Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам. У сумцы Наталлі Сцяпанаўны Юрахно, паштальёна аддзялення сувязі №2 г. Масты, многа самай разнастайнай інфармацыі. Па арганізацыі падпіскі на асноўныя перыядычныя выданні яна двойчы ў трэцім і чацвёртым квартале бягучага года прызнавалася ў раёне лепшай. Толькі 283 экземпляры “Зары над Нёманам” дастаўляе яна сёння сваім падпісчыкам. У планах Наталлі Сцяпанаўны на будучы год мастаўчанам раёнкі выпісаць яшчэ больш. І мы, журналісты, упэўнены, што з яе дапамогай сяброў у мясцовай газеты стане больш.
У перыяд падпісной кампаніі ў Наталлі Сцяпанаўны, ды і ў астатніх паштальёнаў таксама, самая напружаная праца. Да кожнага патэнцыяльнага падпісчыка трэба зайсці дамоў, а бывае, што і некалькі разоў. За цэлы дзень находзіцца паштальён па лесвіцы ўверх-уніз (усе кліенты Наталлі Сцяпанаўны жывуць у шматпавярховых дамах), што вечарам ногі гудуць ад стомы. Затое прыемна, што ўсе жадаючыя засталіся са сваімі любімымі перыядычнымі выданнямі.
Асаблівай павагі патрабуюць пажылыя мастаўчане, а такіх нямала пражывае на ўчастку Н.С.Юрахно. Каму самому цяжка спусціцца да паштовай скрынкі, таму Наталля Сцяпанаўна газету ці часопіс занясе ў кватэру, і не толькі газету. Яны з дапамогай паштальёна, не выходзячы за межы кватэры, аплачваюць розныя рахункі: за камунальны паслугі, тэлефон, газ, электраэнергію і іншае. А іншы раз проста па-свойску просяць паштальёна затрымацца ў іх лішнія пяць хвілін, каб падзяліцца словамі аб набалелым. Ну, як тут адмовіць чалавеку і не даставіць прыемнае!..
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
На здымку: паштальён аддзялення сувязі №2 г. Масты Наталля Сцяпанаўна ЮРАХНО. Фота С. ЗВЯРОВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад