21 февраля 2026 — 09:18
З 15 па 22 лютага 2026 года ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь праходзіць Рэспубліканская дэкада грамадзянска-патрыятычных спраў “Афганістан у лёсе нашых землякоў”, прысвечаная 37-гадавіне вываду савецкіх войск з Афганістана.
Падзеі, звязаныя з гэтай страшнай вайной, адыходзяць у гісторыю, але мы павінны ведаць і помніць імёны герояў, імёны сваіх землякоў. Ва ўсе вякі мы шануем і паважаем салдата, абаронцу Айчыны, схіляемся перад гераізмам тых, хто вярнуўся з поля бітвы, хто аддаў жыццё, абараняючы свой дом, дзяцей, Радзіму.
Вайна не павінна паўтарыцца, але аб ёй трэба гаварыць.
У ДУА “Дубненская сярэдняя школа імя Андрэя Сцяпанавіча Данілава” прайшоў асаблівы ўрок – урок памяці "У іх лёсе была вайна...". У школу завітаў не проста госць, а сапраўдны герой, воін-інтэрнацыяналіст Мікалай Юр'евіч Малчанаў. Якія вочы былі ў дзяцей, калі яны слухалі аповед пра гарачы вецер Афганістана, пра мужнасць і страты! Гэта немагчыма перадаць праз кнігі – гэта трэба чуць. З цікавасцю слухалі, задавалі пытанні: “Ці страшна было?”, “Што дапамагала выстаяць?”.
Мікалай Юр’евіч падзяліўся сваімі ўспамінамі з навучэнцамі, расказаў пра баявыя будні, салдацкае сяброўства і каштоўнасць мірнага жыцця. У фінале сустрэчы ўсе разам схілілі галовы ў хвіліне маўчання, ушаноўваючы памяць аб тых, хто не вярнуўся з афганскай зямлі жывым. Памяць аб подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў працягвае жыць у сэрцах новага пакалення, выхоўваючы ў іх вернасць Радзіме.
Выкрасліць гэтыя даты з гісторыі немагчыма, як і забыць тых, хто гатоў быў аддаць сваё жыццё і каго ўжо няма побач з намі. Няхай гэтыя дні ў нашай краіне стануць сімвалам мужнасці і смеласці.
Алена ЯКУСЕВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад