Ёсць людзі, якія адразу выклікаюць да сябе прыхільнасць. Прыемная ўсмешка, адкрыты добразычлівы погляд, мяккі голас, спакойная інтанацыя многае могуць расказаць аб сваім уладальніку яшчэ да знаёмства з ім.Як у выпадку з Валянцінай Іванаўнай Залеўскай, якая сёлета стала фіналісткай раённага конкурсу “Жанчына года” і была адзначана ў намінацыі “За дасягненні ў выхаванні дзяцей”.Душэўная, спагадлівая, добразычлівая жанчына, чалавек з асаблівым пачуццём адказнасці – так характарызуюць Валянціну Іванаўну сябры і калегі па рабоце.
Нарадзілася і вырасла жанчына ў вёсцы Малыя Азёркі. Пасля вучобы ў Навагрудскім гандлёва-эканамічным тэхнікуме вярнулася ў родны раён. Працавала ў раённым аддзеле сацыяльнай абароны, сельгастэхніцы і вось на працягу ўжо шаснаццаці гадоў – у цэнтралізаванай бухгалтэрыі аддзела культуры. Валянціна Іванаўна вядзе адзін з самых складаных і адказных участкаў бухгалтарскай работы – налічэнне заработнай платы работнікам культуры.
— Мае памылкі – на дзвюх нагах, — паўжартам гаворыць наша субяседніца, — калі што не так – абавязкова “патурбуюць” свайго бухгалтара.Адным з галоўных жыццёвых прыярытэтаў Валянціны Іванаўны з’яўляецца яе сям’я — дом, які яны з мужам Генадзем Віктаравічам пабудавалі сваімі рукамі, бязмежна любімыя дзеці і ўнукі.
— Старэйшы сын Аляксандр скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і працуе ляснічым Лунненскага лясніцтва. У яго сям’і падрастаюць дзве дзяўчынкі – Арына і Надзея, хутка чакаюць трэцяга малыша, — расказвае пра родных Валянціна Іванаўна. – Сыночка Аляксея гадуе дачка Алена з мужам. Абодва яны працуюць у падатковай інспекцыі нашага раёна. Малодшая Святлана ў нас цырульнік, крыху больш за месяц таму яна стала мамай – у яе нарадзілася дачушка Дашка. Так што нашы любоў і клопат зараз дзеляцца на чатырох унучанят…Калі размова зайшла пра ўнукаў, якія вельмі любяць бываць у гасцях у бабулі і дзядулі, твар Валянціны Іванаўны яшчэ больш пасвятлеў і падабрэў.
— Усе жывуць побач, у Мастах, таму у выхадныя дні збіраюцца разам у нашым доме, — працягвае субяседніца. – У мінулую суботу, напрыклад, у нас працаваў “цэх” па пера-працоўцы бярозавага соку. А хутка святы – так што будзем пячы пірагі. Калі дзеці былі яшчэ малымі, мы ўключаліся ў гэты працэс усёй сям’ёй. Цяпер усё большую цікавасць праяўляюць унукі.
Як сцвярджаюць сябры і знаёмыя Валянціны Іванаўны, пірагі ў яе і сапраўды атрымліваюцца смачныя, пышныя і духмяныя. Аднойчы жанчыну папрасілі прыгатаваць іх на вяселле. Па словах Валянціны Іванаўны, у той раз яна вельмі хвалявалася, перажывала, але пірагі ўдаліся на славу.
Дарэчы, як і ўсё ў дбайнай гаспадыні: утульны дагледжаны дом, прыгожыя кветкі ў двары, што радуюць вока з ранняй вясны і да позняй восені, разнастайныя марынады, джэмы ды варэнні, якія гатуюцца адразу на чатыры сям’і.Нельга не расказаць і пра яшчэ адно захапленне Залеўскіх – гэта лес. Раней грыбы і ягады збіраліся адразу у пяць пар рук. Зараз працэс нарыхтовак лясных дароў поўнасцю ляжыць на мужы нашай субяседніцы, які вось ужо 33 гады з’яўляецца яе апорай і падтрымкай. Генадзь Віктаравіч працуе майстрам у Мастоўскім лясніцтве.
Па словах яго родных, гэта душа кампаніі, а дома – добры і ўраўнаважаны чалавек, які заўсёды знойдзе час і патрэбныя словы, каб падтрымаць жонку, пагутарыць з дзецьмі і даць ім добрую параду, пазабаўляцца з унукамі. Жыхары левабярэжжа паважаюць яго за актыўнасць, нераўнадушша, адказнае стаўленне да даручанай справы. Не выпадкова Генадзь Віктаравіч з’яўляецца дэпутатам раённага Савета, а таксама абраны старастам прыходу Храма Святой праведнай Сафіі княгіні Слуцкай, што будуецца ў левабярэжнай частцы горада. Прычым, Валянціна Іванаўна ў гэтай справе таксама дапамагае мужу.Вось такія шчырыя адносіны клопату, сардэчнай цеплыні і павагі адзін да аднаго пануюць у дружнай сям’і Залеўскіх. А большага, як адзначыла Валянціна Іванаўна на развітанне, і не трэба.
Н.ШЭЎЧЫКФота з сямейнага архіва сям’і Залеўскіх
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад