Яе арганізатарамі сталі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага і бібліятэка ГрДУ імя Я. Купалы.
У сакавіку споўнілася 120 год з дня нараджэнны знакамітага байкапісца. З гэтай нагоды 13 красавіка ў дзіцячым філіяле і галоўным корпусе абласной бібліятэкі імя Карскага ў Гродна ўзгадвалі яго імя чытаннямі твораў услых і шчырымі словамі.
Байкі Крапівы ў межах акцыі прачыталі пракурор Гродзенскай вобласці Віктар Марозаў, в.а. начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, рэдактар газеты “Гродзенская праўда” Павел Сухарукаў і начальнік упраўлення галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Алена Клімовіч. Творчую эстафету з радасцю перанялі школьнікі і студэнты.
– Кожная краіна мае асоб, якімі ганарыцца, – падкрэсліў Аляксандр Вярсоцкі. – Постаць Кандрата Крапівы – яскравы таму прыклад. Сілай слова ён вучыў любіць і шанаваць родную мову, і творчая спадчына пісьменніка сёння – сапраўдны падарунак кожнаму з нас.
– Творы Кандрата Кандратавіча добра знаёмы кожнаму яшчэ са школы, – адзначыў галоўны рэдактар газеты “Гродзенская праўда” Павел Сухарукаў. – Сатыра і гумар вядомага далёка за межамі прастораў Беларусі пісьменніка не згубіла сваёй актуальнасці праз стагоддзе.
– Навукоўцамі падлічана, што чалавек за сваё жыццё можа прачытаць не больш за 4000 кніг, – звярнула ўвагу ў сваю чаргу дырэктар абласной бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага Лідзія Мальцава. – Пачэснае месца сярод іх займаюць творы беларускіх пісьменнікаў. Некакторыя працы Крапівы сёння перакладзены больш чым на 20 моў, Коласа і Багдановіча – на 40, а Быкава ўвогуле больш чым на 50 моў. Беларускіх класікаў шануюць ва ўсім свеце, і мы павінны ганарыцца гэтым.
Мерапрыемства, прысвечанае творчасці Кандрата Крапівы, стала пачаткам акцыі “Чытаем разам”. Штомесяц на працягу года ў яе межах жыхарам Гродзеншчыны будут нагадваць пра спадчыну беларускай літаратуры. Так, у маі прачытаць разам прапануюць творы ваеннай тэматыкі, а ў чэрвені ў “Швейцарскай даліне” абласнога цэнтра пройдуць чытанні, прысвечаныя творчасці Элаізы Ажэшкі.
Фото Віталя ДЗЯРНЭЙКА Кацярына МАЦЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад