Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНаш край

“А я мару, што сюды вярнуся...”

“А я мару, што сюды вярнуся...”23 сентября 2011 — 10:00

  Сёння ў Малых Азёрках пражываюць 77 чалавек, у асноўным людзі пажылыя. На свята вёскі, якое ладзілася ў першую нядзелю верасня, сабралася больш за сотню людзей. З гэтай нагоды ў госці  прыехалі  ў родную вёску сваякі з Мінска, Баранавіч, Гродна. Як  адзначыла сельскі стараста і мясцовы бібліятэкар Лілія  Пятроўна Лукашэвіч, усе прысутныя   святкавалі і весяліліся ад душы.  Арганізавалі і падрыхтавалі  цудоўнае свята вёскі  работнікі Азёркаўскага клуба Ірына Мікалаеўна Шалястовіч і Галіна Антонаўна Шалястовіч пры падтрымцы сельскага Савета і СПК “Азяранскі”.

Вераснёўскі дзень выдаўся  на дзіва прыгожым і сонечным. Неяк і не верылася, што на двары ўжо восень. Малыя Азёркі да свята набылі прыгожы знешні выгляд: напярэдадні была  падсыпана і заасфальтавана вуліца, добраўпарадкаваны могілкі. Радуе той факт, што ў вёску зараз прыязджаюць новыя жыхары, гэтыя прыгожыя мясціны аблюбавалі дачнікі.

Ля крыжа, што стаіць у пачатку вёскі, айцец Дзмітрый  памаліўся за здароўе і дабрабыт усіх вяскоўцаў, пажадаў ім Божай ласкі, і святочная працэсія з крыжам і прыгожымі царкоўнымі спевамі накіравалася па вуліцы да месца правядзення свята, дзе вясковыя майстрыхі выставілі  саматканыя дываны і сабраліся артысты, каб упрыгожыць свята песнямі.

Свята ладзілася для людзей і ў іх гонар. Работнікі культуры і артысты добрымі словамі і песнямі славілі жыхароў, адзначылі самых адметных вяскоўцаў. Усе       адзначаныя атрымалі на памяць сувеніры. Гэта сёння пераважная большасць з іх на заслужаным адпачынку, а раней яны не пакладаючы рук  плённа працавалі на калгасных фермах, палях,  а таксама вучылі дзяцей, лячылі хворых, шылі абноўкі. Сорак гадоў адпрацаваў шафёрам у мясцовым калгасе Іван Яўстафьевіч Пачабыт. Ён прызнаўся, што за гады свайго шафёрства наездзіў кіламетраў столькі, што можна было б чатыры разы даехаць да Уладзівастока і вярнуцца назад. Былая настаўніца  Ганна Паўлаўна Філіпчык у свой час паспявала не толькі вучыць чужых дзяцей, але і дастойна выхавала чацвярых сваіх. Сёння ў гэтай прыветлівай, гаваркой і спагадлівай жанчыны шасцёра ўнукаў і адзін праўнук.  І такіх працавітых людзей у Малых Азёрках хапае. Добрых слоў за сваю працу заслужылі Валянціна Мікалаеўна Майсюк, Ніна Фамінічна Філіпчык, Марыя Мікалаеўна Пачабыт, Марыя Паўлаўна Махамет, Ніна Сцяпанаўна Фёдарава, Валянціна Мікалаеўна Махамет, Марыя Мікалаеўна Пчольнік, Іван Рыгоравіч Махамет,  Іван Рыгоравіч Васілеўскі, Мікалай Уладзіміравіч Кулеш, Мікалай Паўлавіч Філіпчык, Мікалай Міхайлавіч Філіпчык, Міхаіл Паўлавіч Галюкевіч і многія іншыя.

Гадавалая Даша Батракова зараз самая маленькая жыхарка вёскі, на свята прыйшла разам з бабуляй. І нездарма ёй дастаўся падарунак, бо з гэтай дзяўчынкай звязана наша будучыня. А самай старэйшай жыхарцы Зінаідзе Іосіфаўне Чудзілоўскай споўнілася 89 гадоў. Яе жыццё , як і жыццё многіх сяльчан, — дастойны летапіс Малых Азёрак. Самыя чорныя  ваенныя дні  назаўсёды засталіся ў памяці Аляксандра Аляксандравіча  Махамета. На жаль, узрост і хваробы не дазволілі яму  прыняць удзел у свяце, але азёркаўцы  ўдзячны гэтаму гераічнаму чалавеку за  здабытую свабоду і мірнае неба.

  Хіба можна было абысці ўвагай мацярынскі подзвіг! На свята прыйшлі восем мнагадзетных мамаў, якія дастойна выгадавалі чацвёра і больш дзяцей, сярод іх Лідзія Мікалаеўна Ануфрык, Алена Мікалаеўна Хоміч. Сёння ў іх ужо дарослыя ўнукі, падрастаюць праўнукі. Жыццё працягваецца…

  Жыццё пражыць — не  поле перайсці. Нават калдобістае поле лягчэй пераадольваць удваіх.      У гэтым цвёрда перакананы Аляксандр Аляксандравіч і Марыя Паўлаўна Махаметы, якія разам  ужо больш за 60 гадоў. Пашчасціла адзначыць залаты юбілей  Віктару Віктаравічу і Ірыне Пятроўне Майсюкам, Мікалаю Іванавічу і  Ганне Уладзіміраўне Горным, Мікалаю Паўлавічу і Ніне Фамінічне Філіпчыкам, Івану Яўстафьевічу і Марыі Мікалаеўне Пачабытам, Мікалаю Міхайлавічу і Ніне Аляксандраўне Філіпчыкам. Каханне і згода дапамагаюць і сёння гэтым і іншым паважаным парам пераадольваць і хваробы, і нязручнасці вясковага быту. Іх сямейнае даўгалецце заслугоўвае павагі, залатым  юбілярам  прысутныя дружна пракрычалі “горка” і падарылі песні .

  Разам з жыхарамі Малых Азёрак святкавалі старшыня Азёркаўскага сельвыканкама  Сяргей Валяр’янавіч Каспяровіч  і дэпутат сельскага Савета  і жыхарка гэтай  вёскі Алена Яўгенаўна Кумпан. Сяргей Валяр’янавіч уручыў  Ірыне Пятроўне Майсюк прыз за прыгожы  падворак, дзе ад ранняй вясны да позняй восені  красуюць  і радуюць вока розныя кветкі.

  У Малых Азёрках, што ні хата — цудоўнымі людзьмі багата, прыгожымі і працавітымі ад душы, хоць аб кожным кнігу тут пішы...  

  Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ                                   На здымках: цікавыя і захапляючыя імгненні свята вёскі Малыя Азёркі.

Фота І. АПАЛОНАВАЙ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио