Сёлета 1 мая круглую дату з дня нараджэння адзначыла ветэран педагагічнай працы, кіраўнік клуба “Аптыміст” Валянціна Пракапюк. З гэтай нагоды да віншаванняў юбіляркі далучыліся прафсаюз і раённы савет ветэранаў.
У Валянціны Рыгораўны ёсць чаму павучыцца. Напрыклад, як не губляць сілы духу і нягледзячы ні на што з пазітывам і аптымізмам ісці наперад. Ці як нават у паважаным узросце заставацца прывабнай і жаноцкай. Яна падскажа, як пераадолець выпрабаванні лёсу і не ачарсцвець душой. Абавязкова дасць параду, як сумясціць здавалася б не сумяшчальнае: артыстычныя схільнасці і талент педагога ад Бога…
А ўсё таму, што самой юбілярцы усё ўдалося: пражыць складанае, але такое цікавае і змястоўнае жыццё, заслужыць павагу ад калег і словы ўдзячнасці ад вучняў, ажыццявіць дзіцячую мару … у пенсійным узросце, выгадаваць дзяцей, унукаў і дачакацца праўнукаў – ды не аднаго, а цэлых дзевяць!
– З дзяцінства марыла быць артысткай, а атрымалася так, што 35 гадоў працавала ў школе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, – расказвае Валянціна Рыгораўна. – Ніколі не пашкадавала аб сваім выбары і з прыемным задавальненнем жыву ўспамінамі аб маладосці, аб школе, любімай рабоце, аб тых, хто прайшоў праз маю душу і сэрца. Лічу, што настаўнік – гэта таксама артыст, пры тым, адмысловы – ён не мае права схлусіць сваім вучням, сфальшывіць у сваіх пачуццях, ён не можа паспяхова выканаць сваю ролю непадрыхтаваным і без любві да дзяцей…
Выпрабаванні ваеннага часу, якія выпалі на дзіцячыя гады Валянціны Рыгораўны, умацавалі яе характар і выпрацавалі жыццёвыя прынцыпы. Любімая работа прынесла асэнсаванне правільнасці выбранага шляху, а захапленне творчасцю – духоўна напаўняе жыццё юбіляркі. Прычым, свой творчы патэнцыял, а разам з ім і дзіцячую мару стаць артысткай і выступаць на сцэне, Валянціна Рыгораўна пачала рэалізаваць, пайшоўшы на заслужаны адпачынак.
Чвэрць стагоддзя яна была нязменнай вядучай канцэртных праграм і старастай народнага хору ветэранаў вайны і працы Мастоўскага раённага цэнтра культуры “Надзея”. Больш за два дзесяцігоддзі наша суразмоўца ўзначальвае клуб ветэранаў педагагічнай працы “Аптыміст”. А яшчэ яна піша вершы і ўжо не раз друкавалася ў раённай газеце. Вось такі прыклад актыўнай жыццёвай пазіцыі, няўрымслівасці, нераўнадушша, працавітасці і аптымістычнага погляду на жыццё!
– Мы на Вас раўняемся, Валянціна Рыгораўна, і жадаем яшчэ на доўгія гады моцнага здароўя, бадзёрасці і аптымізму. Няхай і далей у Вас хапае сіл і часу на ўсе Вашы справы і захапленні. Няхай родныя дораць толькі ўвагу, клопат і любоў, а ўнукі і праўнукі радуюць сваімі поспехамі, – выказалі пажаданні старшыня Мастоўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Новік і старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Сераброўская. А дапаўненнем да шчырых слоў і прыгожых букетаў кветак стала Ганаровая грамата Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, падмацаваная грашовай прэміяй.
– Гэта Вам Валянціна Рыгораўна, ад прафсаюза – крышку папесціць сябе, – з добрай усмешкай перадала канверт юбілярцы Таццяна Новік. – Няхай гэта застанецца прыемным напамінам пра Ваш прыгожы сёлетні юбілей.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад