12 ліпеня 1944 года 250-я, 323-я, 348-я і іншыя стралковыя дывізіі працягвалі наступленне на захад. Праціўнік упарта супраціўляўся, неаднаразова контратакаваў, але вымушаны быў у паніцы адступаць пад агнём нашых войск.
Жорсткія баі ішлі ў наваколлі нашага раённага цэнтра, фашысты ўпарта чапляліся за кожную вогненную кропку і вышыню, за кожны населены пункт. У баях паміж Левымі Мастамі і Навінкамі 12 ліпеня 1944 года было знішчана каля 500 нямецкіх салдат і афіцэраў. Камандзір кулямётнага разліку кулямётнай роты 1090-а стралковага палка 323-й стралковай дывізіі старшы сяржант Васіль Жукаў у гэты дзень са станкавага кулямёта адбіў тры контратакі, у час чацвёртай загінуў сам. За тое, што цаной асабістага жыцця 22-гадовы воін, былы партызан, выратаваў жыццё многіх байцоў, яму пасмяротна было прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза.
250-я стралковая дывізія праследавала праціўніка ў напрамку вёскі Пескі. Трэба сказаць, што дарога Шчучын – Ваўкавыск дазваляла гітлераўцам падцягваць да Мастоў рэзервы і боепрыпасы. Таму роце капітана Малыгіна было загадана перарэзаць яе ў раёне вёскі Пескі. Падчас бою ў дадзенай мясцовасці было знішчана да сотні фашыстаў, захоплена аўтамашына і 60 фурманак з самым розным грузам. Перакрыўшы дарогу, нашы байцы пазбавілі варожы гарнізон надзеі на падмацаванне.
Адчайнае супраціўленне ворага сустрэлі савецкія падраздзяленні і на рубяжы Ядвінава – Асаўляне – Крушына. Пад моцным агнём праціўніка пехацінцы вымушаны былі спыніцца і акапацца. Пасля артпадрыхтоўкі дывізія зноў працягвала наступленне.
У вызваленні населеных пунктаў Мастоўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў удзельнічалі таксама воіны 283-й стралковай Гомельскай Чырванасцяжнай дывізіі. Дзякуючы мужнасці салдат былі вызвалены ад ворага Пацавічы, дзе і сёння беражліва захоўваюць памяць пра разведчыка Пятра Чарменнага, які разам з разведгрупай з’явіўся ў вёсцы напярэдадні фарсіравання ракі Зяльвянка. У перастрэлцы з фашыстамі ён загінуў, а пасля адступлення варожых войскаў мясцовыя жыхары пахавалі маладога афіцэра на ўскрайку вёскі, даведаўшыся пра яго імя толькі праз трыццаць гадоў.
12 ліпеня 1944 года другі батальён 1018-а стралковага палка 269-й стралковай дывізіі пад камандаваннем капітана Д. Карпука пераправіўся цераз раку Зяльвянка каля вёскі Боркі, з ходу ўварваўся ў абарону ворага і завязаў бой. У той жа дзень была вызвалена ад нямецкага ярма вёска Вялікая Рагозніца.
(Працяг у наступных нумарах)
Падрыхтавала Н. ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад