадзіўся ў Лідзе ў 1955 годзе, а яго дзіцячыя і юнацкія ўспаміны звязаны з Шаркаўшчынским раёнам Віцебскай вобласці. Служыў у ваенна-марскім флоце, скончыў Мінскую вышэйшую школу МУС СССР, працаваў у праваахоўных органах. Зараз жыве ў Мінску.
Пісаць аповеды пачаў падчас службы ў міліцыі: жыццё падкідвала старшаму ўчастковаму складаныя сюжэты з ашаламляльнымі развязкамі. А пасля выхаду ў адстаўку цалкам аддаўся літаратурнай творчасці: працаваў намеснікам галоўнага рэдактара літаратурных часопісаў “Нёман” і “Полымя”, галоўным рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Аўтар расказаў, што ўсе сюжэтныя лініі яго апавяданняў і раманаў маюць пад сабой пэўныя жыццёвыя сітуацыя і выпадкі. А яшчэ яго творы нясуць выхаваўчую мэту – гэта своеасаблівы наказ моладзі, каб не рабілі ўчынкі, за якія пасля будзе сорамна.
Пісьменнік адказаў на ўсе пытанні, якія прагучалі падчас сустрэчы. Адзін з іх быў пра яго адносіны да палітыкі.
– На маім лецішчы на дзевяціметровым флагштоку лунае дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. І з’явіўся ён не ў сувязі з падзеямі мінулага года, а чатыры гады таму назад. Усё пачалося з выпадку. Неяк быў у радні ў Юрмале і заўважыў, што там на кожнай хаце прымацаваны дзяржаўны сцяг. Вярнуўся дамоў і вырашыў, што гэта добры прыклад. Купіў беларускі сцяг і павесіў. Заўжды адчуваю гонар, – выказаў меркаванне Віктар Аляксандравіч. – Я – за Беларусь, за нашу дзяржаву, Прэзідэнта, парадак і стабільнасць. У мяне ёсць свая цвёрдая пазіцыя, бо я бачыў развал моцнай дзяржавы – Савецкага Саюза – і не хачу прыкрага паўтору. Таму падтрымліваю асноўную думку Дня народнага адзінства, які мы будзем адзначаць 17 верасня, – мы адзіны народ і адзіная нацыя.
Пасля сустрэчы Віктар Праўдзін падпісаў свае кнігі ўсім жадаючым.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад