На канцэрце трэцяга ліпеня, у дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, прыхільнікі народнага ансамбля “Ярыца”, які дзейнічае пры раённым Доме культуры, убачаць любімых артыстаў у новых сцэнічных касцюмах.Васемнаццаць прыгожых касцюмаў шыюцца зараз для артыстаў у Мінску ў рэспубліканскім унітарным вытворчым прадпрыемстве “Тэатральныя майстэрні”. На вопратку для артыстаў выдаткавана каля 120 мільёнаў рублёў.
На гэтым прадпрыемстве шыюць касцюмы для “Песняроў”, апранаюць артыстаў Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета і іншых вядомых беларускіх артыстаў. Касцюмы для “Ярыцы” шыюць майстры высокага класа. Пасля прымеркі артысты былі ў захапленні:
— Касцюмы аформлены ў нацыянальным стылі, блакітнага колеру, з аксаміту, арыгінальная вышыўка і карункі, чаравічкі — усё гэта не магло нам не спадабацца і не выклікаць захаплення. Спадзяюся, што наша новае сцэнічнае адзенне, а таксама песні спадабаюцца і гледачам, —дзеліцца ўражаннямі ўдзельніца “Ярыцы” Марына Станіславаўна Голубева.
Народны ансамбль “Ярыца” добра ведаюць не толькі на Мастоўшчыне, але і за межамі раёна ён часта выступае з канцэртамі. Перафразіраваўшы народную мудрасць можна зазначыць: за песні гледачы любяць “Ярыцу”, але сустракаюць артыстаў усё-такі па адзенні.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад