Сярод мноства мерапрыемстваў, якія праводзіліся і праводзяцца ў Мілявіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, прымеркаваных да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гэтае мерапрыемства застанецца, напэўна, даўжэй у памяці, чым іншыя. Застанецца нават на вякі. Бо мы садзілі алею славы, алею памяці.
23 красавіка акцыя сабрала вельмі многа жадаючых. Тут былі і старшыня Курылавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Каспіровіч Сяргей Валяр’янавіч, і дэпутаты мясцовага савета Рахунак Таццяна Мікалаеўна, Русак Аляксандр Аляксандравіч, і стараста аграгарадка Мілявічы Галоўка Таццяна Мікалаеўна, і педагогі Мілявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, і, канечне, навучэнцы Мілявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, наша падрастаючае пакаленне, члены БРПА і БРСМ. Вялікую дапамогу аказвалі і работнікі КСУП “Азяранскі”.
Дрэвы: елкі, бярозы і клёны – былі высаджаны і паліты. 75 дрэў – 75 гадоў мірнага жыцця. 75 дрэў – гэта і 75 зямных паклонаў усім тым, хто загінуў у Вялікай Айчыннай вайне. Памяць – гэта неад’емная частка як кожнага асобнага чалавека, так і ўсяго народа. Без памяці няма будучыні.
У асноўным новыя алеі былі разбіты ля возера і старога дзіцячага сада. Але выпускнікі пажадалі яшчэ высадзіць рад елак і ля школы.
Пасадка алей талакой пакінула добрае ўражанне, выклікала самыя добрыя пачуцці: узаемадапамогі, радасці, упэўненасці ў свае сілы, у будучыню.
Пашкевіч В.У.,
настаўнік Мілявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад