6 красавіка 2022 г. на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Гудзевіцкая сярэдняя школа» адбыўся раённы семінар-практыкум для настаўнікаў, якія выконваюць функцыі класных кіраўнікоў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, “Духоўна-маральнае выхаванне як аснова сацыялізацыі асобы вучня”.
Адкрылі семінар-практыкум Маскевіч Людміла Іванаўна, галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Мастоўскага раённага выканаўчага камітэта, і Дубакова Юлія Міхайлаўна, метадыст дзяржаўнай установы «Мастоўскі раённы вучэбна-метадычны кабінет». Людміла Іванаўна адзначыла, што месца семінара выбрана не выпадкова. У Гудзевіцкай сярэдняй школе склалася свая сістэма духоўна-маральнага выхавання вучняў. У 2018-2021 гг. тут працавалі над рэалізацыяй інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі маральнага развіцця вучняў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара”.
Насычаная праграма семінара ўключала ў сябе як тэарэтычныя выступленні, так і адкрытыя выхаваўчыя мерапрыемствы. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Р. Ю. Вайцеховіч у сваім выступленні засяродзіла ўвагу на тым, што ў выхаванні, як і ў навучанні, на якасны вынік павінны працаваць усе сродкі. Быць маральным даступна для ўсіх. Галоўнае, каб разумелі вучні і іх бацькі, што гэта і ёсць падмурак нацыянальнай моцы і духоўнай сталасці. “Каб у дзіцячых душах узрасло пасеянае “разумнае, добрае, вечнае”, а ў свядомасці замацавалася, чалавек павінен наперад глядзець з надзеяй, назад – з удзячнасцю, уверх – з верай, а па баках – з любоўю”.
Аб узаемадзеянні ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і прыхода храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы па духоўна-маральным развіцці асобы вучняў апавядаў Мікалай Сень, пратаіерэй храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы аг. Гудзевічы. Ён зазначыў, што толькі сумесная работа бацькоў, педагогаў і соцыума можа даць станоўчы вынік. “Будзем спадзявацца, што добрае насенне ўзрасце ў дзіцячых душах і нашы дзеці вырастуць добрымі і разумнымі, сапраўднымі грамадзянамі роднай краіны”, – сказаў Мікалай Сень.
Дырэктар школы Сяргей Мармыш пазнаёміў удзельнікаў семінара з матэрыяламі, якія размешчаны на сайце школы ў раздзеле “Раённы рэсурсны цэнтр “Духоўна-маральнае выхаванне вучняў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”.
На высокім узроўні прайшлі адкрытыя мерапрыемствы: час духоўнасці «Асветнікі Зямлі Беларускай. Еўфрасіння Полацкая» (класны кіраўнік VI класа Ж. Ю. Жук), інтэрактыўная гульня «Я ў свеце людзей» (класны кіраўнік VIІІ класа С. А. Шчарбіна).
Затым была прапанавана літаратурна-музычная кампазіцыя «Гучыце, песні, да нябёсаў! Хрыстос ва ісціну ўваскрос!», падрыхтаваная вучнямі II-VI класаў пад кіраўніцтвам А. М. Чэрнік, дырэктара УК «Гудзевіцкі цэнтр вольнага часу і культуры». Дзяўчынкі сваім выступленнем стварылі сапраўды святочны настрой і падарылі часцінку дабрыні.
У завяршэнні семінара госці пабывалі на экскурсіі «Літаратурны свет Бацькаўшчыны» ва УК «Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей». Педагогі мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю таленавітых людзей, якія на працягу многіх гадоў праслаўлялі гудзевіцкую зямлю і Мастоўшчыну.
Якімі стануць сённяшнія нашы вучні, што прынясуць грамадству, калі выйдуць за парог школы? Ці сумеем мы, педагогі, бацькі, грамадскасць выхаваць іх душу, ці навучым супрацьстаяць заганам сучаснага свету? Адказ на гэтае пытанне дасць час. А мы абавязаны даць падрастаючаму пакаленню станоўчы духоўны і маральны вопыт. Таму ва ўстанове адукацыі “Гудзевіцкая сярэдняя школа” створана такая выхаваўчая прастора, якая адпавядае лепшым культурным традыцыям і базавым жыццёвым каштоўнасцям, спрыяе развіццю і станаўленню ўсебакова развітай асобы дзіцяці.
Рыта ВАЙЦЕХОВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
ДУА “Гудзевіцкая сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад