Вось ужо 146 гадоў Свята-Мікалаеўская царква ўпрыгожвае цэнтр аграгарадка Пескі, прывячае як мясцовых веруючых, так і з навакольных вёсак. Гісторыю гэтага праваслаўнага храма, што яскрава адлюстроўвае сувязі паміж мінулым і сучасным, нам расказала прыхаджанка, жыхарка Песак і пастаянная падпісчыца “Зары над Нёманам” Валянціна Пятроўна Якубік. На працягу трох гадоў яна па крупінах збірала звесткі пра царкву і святароў, што верай і праўдай служылі Богу і людзям.
Будаўніцтва каменнай царквы на гандлёвай плошчы мястэчка Пескі распачалося ў 1868 годзе. За аснову быў узяты праект царквы, пабудаванай у сяле Палонка (Сядзельнікі), разлічанай на 300 чалавек. Згодна са складзеным каштарысам, неабходная для работы сума была вызначана ў памеры 8 тысяч 634 рублёў 75 капеяк. Грошы былі вы-дзелены ўладальнікам маёнтка Масты (цяпер аграгарадок Масты Правыя), да якога адносіліся і Пескі, Аляксандрам Іванавічам Азнабішыным. Тут жа, каля царквы, знаходзіцца і магіла стацкага саветніка, камергера двара, ганаровага міравога суддзі Гродзенскай губерніі А.І.Азнабішына.
Сумеснымі намаганнямі храм узвялі за два з невялікім гады. На яго пабудову было зрасходавана 29,69 куба буйнога каменю, 3,75 – цаглянага шчэбеню, 26,084 – цэглы “жалезнага” выгляду, 199,260 – чырвонай цэглы, 0,5 куба гліны. За работу майстрам было заплачана 1 855 рублёў.
6 снежня 1870 года царкву асвяцілі, аб чым сведчыць надпіс на прастольным крыжы.
З “Летапісу прыходскай СвятаМікалаеўскай царквы ў сяле Самуйлавічы Гродзенскай губерніі Ваўкавыскага ўезда і благачыння” даведваемся, што 16 кастрычніка 1919 года ў Пескаўскі прыход быў назначаны святар Васілій Іванюк. Айцец Васілій жыў у вёсцы Туры, у царкоўным доме, абслугоўваў Пескаўскі, Бялавіцкі і Самуйлавіцкі прыходы. Людзі былі задаволены, бо мелі магчымасць хоць раз у месяц выслухаць божую літургію.
Той жа дакумент сведчыць, што 7 жніўня 1929 года Свята-Мікалаеўскую царкву ў Песках наведаў Архіепіскап Гродзенскі і Навагрудскі Аляксей. Пры ўездзе ў мястэчка ўладыку вітаў войт Пескаўскай гміны Г.Садоўскі і прапанаваў ўскласці вянок з жывых кветак да магілы Невядомага воіна. У цэнтры вёскі Архіепіскапа сустракалі яўрэі і праваслаўныя вернікі. Пасля службы ў СвятаМікалаеўскай царкве ўладыка Аляксей накіраваўся ў Пацавічы, у царкву Святой Ганны.
У тым, што ў гады ганення на рэлігію, храм у Песках працягваў працаваць, вялікая заслуга настаяцеля Канстанціна Васільевіча Краскоўскага, які прыехаў у мястэчка ў 1931 годзе. Пасля таго, як яго абранніца памерла ад менінгіту за два дні да вянчання, ён прыняў абет бясшлюбнасці. Кватараваўся айцец Канстанцін ў сям’і каталікоў Сямашкаў. Як успамінае сын гаспадароў Станіслаў Вітольдавіч Сямашка, ён “вучыў старэйшых дзяцей рабіць навагоднія гірлянды з паперы, упрыгожваць ёлку, наладжваў сумесныя невялікія прадстаўленні”.
У памяці многіх прыхаджан ён застаўся узорам святара.
Расказваюць, што з-за празмернага ганення і пагроз, настаяцель Канстанцін вымушаны быў напісаць ліст самому Сталіну, з якім вучыўся ў духоўнай семінарыі. Мясцовая жыхарка Надзея Савельеўна Варановіч успамінае, што сваё пісьмо ён пачаў словамі: “Здравствуй, Коба!”, а так да Сталіна звярталіся толькі блізкія людзі. Святар атрымаў адказ на сваё пісьмо, і царква не была зачынена, тут нават дазвалялася званіць у званы.
Пасля смерці вернікі хацелі пахаваць святара Канстанціна каля Пескаўскай царквы, служэнню ў якой ён аддаў усё жыццё, аднак улады не дазволілі. Яго магіла знаходзіцца на могілках у Самуйлавічах.
У складаны час давялося служыць Богу і людзям і святару Аляксандру Малашку. Больш за дваццаць гадоў ён праслужыў у Мастах, у Свята-Ільінскай царкве. Пасля некалькі гадоў -- у Бялавічах, куды дабіраўся пешшу. Апошнім яго прыходам стала СвятаМікалаеўская царква ў Песках. На службу ён ездзіў з Мастоў рэйсавым аўтобусам. Прыхаджане ўспамінаюць яго як чалавека добрай і шчодрай душы, які ўмеў выслухаць і суцешыць кожнага. Ён ніколі нікому не адказваў, калі да яго звярталіся за дапамогай ці парадай. За сваю службу быў узнагароджаны галаўным уборам – Мітрыяй.
Справу сваіх папярэднікаў прадоўжылі браты Шэлесты – святары Сергій (Сяргей Фёдаравіч) і Вадзім (Вадзім Фёдаравіч). Турботамі настаяцеляў пры значнай фінансавай падтрымцы мясцовага рамонтнага завода быў праведзены рамонт унутранага інтэр’ера царквы і будынка звонку, з’явілася новая ўваходная брама, прыведзены ў парадак двор, пабудаваны дом для святароў. У 2007 годзе да храма было падведзена ацяпленне. Дагледжаны выгляд, дзякуючы ўстаноўленай агароджы, набылі мясцовыя могілкі. У гэтыя гады пры царкве дзейнічала Нядзельная школа.
На працягу многіх гадоў над храмам і наваколлем прыгожа гучалі царкоўныя званы. Гэтым цудам умела кіраваў Міхаіл Мікалаевіч Чубрык, які быў сапраўдным майстрам сваёй справы.
З 2008 года настаяцелем СвятаМікалаеўскай царквы ў Песках з’яўляецца айцец Віктар (Віктар Віктаравіч Шнайдар). Ён актыўна супрацоўнічае з мясцовай школай, дзе прывівае падрастаючаму пакаленню духоўнамаральныя каштоўнасці праз дзейнасць факультатыва “Асновы праваслаўнай культуры”.
Прыхаджане спа-дзяюцца, што з цягам часу гісторыя храма, з якой можа пазнаёміцца кожны вернік, стане сапраўдным летапісам, які будуць папаўняць і чытаць ужо іх нашчадкі.
Н.ШЭЎЧЫК
У публікацыі
выкарыстаны звесткі і фотаздымкі, прадстаўленыя рэдакцыі В. Якубік
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад