У экспазіцыі – самыя розныя велікодныя яйкі.
Выстава “Велікоднае сугучча. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва беларуска-літоўскага памежжа” – гэта першае сумеснае мерапрыемства, што ладзіцца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Культурная спадчына па абодва бакі мяжы”. Рэалізуецца яно па Праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія–Літва–Беларусь на 2014–2020 гады”.
У экспазіцыі – самыя розныя велікодныя яйкі. Значную частку складаюць знакамітыя сапоцкінскія пісанкі са збораў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея, якія яшчэ ў 1930-я гады, падчас этнаграфічных экспедыцый сабраў першы дырэктар музея Юзаф Ядкоўскі. Са збораў музея гісторыі рэлігіі прадстаўлены творы знакамітых майстроў Гэлены Зайко і Антаніны Юрчэні. Цікава, што традыцыя васкавання, агульная для беларусаў і літоўцаў, захавалася па сёння. Да прыкладу, у Сапоцкіне. І нават набыла статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Дакладна цікавымі будуць і больш сучасныя экспанаты. Сярод іх – яйкі, дэкарыраваныя тканінай, саломкай, распісаныя, гравіраваныя. Выраблены яны майстрамі з Беларусі і Літвы Аленай Чумрай, Астай Чмукене, Аленай Сідзякінай, Марынай Ярэмчык. Усяго ў экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 200 сімвалаў Вялікадня.
Дапаўняюць выставу выцінанкі, ці карпіняй, як іх называюць у Літве, Дыяны Лукашунайце, а таксама саламяныя сады Лаймы Гягужыце-Савішчавене. Дарэчы, яны вельмі падобныя да распаўсюджаных некалі ў нас “павукоў” з саломкі, што падвешваліся над сталом.
Адкрыццё выставы адбудзецца 18 красавіка а 16-й гадзіне. Гасцей у гэты дзень чакае не толькі захапляльная экскурсія, але і шмат іншых цікавостак. Напрыклад, можна будзе навучыцца роспісу яек гарачым воскам ці зрабіць сучасны варыянт і дэкарыраваць галоўны сімвал Вялікадня тканінай. Таксама ў планах – майстар-клас па ўпрыгожванні вербаў ад гродзенскіх майстроў сясцёр Дамінікаўнаў. Дапоўняць святочную атмасферу традыцыйныя гульні з яйкамі. Сярод іх – нешта накшталт боўлінга. Толькі ў паменшаным варыянце.
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад